Сёлета на традыцыйным месцы збору беларусаў у Познані, побач з помнікам Адаму Міцкевічу, людзей было заўважна менш, нягледзячы на тое, што адзначаўся Дзень Волі. Тым не менш луналі бел-чырвона-белыя сцягі, а з узмацняльніка гучалі песні Вольскага.
Актывісты раздавалі мінакам улёткі на польскай мове, у якіх выказвалася падзяка палякам за тое, што Польшча стала другім домам для многіх беларусаў.
Пытаюся ў сямейнай пары, чаму яны сёння тут і ці не баяцца пагрозаў ад Следчага камітэта, якія гучаць з Мінска.
— Таму, што сёння свята, пра якое нельга забыцца, — упэўнена кажа жанчына. — Гэта свята натхняе і нават абавязвае да барацьбы. Сто гадоў таму людзі не проста так абвясцілі Беларусь Беларуссю, і я ўдзячная ім за тое, што я беларуска, маю сваю мову, сваю дзяржаву, хоць цяпер і захопленую, але маю. Маю сваю культуру, традыцыі, літаратуру. Яны гэта ўсё захавалі, і я таксама мушу.
— Гэта дзень, калі ў ХХ стагоддзі беларуская нацыя фактычна ўтварылася, стварыла сваю дзяржаву, — дадае яе муж. — І няхай яна доўга не пратрымалася, але дзякуючы таму, што была БНР, пазней узнікла БССР і Рэспубліка Беларусь.
— Але ў самой Беларусі цяпер не святкуюць 25 сакавіка. Як вы лічыце, ці хутка гэта свята туды вернецца?
— Гэта залежыць ад многіх фактараў, і, здаецца, тут нават больш знешніх прычын, чым унутраных. Калі з Лукашэнкам усё зразумела — ён прайграў выбары, але ёсць яшчэ адзін фактар — Расія.
Гаворым яшчэ з адной сямейнай парай. Людзі сярэдняга ўзросту. Мужчына прызнаецца, што, на жаль, не валодае добра беларускай мовай. Тым не менш тлумачыць, чаму сёння на плошчы.
— Каб падтрымаць нашых беларусаў, — кажа спадар. — Нехта з іх у вязніцах, нехта з’ехаў з краіны і не мае пэўнасці ў жыцці. Мы хочам паказаць, што яны не адны, што мы іх аднадумцы. Гэта галоўная ідэя.
— А які ў вас сёння настрой? — пытаюся ў спадарыні.
— Баявы настрой. Веру, што мы можам пераадолець гэтую палітычную сітуацыю і што дыктатура скончыцца. Мы бачым, што такое адбываецца шмат дзе ў свеце. Напрыклад, у Турцыі людзі выходзяць змагацца з дыктатурай. Таму веру, што і мы здабудзем свабоду для Беларусі. І цяпер павінны тут стаяць, бо мы можам гэта рабіць.
— А ці хадзілі вы 25 сакавіка на плошчу ў Беларусі?
— Не, на жаль. Мы толькі тут пачалі хадзіць на мітынгі. У Беларусі я працавала настаўніцай у школе і па зразумелых прычынах не магла ўдзельнічаць у такіх акцыях.
Цікаўлюся ў маладых людзей: калі, на іх думку, беларусы змогуць святкаваць Дзень Волі на радзіме?
— На жаль, я вельмі песімістычна да гэтага стаўлюся, — кажа малады чалавек з закрытым тварам. — Мяне ўражваюць гісторыі людзей, якія ўдзельнічалі ў паўстаннях, а потым вымушаныя былі пакінуць радзіму назаўжды. Думаю, з намі можа адбыцца тое самае.
— Я не вельмі веру, што мы вернемся, — кажа яго дзяўчына. — Але веру, што будзем, як героі беларускага фільма «Янка Купала». Калі ішлі ў калоне, я казала, што мы будзем такімі ж, як тыя людзі, якія да канца свайго жыцця будуць верыць у Беларусь.
— Шкадуеце аб гэтым?
— Вельмі шкадую тых, хто цяпер у няволі, хто перажывае ўсё гэта. Я сама праз гэта прайшла…
Пытаюся ў спадара, чаму так няшмат людзей прыйшло сёння на плошчу адзначаць Дзень Волі?
— Многія баяцца, бо ў Беларусі гэта пераследуецца ўладамі і лічыцца крымінальным злачынствам. Людзей пазбаўляюць маёмасці, пераследуюць родных. Шмат хто баіцца, шмат хто ў цяжкіх умовах. Нават у выходны дзень не так проста прыйсці, бо многія працуюць. У эміграцыі няпроста, асабліва ў першыя гады. Але, у рэшце рэшт, людзі ўсё роўна будуць прыходзіць у такія дні, каб не згубіць сябе і памятаць, чаму яны тут апынуліся.
У маладой дзяўчыны цікаўлюся, якой яна бачыць новую Беларусь пасля дыктатуры?
— Мне больш імпануе ідэя парламенцкай рэспублікі. Я хацела б, каб краінай кіраваў парламент і прэм’ер-міністр, а не прэзідэнт з неабмежаванымі паўнамоцтвамі.
— А што варта прывезці ў новую Беларусь з эміграцыі?
— Калі казаць пра Польшчу, то мы вельмі падобныя. Нам дастаткова было б проста дэмакратыі, а ўсё астатняе ў нас ёсць. А вось з Іспаніі ці Італіі хацелася б прывезці крыху цяпла, файнае надвор’е. Але галоўнае — пазбавіцца ад дыктатуры.
Спадарыня пенсійнага ўзросту стаіць з усмешкай, жартуе, віншуе ўсіх са святам.
— Як настрой?
— Добры! Дзякую Богу, што я жывая, што ўдалося ўцячы ад турмы. Маю магчымасць працаваць і не губляю надзеі, што мы вернемся дадому, на нашу Радзіму, якую я вельмі люблю. Але заўсёды буду ненавідзець уладу, якая выганяе з краіны самых лепшых людзей. Але я не губляю надзеі: мы вернемся!
І хоць сёлета святкаванне Дня Волі ў Познані было нешматлікім, яго арганізацыя ўражвала. Ад помніка Міцкевічу да Плошчы Волі беларусы прайшлі з бел-чырвона-белымі сцягамі і воклічамі: «Жыве Беларусь!», «Лукашэнку ў аўтазак!».
На плошчы адбыліся кароткія выступы пра гісторыю БНР і значэнне Дня Волі. Малады паэт чытаў патрыятычныя вершы, бард выканаў «Красуню Вясну», а ўсе ахвотныя ўзяліся за рукі і станцавалі беларускую польку. Нарэшце перад прысутнымі выступіў хор «Познаньскі спеўны сход».
Каб ніхто не змерз, беларусы частавалі ўсіх цёплай гарбатай і печывам. Атмасфера панавала сапраўды святочная.
Павел Залескі, Познань
слухайце аўдыёфайл