Беларуская Служба

Даследчык традыцыйнага драўлянага дэкору: «Людзі не цэняць гэтай унікальнай з’явы»

06.04.2025 20:33
Гэта звязана з тым, што змяніўся лад жыцця. 
Аўдыё
  • Драўляная архітэктурная разьба - расказвае даследчык з Гомеля Яўген Малікаў.
   -   . ,  .
Прыклад традыцыйнай для паўднёва-усходняй Беларусі драўлянай разьбы. Гомель, вуліца Чырвоная.Фота: Яўген Малікаў

Атраполаг Яўген Малікаў, аўтар кнігі пра традыцыі разьбянога дэкору ў паўднёва-ўсходняй Беларусі, быў прымушаны пакінуць Беларусь. Жыхар Гомелі быў арыштаваны ў 2020 годзе, з-за чаго ўніверсітэт, дзе працаваў даследчык, яго звольніў. Цяпер ён жыве ў працуе ў Польшчы.

Дзякуючы стыпендыі Еўрапейскага Саюза («Support for Advanced Learning and Training – EU4Belarus-SALT» Стыпендыі беларускім выкладчыкам, навукоўцам і аспірантам вышэйшых навучальных і даследчых устаноў ЕС»), вучоны мае магчымасць далей займацца апрацоўкай сабранага матэрыялу – у яго базе дзясяткі тысяч здымкаў элементаў драўлянага аздаблення дамоў. Першыя здымкі былі зробленыя 30 гадоў таму. Па словах спадара Яўгена, гэтая традыцыя паступова знікае.

— Першыя здымкі былі зробленыя ў сакавіку 95-га года. Мой сябар вадзіў мяне па гораду, паказваў драўляны Гомель, як гэта горад знікае. Паказваў цікавыя будынкі, якія проста разбураліся в прамым сэнсе. І для жыхароў Гомеля, разьба ў вокнах – звычайная рэч, як шкло ў акне, яны не звяртаюць увагі. А калі прыязджаюць з іншых гарадоў, з Мінска, людзі адразу звяртаюць увагу на разьбу. Людзі, якія першы раз убачылі, адразу зазначаюць, што тут некая спецыфічная традыцыя аздаблення вокнаў ды іншых дэталяў дома. А для гамяльчан яна звычайная. Іх прыцягнуць хутчэй якія-небудзь ПВХ-вокны – чыстыя бліскучыя, чым вокны з разьбой, таму што вокны з разьбой яны з дзяцінства бачылі.

Людзі не цэняць традыцыі, таму што проста не ведаюць. Мая задача, і тых людзей, якія займаюцца даследаваннем драўлянай архітэктуры, якраз раскрыць, паказаць беларусам, што гэта ўнікальная традыцыя, якая можа прадстаўляць рэгіёны, гарады, вёскі на фоне астатняй Беларусі.

Колькасць разьбянога дэкору на тэрыторыі Беларусі павялічваюцца па меры руху з захаду на ўсход. Самая яркая разьба якраз на паўднёвым усходзе Гомельскай вобласці. Там можна заўважыць чатыры розныя традыцыі.

Гомель, вуліца Фрунзэ. Гомель, вуліца Фрунзэ.

— Ёсць таксама сімволіка ў гэтых дэкарацыйных дэталях, магчыма, яны неслі нейкую магічную функцыю.

— Відавочна, што калі майстар нешта выразаў, ён выразаў не выпадкова. Дэкаратыўныя дэталі – нешта больш, чым эстэтычная функцыя. Там можна ўбачыць, напрыклад, савецкую сімволіку, зорку, серп-молат. Але там шмат іншых сімвалаў, напрыклад, там часам сустракаюцца вужы ці цмокі, якія ні з чым не пераблытаеш.

Але праблема ў тым, што мы не маем галасоў тых продкаў, якія маглі б сказаць – вось гэта цмок, таму, што ён ахоўвае жыллё, вось гэта голуб, каб у людзей было шчасце. І зараз прыходзіцца рэканструяваць і здагадвацца. Таму, калі я бачу, як людзі ў розных групах у інтэрнэце паказваюць ліштву і кажуць, вось тут цмок, сонца, там - бог Пярун, а там нічога гэтага няма. А цмок – такая рамантычная жывёліна, што хацелася б, каб ён там быў.

Гомель, вуліца Чэхава. Гомель, вуліца Чэхава.

— Напэўна ёсць сувязь паміж драўлянай архітэктурай і дэкаратыўнасцю, і строямі, а таксама ручнікамі, колерамі і матывамі.

Самы яркі росквіт, самыя дэкарацыйныя ручнікі якраз таксама на паўднёвым усходзе Беларусі. Элементы паўтараюцца ў розных відах мастацтва, як у ткацтве, так і архітэктурным дэкоры. Таксама ў планіроўцы, напрыклад, двароў. І гэта паказвае, што гэты дэкор архітэктуры мае вельмі глыбокія мясцовыя карані.

— А колеры? У ручніках найбольш чырвонага і белага, а ў архітэктуры шмат блакітнага.

— Сапраўды, у ткацтве з глыбокай старажытнасці асноўныя колеры былі белы - колер натуральнага льну і чырвоны – колер энергіі. І на кантрасце белага і чырвонага ўтвараліся гэтыя малюнкі. Але ў архітэктурным дэкоры трохі іншыя колеры выкарыстоўваліся. Праўда, зараз цяжка сказаць, якімі колерамі карысталіся, напрыклад, 100 гадоў таму, таму што няма проста фізічнай інфармацыі. На чорна-белых фотаздымках гэтага не бачна.

Гомель, вуліца Маскоўская. Гомель, вуліца Маскоўская.

— Чаму гэтая ўнікальная традыцыя знікае?

— Яна знікае не толькі в Беларусі, таксама ў Еўропе, таму што тыя ж самыя працэсы адбываюцца ў Расіі, на тэрыторыі Украіны, у Польшчы. Гэта звязана з тым, што змяніўся лад жыцця. Людзі не столькі ўвагі надаюць дробным элементам знешняга аздаблення будынка, колькі аддаюць больш увагі практыцызму. Раней прыгожым лічылася тое, што багата разьбой аздоблена. А зараз прыгожым лічыцца тое, што мае чысты функцыяналізм: роўныя вуглы, смецце не чапляюцца, у ліштвах птушкі не сядзяць. Раней людзі фарбавалі гэтыя вокны, зараз людзі не хочуць фарбаваць вокны раз на 3-5 гадоў.

Размаўляла Наталля Грышкевіч

Слухайце далучаны гукавы файл

Гомель, вуліца Яраслаўская. Гомель, вуліца Яраслаўская.
Бабруйск, вуліца Кастрычніцкая. Бабруйск, вуліца Кастрычніцкая.