Беларуская Служба

«Эміграцыя раўназначная таму, што частка твайго мозгу памірае»

09.03.2025 06:02
«Гэта велізарная частка твайго жыцця, якую ты губляеш, і вымушаны нанова адбудоўваць яго» – гісторыя беларускай эмігранткі Веранікі.
Аўдыё
  • «Эміграцыя раўназначная таму, што частка твайго мозгу памірае»
Эміграцыяshutterstock.com/Song_about_summer

Складаныя часы даводзілася пераадольваць у адзіноце

Вераніка – спецыяліст у сферы ІТ, займаецца бізнес-аналізам і сістэмным аналізам. У Польшчу яна рэлакавалася разам са сваёй кампаніяй, а праз нейкі час заснавала ўласную справу і цяпер працуе толькі на сябе.

Яна згадвае, што пасля пераезду яе чакалі даволі складаныя часы, якія даводзілася пераадольваць у чужой краіне без падтрымкі.

– У мяне там не было знаёмых, сяброў, толькі калегі. Калі я рэлакавалася, то спадзявалася, што гэта будзе маё кам'юніці, мы пазнаёмімся і будзем сябраваць. Але жыццёвая рэальнасць аказалася іншай – я засталася ў новым горадзе адна. Гэта было складана, бо я даволі сацыяльная асоба і мне патрэбна блізкае асяроддзе. Таму я сама пачала шукаць кам'юніці, іншых айцішнікаў і сяброў, каб мець падтрымку.

Кожнаму з нас патрэбен свой чалавек

Цікава, што сяброў і блізкіх па духу людзей Вераніка пачала шукаць праз жаночыя чаты. Яна кажа, што праз нейкі час гэта дало вынік. Спачатку яна знаёмілася з дзяўчатамі, а пасля трапіла ў беларускае асяроддзе, пазнаёмілася з украінцамі і польскімі жанчынамі.

– Праз паўгода мне стала значна лепш, бо з’явіліся людзі, блізкія маім поглядам. Кожнаму з нас патрэбен свой чалавек – гэта якраз пра гэта. Я стала больш упэўненай у сабе, пачала наведваць розныя івэнты з палякамі, украінцамі, удзельнічала ў мерапрыемствах польскіх жанчын, якія ладзілі публічныя выступы ў стылі TED. Я не вельмі добра ведаю польскую мову, але мне падабалася стаўленне да мяне. Пазнаёмілася з жанчынай з Гданьска, якая дапамагала мне з перакладам. Так я пачала адчуваць сябе больш упэўнена ў новай краіне.

Ёсць мара, але пакуль толькі мара…

У прафесійнай сферы ў Веранікі ўсё складвалася лепш, бо яна ўжо мела значны досвед і добра сумяшчала тэхнічныя веды з камунікацыяй у бізнесе. Дзяўчына кажа, што калі ў яе прафесіі людзі дасягаюць пэўнага ўзроўню, перад імі адкрываюцца новыя магчымасці. Таму і ў яе з’явілася мара – стварыць сваю школу, дзе б я навучала іншых soft skills: як камунікаваць, кіраваць людзьмі і развіваць лідэрскія навыкі.

– Так, штучны інтэлект уносіць карэктывы і змяняе рынак. Праграмаванне і напісанне кода ён зможа рабіць сам ужо ў бліжэйшы час. Але soft skills, камунікацыя і адносіны паміж людзьмі – гэта тое, што штучны інтэлект пакуль не можа адчуваць. Тут вялікую ролю адыгрываюць эмацыйны інтэлект і невербальная камунікацыя. На гэта яму спатрэбіцца значна больш часу.

Найбольшая падтрымка – ад бацькоў

Пераводзячы размову да бытавога жыцця ў чужой краіне, Вераніка прызнаецца, што не вельмі добра спраўляецца з арганізацыйнымі пытаннямі. Але яна знайшла людзей, якія дапамагалі з легалізацыяй, дакументамі і іншымі фармальнасцямі. Для яе прасцей было заплаціць тым, хто ведае, як гэта зрабіць, чым займацца гэтым самой. Ды і асаблівай падтрымкі яна ні ад каго не мела.

— Найбольш мяне падтрымлівалі бацькі, асабліва мама. Але яны жывуць у Беларусі. Ну і ўсё…

«У пэўны час мае сяброўкі з Беларусі перасталі мяне разумець»

Што датычыцца сяброў, з якімі яна падтрымлівала анлайн-кантакты, то з цягам часу яны перасталі разумець яе.

– Гэта натуральна, бо мы жывём у розных краінах. У Польшчы свае праблемы, у Беларусі – іншыя. Некаторыя мае сяброўкі пераехалі ў Азію – і там у іх таксама зусім іншае жыццё. Першы час мне было цяжка, але калі я знайшла блізкіх сабе людзей, з’явіліся агульныя праблемы, інтарэсы і справы. Мы жывём у адной краіне, адным горадзе і лепш разумеем адзін аднаго.

Калі частка твайго мозгу памірае

Вераніка прызнаецца, што дагэтуль не адчувае пад нагамі трывалай глебы. Але з часам усё становіцца на свае месцы. З’яўляецца больш знаёмых, частыя паездкі ў іншыя гарады дапамагаюць лепш разумець краіну і людзей. Паступова знікае страх перад невядомым. І прыходзіць усведамленне таго, чым на самой справе з’яўляецца эміграцыя.

– Гэта раўназначна таму, што частка твайго мозгу памірае. Як калі ты разрываеш адносіны з блізкім чалавекам. Або пераязджаеш з бацькоўскага дома ў іншае месца. Мы ўсе праходзім праз падобны вопыт, але эміграцыя – гэта адно з самых сур’ёзных выпрабаванняў, бо ты губляеш звыклае асяроддзе: людзей, працу, месца, дзе жыў. Гэта велізарная частка твайго жыцця – і ты ўсё гэта губляеш. Усё гэта памірае для цябе, і ты нанова адбудоўваеш сваё жыццё. Гэта ўжо навукова даказаны факт: у працэсе эміграцыі мы страчваем нейронныя сувязі і ствараем новыя.

Вераніка прызнаецца, што вельмі сумуе па бацьках, бо не можа часта з імі сустракацца. Што ж датычыцца сяброў, якія засталіся ў Беларусі, яна кажа, што многія з іх ужо не разумеюць яе жыццёвай сітуацыі. Усміхаючыся, дадае, што яе сяброўкі ў Беларусі думаюць пра тое, як выйсці замуж і пабудаваць кватэру. А ў яе – яшчэ шмат іншых праблем і клопатаў...

Павел Залескі

слухайце аўдыёфайл

 

Больш на гэтую тэму: Беларусы ў Польшчы