Беларусы адзначаюць гадавіну абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Гісторыя беларускай дзяржавы пачынаецца з БНР, але 107 гадоў таму дзяржаўнасць была слабой, незалежнасць захавалася нядоўга, у палітычных лідараў не было масавай падтрымкі ў народзе, ніхто афіцыйна не прызнаў беларускай дзяржавы.
А як можна ацэньваць незалежнасць сённяшняй Беларусі, ці яна можа быць пад пагрозай? І наколькі важная дата 25 сакавіка для беларусаў? Гэтыя пытанні мы задалі нашаму госцю – актывісту Праваабарончага Цэнтра «Вясна» Дзмітрыю Салаўёву.
— Дзень волі 25-га сакавіка – гэта дата, каторая з'яўляецца сымбалем таго, што Беларусь мусіць быць вольнай, незалежнай краінай. Гэта дата сведчыць аб тым, што мы былі здольныя 107 год таму стварыць краіну. Дзякуючы таму, што яна была ўтвораная, яна пазней існавала, няхай у такім фармальным варыянце, як Савецкая Рэспубліка ў складзе Савецкага Саюза, гэта прымусіла самазванцаў-камуністаў стварыць такую альтэрнатыву Беларускай Народнай Рэспублікі. І зразумела, што мы мусім зараз імкнуцца, каб Беларусь стала дэмакратычнай і свабоднай краінай.
— Тады, 107 гадоў таму, беларусам нядоўга ўдалося жыць у незалежнай дзяржаве. І цяпер надалей лёс беларускай дзяржавы можа скласціся па-рознаму. Некаторыя аналітыкі кажуць, што Пуцін пазірае на Беларусь як на своеасаблівую кампенсацыю за тое, што яму не ўдаецца заваяваць Украіну.
— Беларусь знаходзіцца ў сферы ўплыву Расіі, зараз яшчэ далучыўся вайсковы ўплыў. Гэта дае вялікія пагрозы, што краіна будзе існаваць у выглядзе калоніі Расіі. Фармальна яна можа захаваць незалежнасць, для таго, каб проста галасаваць у міжнародных органах, дзе Беларусь прадстаўлена, на карысць Расі, але па сутнасці Беларусь будзе проста сатэлітам. І, на вялікі жаль, мы бачым карціну, каторая склалася зусім не на нашую карысць, але ў дадзеным выпадку ўсё роўна трэба захаваць каштоўнасці. І людзі, каторыя зараз знаходзяцца ў дэмакратычных краінах, на нас адказнасць за тое, каб гэтыя каштоўнасці захаваць, каб не перагортваць старонку, не даваць самазванцам забіваюць людзей, фальсіфікаваць крымінальныя справы. Яны проста бандыты і самазванцы, каторыя захапілі ўладу і трымаюць усіх у закладніках. І тых, хто ў турме, і тых, хто проста знаходзіцца ў краіне і вымушаны там працаваць і плаціць падаткі.
— Калі была створаная БНР, у беларусаў не было моцных палітычных лідараў, якія маглі б павесці за сабой народ, якія б мелі шырокую падтрымку ў масах. А цяпер сітуацыя падобная – лідары, праўда, ёсць, але яны або ў турме, або за мяжой.
— Склалася сітуацыя, калі адсутнічаюць на палітычныя плыні, знізілася роля палітычных партый. І гэты вельмі дрэнна. Таму, на мой погляд, зараз трэба старацца наладзіць доступ да інфармацыі беларусаў, каторыя засталіся ўнутры краіны.
— Свабода – гэта права кожнага чалавека. Але, ці беларусы прагнуць свабоды, ці яна для іх важная?
— Кожны чалавек мае права на свабоду. Я б не сказаў, што нейкі народ мае больш схільнасці да свабоды, ці менш. Кожны прагне свабоды. Ніхто не жадае, каб абмяжоўвалі ягоныя правы, каб стаялі над ім з дручком. Увесь гэта міф, што беларусы - больш партызаны, склаўся з-за нашай страшнай гісторыі, калі стагоддзямі людзі былі вымушаныя менавіта як партызаны змагацца, таму што праз Беларусь пракатваліся агромністыя навалы. Гэта былі імперцы-расіяне, гэта былі немцы шмат разоў, гэта былі крыжакі. Але насамрэч, кожны чалавек жадае жыць у свабоднай, дэмакратычнай краіне, каб была магчымасць развівацца, была магчымасць у прафесійным плане быць больш паспяховым і вольна дыхаць. На мой погляд, Беларусь у будучым не будзе прэзідэнцкай краінай, пастух нам не патрэбны. Дастаткова быць парламенцкай краінай, каторая бы адлюстроўвала шмат якія палітычныя плыні, погляды, падыходы, была б тады здаровая канкурэнцыя. Беларусы маюць такое ж права на свабоду, як любы іншы народ.
Слухайце гутарку ў далучаным гукавым файле.