Беларуская Служба

«Беластоцкія Дзікі»: як футбол аб’ядноўвае беларусаў, палякаў і ўкраінцаў

01.04.2025 06:00
Восенню мінулага года разам з сябрамі Алесь Ляўчук стварыў аматарскі футбольны клуб.
 .
Алесь Ляўчук.Фота: Павел Залескі

«Футбольны клуб — гэта месца, дзе адбываецца інтэграцыя беларусаў, палякаў, украінцаў. Мы рады ўсім, хто прыходзіць гуляць разам з намі. Адзіная ўмова — каб чалавек не падтрымліваў Расіі і вайны», — кажа кіраўнік аматарскага футбольнага клуба «Беластоцкія Дзікі» Алесь Ляўчук.

Спачатку проста збіраліся паганяць мяч

Алесь Ляўчук — журналіст, якога заўсёды цікавіла спартыўная тэматыка. Ён працаваў у газеце "Всё о футболе", меў свой спартыўны сайт, які, на жаль, быў закрыты ў Беларусі. Некалькі гадоў таму ён пераехаў у Польшчу, супрацоўнічаў з беларускімі незалежнымі СМІ, але цяпер у пошуках працы.

Восенню мінулага года разам з сябрамі Алесь стварыў аматарскі футбольны клуб «Беластоцкія Дзікі».

— Збіраліся людзі з дзецьмі проста паганяць мяч, і паступова нас станавілася ўсё больш. Чалавек, які першапачаткова арганізоўваў гульні, пераехаў у іншы горад, таму мы сабралі сход і на ім мяне абралі кіраўніком клуба. Я прыдумаў для яго назву: «Беластоцкія Дзікі». Чаму дзікі? Гэта дужыя жывёлы, якіх шмат і ў Беларусі, і ў Польшчы. Лічу, што гэта файная назва.

Футбол спрыяе інтэграцыі беларусаў, палякаў і ўкраінцаў

Алесь адзначае, што цяпер аматарскі футбол у Польшчы набірае вялікую папулярнасць. Не адстаюць і беларускія аматары, якія знаходзяцца ў эміграцыі.

— У Беластоку ёсць яшчэ адзін аматарскі футбольны клуб — «Беластоцкія Зубры». Мы маем кантакты і плануем у бліжэйшы час згуляць з імі таварыскую сустрэчу. У Познані актыўна працуе Яўген Вяроўка, былы футбаліст моладзевай зборнай Беларусі. Ён нават рыхтуе футбалістаў для польскіх клубаў. Вядома, што Антон Лагвінец кіруе ў Варшаве футбольным клубам «Пагоня», які выступае ў дзевятым дывізіёне чэмпіянату Польшчы.

Алесь распавядае, што склад іх каманды не з’яўляецца пастаянным: адны прыходзяць, іншыя сыходзяць. Аднак касцяк каманды складаецца прыкладна з дваццаці чалавек. І што цікава, да іх далучаюцца нават палякі і ўкраінцы.

— Я бачу наш клуб як месца, дзе адбываецца інтэграцыя беларусаў, палякаў і ўкраінцаў. Мы рады ўсім, хто хоча гуляць у футбол, за выключэннем тых, хто падтрымлівае Расію і вайну.

Узімку гуляем у зале, летам — на вуліцы

Каманда збіраецца раз на тыдзень. Узімку гульні праходзілі ў арэндаванай зале, а з прыходам вясны трэніроўкі перанясуць на вуліцу.

— Мы арэндавалі спартовую залу ў адной са школ Беластока і гулялі па нядзелях. З наступнага месяца будзем гуляць на вуліцы па суботах, што здымае неабходнасць плаціць за арэнду. На арэнду залы мы складаліся, і выходзіла каля 20 злотых за раз, што не так і шмат.

«Я сам 10 год не гуляў у футбол»

Дарэчы, гуляць у футбол прыходзяць людзі самых розных узростаў, абмежаванняў ніхто не ўстанаўлівае.

— Спачатку з намі гулялі і дзеці 10-12 год, але за апошні месяц узровень гульні значна вырас і дзецям стала не пад сілу. Самаму малодшаму ўдзельніку зараз 18 год, а самы старэйшы, хто ў нас гуляў – журналіст “Радыё Рацыя” Уладзімір Хільмановіч. Ён 1967 года нараджэння. Цікава, што апошнім разам ён забіў пяць галоў.  

— Людзі цэлы тыдзень працуюць, а ў выходныя прыходзяць да вас. Што іх прыцягвае?

— Найперш — жаданне гуляць у футбол. Я заўважыў, што ў Польшчы даволі развіты культ здаровага ладу жыцця. Людзі замест таго, каб піць, прыходзяць на спартыўныя пляцоўкі. Часам гэта нават тыя, хто 10–15 гадоў не гуляў у футбол. Я сам 10 год не гуляў, а калі прыехаў сюды, купіў сабе спартыўную форму і з задавальненнем вярнуўся да гульні.

Наперадзе цікавыя турніры

Каб павышаць узровень гульні, каманда плануе ўдзельнічаць у розных аматарскіх турнірах.

— Плануецца турнір у Варшаве, рыхтуемся да яго. Хачу далучыць да каманды некалькі хлопцаў, з якімі раней гуляў у складзе "БелСАТ" — там ёсць прафесійныя футбалісты. Чакаем Кубак Івуліна, вельмі круты турнір, які паказвае, колькі беларусаў любіць футбол. Дарэчы, там можа быць нават больш беларускіх каманд, чым у самой Беларусі.

Заўзятараў пакуль няма, але дзяўчаты цікавяцца

Цікаўлюся ў Алеся, ці ёсць заўзятары ў “Беластоцкіх дзікоў”? Ён усміхаецца і адказвае, што іх клуб толькі ў пачатку свайго шляху, хаця дадае, што дзяўчаты прыходзяць паглядзець, калі яны гуляюць. Наогул суразмоўца кажа, што футбол аказвае пазітыўнае ўздзеянне, як на тых, хто пасля працоўнага тыдня прыходзіць пагуляць, так і на тых, хто хоча толькі паглядзець, як гуляюць іншыя.

— Футбол аказвае пазітыўнае ўздзеянне як на гульцоў, так і на гледачоў. Гэта добрая разрадка. Калі ў жыцці нешта не ладзіцца, можна прыйсці, пабегаць, і настрой палепшыцца. Нават калі раніцай усё баліць, гэтыя болі прыемныя.

Футбол любяць за эмоцыі

— За што, на ваш погляд, людзі любяць футбол?

— За эмоцыі, непрадказальнасць. Глядзець і гуляць — зусім розныя рэчы. Трэба паспрабаваць, каб адчуць, што гэта сапраўды крута. Да нас у клуб прыходзілі людзі, якія раней ніколі не гулялі ў футбол. І зараз яны вельмі задаволеныя.

Алесь плануе далей развіваць клуб, тым больш што ў Польшчы для гэтага ёсць шмат магчымасцяў.

Павел Залескі

Здымак: Алесь Ляўчук