Беларуская Служба

Актывісты абураныя. Коні застаюцца на папулярнай трасе

07.03.2025 06:17
Адбудуцца сур'ёзныя змены ў транспарце на папулярным турыстычным маршруце ў польскіх Татрах, да возера Марское Вока.
Аўдыё
  • Актывісты абураныя. Коні застаюцца на папулярнай трасе
Траса на Марское ВокаPAP/Grzegorz Momot

Транспарт турыстаў павозкамі здаўна выклікае канфлікт паміж грамадскімі актывістамі, абаронцамі правоў жывёлы і рамізнікамі. У сеціве неаднаразова кружылі здымкі знясіленых коней, якія падалі на трасе да Марскога Вока.

У выніку змен на конях можна будзе праехаць на ўчастку працягласцю 2,5 кіламетра (раней коні вазілі турыстаў на ўсёй трасе працягласцю 7 км). Адзначаецца, што павозкі будуць таксама лягчэйшыя. Пасля 2-х кіламетраў турысты змогуць перасесці на электробусы.

Функцыя конных экіпажаў цалкам зменіцца, кажа міністр клімату і навакольнага асяроддзя Паўліна Хеніг-Клоска:

- Коні, якія сёння працуюць на Марскім Воку, будуць культурніцкім элементам Падгаля. Яны сыдуць з цэлага 7-кіламетровага адрэзку, застануцца на 2,5 кіламетрах ніжняга адрэзку трасы.

Змены павінны ўступіць у сілу да канца года. Чакаецца, што да таго часу дэталі будуць удакладненыя.

- Гэта кампраміс, які ўлічвае і нашы інтарэсы. І нашу даўнюю традыцыю, — кажа прадстаўнік рамізнікаў Уладзіслаў Навабільскі. - Мы захавалі нашую рэгіянальную культуру ў нязменнай форме. Жывым элементам гэтай культуры з'яўляюцца павозкі. Мы хочам, каб турысты мелі магчымасць такога досведу.

Бакі пагаднення адзначаюць, што новыя рашэнні сталі адказам, у тым ліку, на супраціўленне абаронцаў жывёл, якія гадамі патрабавалі поўнага скасавання конных экіпажаў, сцвярджаючы, што гэта катаванне коней.

Праблемай коннага транспарту на маршруце на Марское Вока фонд «Viva!» займаецца больш за дзясятак гадоў. Фонд б'е трывогу, што пагадненне аб будучыні транспарту на маршруце распрацоўвалася без удзелу грамадскага боку, а яны пра справу даведаліся са СМІ, дадаючы, што распрацаванае рашэнне некарыснае для коней. Патрабаванне ліквідацыі коннага транспарту на Марское Вока падтрымліваюць 68% палякаў.

У фондзе звяртаюць увагу, што іх, як грамадскі бок у працы над зменамі абмінулі, хаця перад выбарамі цяперашняя кіруючая кааліцыя абяцала, што грамадскі голас вернецца ў публічную дыскусію і будзе пачуты.

Анна Плашчык з кампаніі «Ратуй коней» гаворыць, што гэты выпадак яскрава паказвае: гэтыя абяцанні былі пустымі:

- Справа не ў тым, што фонд «Viva!» быў праігнараваны. Усё грамадства засталося па-за ўвагай, бо 68% палякаў хочуць ліквідацыі гэтага транспарту. І самае сумнае ва ўсёй гэтай гісторыі, што вынікі новай дамоўленасці прызналі паспяховымі. Абвешчаны поспех, які не з'яўляецца поспехам, які замацоўвае пакуты коней на гэтым маршруце на доўгія гады. Мы спадзяваліся, што аўтобусы, якія будуць уведзены на маршруце, стануць альтэрнатывай павозкам, што турысты змогуць галасаваць сваім кашальком, яны змогуць выбіраць электрычны транспарт, і такім чынам конны транспарт стане ганебнай гісторыяй.

Анна Плашчык нязгодная са словамі міністаркі, якая лічыць, што коням будзе лягчэй. Актывістка нагадвае, што ўчастак, на якім коні застануцца, даволі круты:

- Эксперты прама кажуць, што падчас пад'ёму ёсць перагрузка, але падчас спуску цяжар значна большы, таму што коні павінны выкарыстоўваць сілу ўласных цягліц, каб запаволіць павозку. Гэтыя коні вельмі хутка стамляюцца ад такой нагрузкі. Нагадаю, што ў сярэднім жывёла працуе на маршруце тры гады. Больш за 60% коней, якія перастаюць ездзіць па трасе, ідзе на забой. Яны заканчваюць як мяса, таму што ніхто больш не хоча купляць гэтых коней, таму што яны непрыдатныя для іншай працы. Палякаў найбольш абурае тое, што гэтыя коні, якія прыносяць гаспадарам вялікія прыбыткі, трапляюць на бойні, а не на зялёныя лугі. Гэта недапушчальна. Прасцей прадаць каня на бойню і за атрыманыя грошы купіць новага, чым траціць вялізныя грошы на яго лячэнне. У мяне сумная думка, што гэта не зменіцца, што гэтыя коні так і застануцца на гэтым двухкіламетровым участку, што рана ці позна іх таксама чакае бойня, таму што мы не ў стане змяніць менталітэт горцаў і іх стаўленне да гэтых жывёл.

Фонд «Viva!» заяўляе, што не адмовіцца ад барацьбы за ліквідацыю коннага транспарту на Марское Вока. Паводле апытанняў грамадскай думкі, гэты пастулат падтрымліваюць 68% палякаў.

ав

слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Экалогія ў сучасным свеце