Беларуская Служба

На 1378% цягам года вырасла захваральнасць вельмі заразнай хваробай. Прычына – людзі не хочуць вакцынаваць дзяцей

19.03.2025 20:03
Вяртаюцца дыфтэрыя, коклюш і адзёр – хваробы, якія дзесяцігоддзі таму ўдалося пабароць дзякуючы вакцынацыі.
Дыфтэрыйная палачка пад мікраскопам Shutterstock

У Польшчу вяртаюцца даўно забытыя хваробы. Прычына – людзі не праходзяць вакцынацыі і не прышчэпліваюць сваіх дзяцей. У сярэдзіне сакавіка ў Польшчы быў зафіксаваны першы з 2001 году выпадак дыфтэрыі — інфекцыйнай хваробы, якую ў Еўропе амаль што знішчылі дзякуючы прышчэпкам, паведамляе партал Wp.pl. 

У пятніцу, 14 сакавіка, у польскіх СМІ з'явілася інфармацыя пра шасцігадовае дзіця, якое вярнулася з адпачынку ў Афрыцы з дыфтэрыяй – сур’ёзнай інфекцыйнай хваробай. Хлопца даставілі ў шпіталь ва Уроцлаве, дзе медыкі змагаюцца за яго жыццё. Нягледзячы на ​​тое, што вакцынацыя супраць дыфтэрыі ў Польшчы з'яўляецца абавязковай (дзеці павінны атрымаць чатыры дозы вакцыны ў першыя месяцы жыцця і бустэрныя дозы ў 6, 14 і 19 гадоў), шасцігадовае дзіця не было прышчэпленае. У панядзелак, 17 сакавіка, з'явілася інфармацыя аб чарговым захворванні, на гэты раз у дарослага чалавека.

Дыфтэрыя небяспечная тым, што ў пацыента з’яўляецца моцны ацёк і звужэнне дыхальных шляхоў, а таксама тым, што дыфтэрыйныя таксіны могуць пашкодзіць нервовую сістэму і сэрца. Паводле навукоўцаў, за апошнія пяць гадоў колькасць ухіленняў ад абавязковай вакцынацыі вырасла амаль удвая - з 48 тыс. 600 выпадкаў у 2019 годзе да 87 тыс. 300 у 2023 годзе. 

Іншая небяспечная хвароба, якая вярнулася, - гэта коклюш. Прычына зноў тая ж самая – адмова ад вакцынацыі. І так, з 1 студзеня па 28 лютага 2025 года ў Польшчы было 4 тыс. 953 выпадкі коклюша, а ў аналагічным перыядзе годам раней - толькі 335, што азначае рост больш чым на 1378%. 

Атакуе таксама вельмі заразная дзіцячая хвароба адзёр. У 2024 годзе ў Еўропе ім захварэлі амаль 130 тыс. чалавек, што ўдвая больш, чым годам раней. Гэта самы высокі ўзровень на кантыненце за апошнія 25 гадоў.

вс