Беларуская Служба

Польскі павільён на выставе Expo 2025 - сярод 20-ці найлепшых (ФОТА)

21.03.2025 07:11
З 13 красавіка па 13 кастрычніка 2025 года ў Японіі пройдзе самая буйная і важная эканамічная і культурная падзея ў свеце – Сусветная выстава Expo 2025, Осака, Кансай.
Аўдыё
  • Польскі павільён на выставе Expo 2025 - сярод 20-ці найлепшых
Візуалізацыя польскага павільёнафота: expo.gov.pl

Выстава пройдзе на востраве Юмесіма, размешчаным у водах заліва Осака. Арганізатары Expo 2025 Осака, Кансай чакаюць 170 удзельнікаў, у тым ліку 161 краіну і рэгіён і 9 міжнародных арганізацый. Паводле прагнозаў, выставу наведаюць больш за 28 мільёнаў чалавек.

Гэта адно з найбуйнейшых і самых прэстыжных мерапрыемстваў у свеце. Краіны-ўдзельніцы маюць магчымасць прадставіць свае культурныя, навуковыя і тэхнічныя дасягненні на міжнароднай арэне, што ўмацоўвае іх імідж і пазіцыі ў свеце. Expo стварае магчымасць для ўстанаўлення новых дзелавых кантактаў, прыцягнення інвестараў і прасоўвання айчынных тавараў і паслуг на знешнія рынкі. Удзел у Expo дазваляе абменьвацца вопытам і даведацца аб апошніх тэндэнцыях і тэхналогіях з розных галін, што спрыяе развіццю інавацый. Краіны-ўдзельніцы рэкламуюць свае турыстычныя славутасці і культурную спадчыну, што спрыяе павелічэнню турызму і цікавасці да сваёй культуры ва ўсім свеце. Усе гэтыя аспекты робяць удзел у Сусветнай выставе прэстыжным і выгадным для краін-удзельніц.

Гэта выдатная магчымасць распавесці ўсяму свету гісторыю апошніх 36 гадоў польскага шляху да поспеху, перакананы міністр развіцця і тэхналогій Кшыштаф Пашык:

- Свет захапляецца Польшчай за тое, колькі нам удалося пераадолець на розных узроўнях - культурным, сацыяльным і эканамічным - за апошнія 35 гадоў. Я хацеў бы звярнуць асаблівую ўвагу на ролю прасоўвання польскай эканомікі за мяжой. Мы — эканоміка, якая расце. Мы з'яўляемся эканомікай, якая за апошнія дзясятак гадоў паказала сваю ўстойлівасць да рознага роду спадаў і крызісаў, да якіх іншыя еўрапейскія эканомікі апынуліся адчувальнымі. Мы хочам гэта паказаць. У нас вельмі смелы парадак дня, звязаны з прасоўваннем польскай эканомікі, таму што ў нас шмат напрамкаў, якія чакаюць у свеце. Гэта пытанні, звязаныя з высокімі тэхналогіямі, з тэмай энергетыкі, з аднаўляльнымі крыніцамі энергіі. Нас высока цэняць у свеце. Гэта таксама прасоўванне польскіх інвестыцый.

Генеральны камісар польскага ўдзелу ў EXPO 2025 Яцэк Томчак дадаў, што ўдзел у мерапрыемстве стварае высокую дынаміку палітычных і эканамічных кантактаў з Японіяй, якая з'яўляецца важным эканамічным партнёрам у рэгіёне.

- Інвестыцыйны патэнцыял Японіі, як і краін Азіі, развіццё турыстычных кантактаў у гэтым рэгіёне свету на дадзены момант надзвычай важны для нас. EXPO - гэта выдатная магчымасць для польскіх прадпрымальнікаў наладзіць адносіны з дзелавымі партнёрамі з Японіі і іншых краін.


Марыя Астроўска, Марта Зяліньска, Эліза Кланоўска-Сівак Марыя Астроўска, Марта Зяліньска, Эліза Кланоўска-Сівак

Каманда, адказная за польскую прысутнасць у Японіі, дакладна прааналізавала патрэбы японскага рынку і абрала шэсць прыярытэтных сфер. Гаворыць Эліза Кланоўска-Сівак з Польскага агенцтва інвестыцый і гандлю:

- Гэта харчовая прамысловасць, якая заўсёды прысутнічала ў Японіі. Мы з'яўляемся галоўнай эканамічнай сілай у гэтым плане экспарту на японскім рынку. Другі такі элемент - касметычная прамысловасць, заўсёды прысутная ў Японіі. Прыкладна два дзесяцігоддзі гэта індустрыя кампутарных гульняў, але ў нас таксама ёсць тры галіны, якія альбо арыентаваны на будучыню, альбо зараз знаходзяцца ў працэсе развіцця. І тут гаворка ідзе перш за ўсё пра медыка-фармацэўтычную індустрыю, але таксама пра фінтэх-індустрыю. У Японіі ёсць шмат нішаў, якія трэба заняць, і мы маем што прапанаваць японцам у гэтай галіне. Апошняя галіна, якую я хацела б адзначыць, і якая на дадзены момант здаецца самай стратэгічнай і важнай, гэта энергетыка, з асаблівым акцэнтам на вадарод. І ўся наша дзейнасць адбываецца ў гэтых шасці галінах.

Газета New York Times уключыла польскі павільён у спіс 25 аб’ектаў, якія варта пабачыць на Сусветнай выставе Expo 2025. Нацыянальны павільён плошчай амаль 1000 м² знаходзіцца ў тэматычнай зоне «Выратаванне жыцця». Архітэктурная канцэпцыя заснавана на выкарыстанні дрэва, а форма будынка павінна выклікаць асацыяцыі з распаўсюджанай хваляй творчасці і наватарства палякаў. Дызайн экспрэсіўнага драўлянага фасада з'яўляецца рэверансам да польскай і японскай традыцыйнай архітэктуры.

Марыя Астроўска з Польскага агенцтва інвестыцый і гандлю падкрэслівае, што драўляны павільён у форме спіралі будзе польскай візіткай. Ён будзе ўздзейнічаць не толькі на зрок. Ён таксама запомніцца спецыяльна скампанаваным водарам, а таксама музыкай:

- Матыў польскага павільёну: «Спадчына, якая кіруе будучыняй». Гэта быў пункт выйсця для архітэктурнага праекту. Дзякуючы гэтаму ўзнікла неверагодная спіраль крэатыву, якая метафарычна расцягваецца за межы нашай краіны, якая дазваляе нам экспартаваць ген нашай крэатыўнасці па-за Польшчу. Польскія павільёны – у Айты, Шанхаі, Мілане, Дубаі – атрымлівалі шматлікія ўзнагароды за архітэктуру і выставы павільёна. Сёлета мы знаходзімся ў невялікай кампаніі 40 павільёнаў, якія прынялі экстрэмальна цяжкі выклік пабудаваць павільён на выставе.

Складанасць задачы вынікала з таго, што выставачная тэрыторыя сама па сабе з'яўляецца сейсмічна актыўнай зонай і падпарадкоўваецца многім дадатковым нормам японскага заканадаўства.


Візуалізацыя польскага павільёна Візуалізацыя польскага павільёна

Акрамя эканамічнай праграмы, якую будзе суправаджаць дыпламатычная праграма, павільён будзе расказваць пра Польшчу праз прызму культуры. Культурніцкая праграма будзе надзвычай разнастайная. Яна будзе папулярызаваць класічную і сучасную музыку, танец і выяўленчае мастацтва. Гаворыць Марта Зяліньска з Польскага агенцтва інвестыцый і гандлю:

- Мы пакажам розныя музычныя стылі, немалую колькасць вядучых польскіх артыстаў. Тры разы ў дзень госці польскага павільёна змогуць паслухаць канцэрты музыкі Шапэна. У нашай камандзе – вядучыя польскія ўстановы культуры, у тым ліку Нацыянальны інстытут Фрыдэрыка Шапэна, які курыруе падзеі, звязаныя з Шапэнам. Мы будзем казаць пра польскі фільм, пра польскую музыку, будзем прэзентаваць польскі джаз, харавую музыку.

Значная частка зместу ў павільёне будзе інтэрактыўная. Адна з цэнтральных інсталяцый у польскім павільёне будзе складацца з польскіх лекавых раслін. Наведвальнікі на аснове алгарытму змогуць самыя стварыць для сябе індывідуальную расліну.

слухайце аўдыё

ав


Візуалізацыя польскага павільёна Візуалізацыя польскага павільёна