Беларуская Служба

10 000 штрафу можна атрымаць у Польшчы за адмову ад абавязковай вакцынацыі дзіцяці

01.04.2025 14:20
У краіне пачалася праверка карт прышчэпак, каб высветліць, колькі дзяцей знаходзіцца па-за сістэмай. 
Аўдыё
  • У Польшчы пачалі правяраць сістэму вакцынацыі дзяцей.
1        .
1 красавіка ў Польшчы пачалася праверка карт вакцынацыі дзяцей. Фота: Shutterstock

У 2023 годзе ў Польшчы было зафіксавана больш за 87 тысяч выпадкаў адмовы ад абавязковай вакцынацыі дзяцей. Гэта ў некалькі разоў больш, чым у папярэднія гады. І таму ўсё часцей вяртаюцца амаль забытыя захворванні, напрыклад, адзёр. Улады краіны вырашылі праверыць сістэму вакцынацыі дзяцей. 1 красавіка пачалася яе праверка.

Галоўная санітарная інспекцыя Польшчы правядзе кантроль так званых карт прышчэпак дзяцей. Акцыя была зладжана дзеля таго, каб праверыць, колькі дзяцей маглі знікнуць з сістэмы абавязковай вакцынацыі. Эксперты, якія займаюцца пытаннямі аховы здароўя, занепакоеныя, што ў Польшчы пашыраецца тэндэнцыя пазбягаць вакцынацыі дзяцей. Прычыны гэтай своеасаблівай небяспечнай “моды” розныя, у тым ліку ў сацыяльных сетках шырока абмяркоўваюцца праблемы пабочных эфектаў розных прышчэпак, пашыраюцца тэорыі змовы, у якія многія людзі вераць, паколькі яны збіраюць шмат праглядаў і каментароў. І такім чынам павялічваюць свой маштаб уплыву.  

Пабочныя эфекты вакцынацыі сапраўды здараюцца, але такое бывае пры кожным відзе тэрапіі або прафілактыкі ў выглядзе прышчэпак. Але адсутнасць вакцынацыі ў перспектыве ўсяго грамадства значна горшая, чым асобныя выпадкі пабочных эфектаў, якія, канешне, могуць стаць нават вялікай трагедыяй, але для канкрэтнай сям’і.

У Польшчы вакцынацыя дзяцей праводзіцца ў адпаведнасці з Праграмай ахоўных прышчэпак (Program Szczepień Ochronnych), якую штогод абнаўляе галоўны санітарны інспектар. Гэтая праграма фінансуецца з дзяржаўнага бюджэту і прызначана для абароны ад небяспечных інфекцыйных захворванняў.

У спіс абавязковых прышчэпак уваходзіць вакцынацыя ад: туберкулёзу, віруснага гепатыту B (HBV), ротавірусаў, дыфтэрыі, слупняку, коклюшу, поліяміэліту, інвазійных інфекцый Haemophilus influenzae тыпу B (Hib), пнеўмакокаў, адру, эпідэмічнага паратыту і краснухі.​

Трэба адзначыць, што ў Польшчы абавязковыя прышчэпкі распаўсюджваюцца таксама на дзяцей замежнікаў, калі яны знаходзяцца ў краіне больш за тры месяцы. Так што адсутнасць польскага грамадзянства не вызваляе ад абавязку зрабіць вакцынацыю дзіцяці.

Пры гэтым, сістэма вакцынацыі дзяцей у Польшчы састарэлая, яна базуецца на папяровых картах, якія захоўваюцца ў паліклініках. Калі бацькі, скажам, рэгіструюць дзіця ў лекара ў прыватнай паліклініцы, якая не праводзіць вакцынацыі, тады яно як бы “выпадае” з сістэмы. Тое ж самае здараецца, калі бацькі з’язджаюць за мяжу. Няма электроннай базы, у якой можна было б праверыць, ці дзіця атрымала ўсе неабходныя прышчэпкі. 1 красавіка пачаўся кантроль сістэмы. Супрацоўнікі санстанцыі правераць, колькі дзяцей у Польшчы на самой справе прышчэплены ад розных заразных хвароб. Кантроль будзе ахопліваць 7,5 мільёна дакументаў. Кожны пункт вакцынацыі будзе праінфармаваны аб тым, калі адбудзецца такая праверка, паведаміў Польскаму радыё Марэк Вашчэўскі (Marek Waszczewski), прэс-сакратар галоўнага санітарнага інспектара.

— Мы хочам праверыць, як запаўняюцца гэтыя карты. Ці сапраўды дзесьці адсутнічае рэгістрацыя, у сувязі з чым некаторыя дзеці проста знікаюць з агульнай сістэмы. Гэта адбываецца па розных прычынах, між іншым і таму, што бацькі выязджаюць за мяжу і вакцынуюць дзяцей паводле адпаведнай схемы ў іншай краіне. Бывае і так, што бацькі карыстаюцца прыватнымі медыцынскімі паслугамі, вакцынуюць дзяцей там. А мы, на жаль, пра гэта не ведаем.

Праверка папяровых карт прышчэпак павінна стаць важным крокам да ўкаранення электроннай карты прышчэпак, дадаў Марэк Вашчэўскі.

— Стварэнне электроннай базы карт прышчэпак дасць магчымасць дакладна вызначаць канкрэтны ўзровень вакцынацыі насельніцтва супраць розных захворванняў і правяраць гэта ў рэжыме рэальнага часу.

Электронная карта прышчэпак дзейнічае толькі для рэкамендаваных прышчэпак, няма такой сістэмы, якая ахоплівала б усе абавязковыя прышчэпкі. У адпаведнасці з палажэннямі Закона аб прафілактыцы і барацьбе з інфекцыйнымі захворваннямі, абавязак вакцынацыі датычыць: дзяцей і падлеткаў да 19 гадоў, асоб, якія падвяргаюцца асаблівай рызыцы заражэння, напрыклад, медыцынскіх работнікаў. Гэта тычыцца як польскіх грамадзян, так і замежнікаў, якія пражываюць у Польшчы на ​​падставе пастаяннага ці часовага пражывання больш за тры месяцы або маюць статус бежанца.

Нельга адмовіцца ад вакцынацыі дзіцяці без уважлівых падстаў. Калі бацькі не выконваюць сваіх прамых абавязкаў і падвяргаюць такім чынам здароўе сына ці дачкі небяспецы, адпаведныя дзяржаўныя органы могуць пачаць выканаўчую вытворчасць, якая заканчваецца накладаннем штрафу з мэтай прымусіць бацькоў зрабіць дзіцяці прышчэпку. Максімальны памер штрафу — 10 000 злотых (больш за 2,5 тыс. долараў ЗША). Трэба адзначыць, што штраф можа быць накладзены неабмежаваную колькасць разоў.

IAR/нг