Заўсёды з музыкай, хаця без музычнай адукацыі
Вячаслаў Кніт займаецца музыкай, у эміграцыі дае канцэрты, запісвае разам з сябрамі альбомы, арганізоўвае рознага кшталту мерапрыемствы. Ён прызнаецца, што не мае музычнай адукацыі, але, тым не менш, музыка з дзяцінства побач з ім — і ён сам піша песні. Падкрэслівае, што займаўся выключна музычнай самаадукацыяй:
— А гуртоў было шмат за гэты час. Зараз я выступаю пад сваім уласным імем, у мяне свая праграма ў жанры "чалавек-аркестр". Акрамя гітары, у мяне розныя бубны, бразготкі, вакал. Акрамя гэтага, ёсць вакальны склад у Варшаве, які я называю “Кніт-ансамбль”. Да гэтага быў гурт “За Беларусь Аўтфіт”, з якім мы запісалі сем альбомаў — праўда, праслухаць можна толькі два.
Беларуская аўтарская песня
Канцэрты, паводле суразмоўцы, адбываюцца цяпер пераважна ў Польшчы і, як правіла, на беларускіх пляцоўках:
— Канцэрты іграюцца ў Польшчы, як правіла, у Варшаве, а таксама ў іншых гарадах, у тым ліку на беларускіх прасторах. Вось, напрыклад, як тут, у Познані; нядаўна быў канцэрт у Кракаве. Карацей, як даводзіцца, так і выступаем. Часам самі пішам у розныя клубы і прапануем свае праграмы. А калі нехта запрашае, то ўсе справы адкладваюцца — і едзем іграць.
— Якую музыку вы іграеце?
— Я б ахарактарызаваў гэта як беларускую аўтарскую песню ў лепшых традыцыях — з уплывамі ад Сяржука Сокалава-Воюша да Даньчыка і іншых беларускіх бардаў. Вядома, ёсць і заходнія ўплывы — розных калектываў і розных накірункаў. Звычайна гэта выглядае так: я спяваю свае песні і сам сабе акампаную на гітары, бубнах, бразготках. Часам мае сябры падыгрываюць мне на розных інструментах.
Працую, каб займацца музыкай
Цікаўлюся ў Вячаслава, ці гэта яго асноўны занятак у жыцці, ці даводзіцца недзе працаваць, а музыкай займацца ў вольны час.
— Я падпрацоўваю дзе толькі даводзіцца, каб былі рэсурсы займацца маёй асноўнай дзейнасцю — а менавіта музыкай. Вядома, у мяне даволі аматарскі пачатак, а таму — якія тут грошы? Зрэшты, я за імі і не імкнуся. На жыццё хапае, і хапае на музыку, бо гэта даволі дарагі занятак. Але чым яшчэ займацца?
— Вы кажаце, што падпрацоўваеце. А дзе вам даводзіцца падпрацоўваць? Што робіце?
— Недзе можна тэкст напісаць за грошы ў інтэрнэт, недзе трэба разгрузіць машыну. Быў час, калі працаваў сталым памочнікам бухгалтара на складзе. Даводзілася працаваць у кавярні — разліваў каву народу. Ды розныя падпрацоўкі былі. Калі мне тэлефануюць і кажуць, што ёсць праца, плацяць столькі — я іду і працую.
Згадваецца тая свабода
Вячаслаў распавядае, што прыехаў у Польшчу пасля падзеяў 2020 года. Час, маўляў, хутка праходзіць. Я ў сваю чаргу пытаюся, ці ўзгадваюцца яму тыя падзеі.
— Яны не забываюцца. Не, не — як гэта можна забыць? Ды і ўсё жыццё, уласна, там было. А згадваецца тое пачуццё свабоды, якое тады панавала. Я звычайна апускаю ўсе падрабязнасці тых падзеяў. Адзінае, што заўсёды помніцца — што па маім родным Мінску можна было свабодна хадзіць, спяваць, дыхаць паветрам, шпацыраваць нават уначы. Было такое незвычайнае пачуццё свабоды. Вось гэта найбольш запомнілася.
Тыя ж людзі, тая ж дзейнасць…
Вячаслаў распавядае, што пераезд у Польшчу прайшоў для яго даволі спакойна, без стрэсу — нягледзячы на тое, што раней ён у гэтай краіне нават і не быў, і не ведае польскай мовы:
— Вельмі шмат сяброў пераехалі сюды, і праз гэта было лёгка ўладкавацца: нехта падкажа, нехта нечым дапаможа. Можна нават сказаць, што той лад жыцця, які быў у мяне ў Беларусі, сюды разам са мной і пераехаў. Тыя ж людзі, тая ж дзейнасць — толькі дэкарацыі змяніліся.
— Усё ж гэта іншая краіна, з іншай мовай, людзьмі, законамі, культурай… Вам давялося інтэгравацца ў гэта новае жыццё?
— Мне здаецца, што тут ёсць такое падвойнае жыццё. Ёсць жыццё ў беларускай прасторы — гэта асноўная частка майго жыцця. Ну і, вядома, ёсць нейкі нарматыў, абавязковы мінімум, які патрэбна выконваць, як чалавеку, што жыве ў Польшчы. Я выконваю польскія законы, плачу падаткі, імкнуся размаўляць з палякамі па-польску, а калі не атрымліваецца — прашу іх пераходзіць на англійскую мову. Але з іншага боку, я б не вельмі хацеў інтэгравацца больш, чым гэты мінімум. Я хачу жыць у беларускай прасторы.
Вельмі сумую…
Што да перажывання эміграцыі, Вячаслаў кажа, што гэта — пэўнае наканаванне лёсу, дадзенае звыш, каб ён вярнуўся дадому іншым чалавекам. І, вядома, ён сумуе па Радзіме:
— Я сумую літаральна па ўсім: па ўнутраных адчуваннях, якія былі там — звязаных з людзьмі, месцамі. Тапалагічна сумую па родных вуліцах, па тым, што я іх ведаў. У Мінску я мог зайсці ў любую кнігарню, узяць кніжку і прачытаць. А тут — не, бо недастаткова валодаю польскай мовай. Тое ж самае і ў кінатэатры: у Беларусі мог паглядзець нават самы нецікавы фільм — і ўсё зразумець. А тут у кіно разумею толькі мову на бытавым узроўні. Па ўсім гэтым вельмі сумую.
Павел ЗАЛЕСКІ
слухайце аўдыё