Беларуская Служба

«Простая камізэлька і складанасць сэнсаў». Гутарка з мастаком Яраславам Кіркелем (ФОТА)

14.04.2025 13:12
У Познані ён адкрыў сваю персанальную выставу «Kviecień». 
Аўдыё
  • «Простая камізэлька і складанасць сэнсаў». Гутарка з мастаком Яраславам Кіркелем
Мастак Яраслаў Кіркельфота: П. Залескі

Яраслаў Кіркель — студэнт Варшаўскай акадэміі мастацтваў, раней скончыў Гродзенскае вучылішча мастацтваў. У Познані ён адкрыў сваю персанальную выставу «Kviecień». Назва — на беларускай лацінцы — паводле яго слоў, мае падвойнае значэнне. На польскай мове — гэта месяц, у які ён нарадзіўся. А ў беларускай мове ёсць вельмі падобнае слова «квітнець» — гэта калі ажывае прырода, набірае фарбы, і ўсё навокал становіцца іншым. З Яраславам гутарыць наш карэспандэнт Павел Залескі.

— Выстава з вясновай назвай, але на кожнай карціне чалавек у памаранчавай камізэльцы. Нейкая загадка…

— Я ў сваім тэксце да выставы параўнаў людзей у памаранчавых камізэльках, якія з’яўляюцца галоўнымі героямі, з кветкамі на фоне шэрага бетону. Гэтыя працы былі зроблены ў межах навучання ў акадэміі. Там ёсць адна праца яшчэ з першага курса — цыкл працаў, дзе выкарыстоўваліся розныя тэхнікі. Другі цыкл — гэта ўжо калажныя працы, дзе заданнем было: знак і яго значэнне. Патлумачу на прыкладзе. Бяром моцны сімвал — крыж — і фарбуем яго ў ружовы колер. Мяняецца значэнне? Так, мяняецца. Дык вось, на выставе я таксама ўзяў памаранчавую камізэльку і змясціў яе ў неўласцівыя ўмовы, надаў ёй іншыя характарыстыкі. На адной працы зрабіў яе, як амерыканскі сцяг на знакамітым фатаздымку прызямлення астранаўтаў на Месяцы. На іншай працы статую Свабоды апрануў у гэтую камізэльку і г.д. Мы вызначылі, што гэтая камізэлька з’яўляецца маім своеасаблівым аўтапартрэтам. Калі казаць коратка — гэта прысутнасць у адсутнасці. Мы заўважаем, што гэтыя людзі яркія, але не заўважаем іх як асобаў, а толькі як функцыю. Яны прысутнічаюць для нас як нейкі інструмент.

— Паколькі ты загаварыў пра тэхнікі — якія тэхнікі або матэрыялы табе найбольш падабаюцца выкарыстоўваць? Чаму?

— Апошнім часам вельмі часта пачаў рабіць эскізы алейнай пастэллю, бо часта вандрую і ствараю розныя пейзажныя замалёўкі. Таксама раблю партрэты тых людзей, якія мне цікавыя. Доўгі час такія хуткія падарожныя замалёўкі рабіў акрылавымі маркерамі. Да алейнай пастэлі вярнуўся ў 2020 годзе, калі паляцеў у Венецыю на біенале сучаснага мастацтва. Каб зрабіць замалёўкі Венецыі, трэба было знайсці нешта маленькае, каляровае, з чым можна было хутка працаваць. Маркеры маглі не прапусціць у самалёт, а пастэль, як мялкі, ідэальна падыходзіла і яе можна было засунуць у кішэню. Вось — акрыл і алейная фарба, груба пакладзеная.

— Чаму выбраў менавіта Варшаўскую акадэмію мастацтваў? Ці адрозніваецца яна ад таго, як вучаць мастацтву ў Беларусі?

— Чаму Варшава? Гэта вельмі празаічна: я падаваў дакументы пры паступленні ў Кракаў і Варшаву, і прынялі мяне на вучобу ў Варшаўскую акадэмію мастацтваў. То-бок, Варшава мяне абрала, а не я яе. Што да адукацыі, я лічу, што ў параўнанні з Беларуссю тут нашмат больш свабоды і тут спрыяюць таму, каб ты выпрацоўваў свой уласны аўтарскі стыль. Але ў Беларусі тэхнічная і акадэмічная база мацнейшая, і дзякуючы гэтай аснове, наяўнасць свабоды, якая існуе ў польскай акадэміі, спрыяе таму, каб тваё мастацтва станавілася тэхнічна мацнейшым і больш прафесійным.

— Ці адчуваеш ты ўплыў беларускай культуры на сваю творчасць, нават цяпер, калі жывеш за мяжой?

— Я думаю, яна працягвае на мяне ўплываць, бо мы знаходзімся дагэтуль у сваёй бурбалцы, што не ёсць ні дрэнна, ні добра. Проста трэба ведаць, як гэтым карыстацца. Па-за акадэміяй я большую частку часу праводжу са сваімі знаёмымі беларусамі. З палякамі больш інтэгруюся падчас вучобы, але паколькі ўсё ж больш часу праводзіш з беларусамі, то працягваеш занырацца ў беларускі кантэкст, беларускую гісторыю, беларускую культуру, беларускі жывапіс.

— Якія тэмы ці ідэі цябе найбольш цікавяць у тваёй працы?

— Можна сказаць, такія, як і ў Напалеона Орды — архітэктурныя пейзажы. Люблю дакументаваць для сябе тое, дзе я быў. Праўда, Напалеон Орда рабіў гэта больш грунтоўна — планаваў цэлыя экспедыцыі, каб зафіксаваць розныя палацы і сядзібы, дзякуючы чаму мы цяпер маем дакументацыю, якой больш няма. Не ведаю, ці мае малюнкі будуць калі-небудзь выконваць такую функцыю, але яны трошкі экспрэсіяністычныя — захоўваюць тое ўражанне, якое ты адчуваеш пры тым асвятленні, пары дня, пары года. І яшчэ мяне цікавяць канцэртныя замалёўкі — фіксаванне падзеі ў моманце. Мне падаецца, я цяпер знаходжуся ў такім экспрэсіяністычным стане — малюю свае ўражанні. Але на выставе «Kviecień» можна пабачыць працы, якія не гуляюцца з уражаннем, а гуляюцца з сэнсамі і культурнымі адсылкамі. Там прысутнічаюць не толькі беларускія культурныя спасылкі, але і сусветныя. Думаю, паступова будуць з’яўляцца новыя тэмы. З такіх новых накірункаў, што патроху фармуюцца — праца з беларускім арнаментам, у прыватнасці з посцілкамі, бо іх каляровая палітра папросту ўражвае.

— Што для цябе важнейшае ў мастацтве: форма ці змест?

— Пераважна — форма. Мы глядзім на карціны, каб атрымаць задавальненне ад таго, як яны зроблены. І нават калі яны намаляваны «брыдка», то павінны быць тэхнічна добра зроблены. Той жа Шагал і Пікаса, мне падаецца, у іх было больш працы з формай. Паўтараліся нейкія матывы: жанчыны, габрэі, козлікі, Віцебск, Парыж. Часам гэта адны і тыя ж сюжэты, але акцэнт быў менавіта на форме. І для мяне, пераважна, важней форма.

— Ці ёсць у цябе мастацкія куміры або тыя, хто натхняе?

— Куміраў складана вызначыць, але цяпер мяне натхняе Анры Маціс. Ён вельмі здорава працаваў з прасторай і колерам. Браў яркія колеры, але, напрыклад, у «Чырвоным пакоі» ён выкарыстаў толькі адзін чырвоны, дадаў жоўтыя лініі і некалькі каляровых акцэнтаў — і гэта спрацавала. Мы адчуваем у плоскім чырвоным колеры пакой, які мае нейкую перспектыву, аб’ём, і мы ў ім нібыта знаходзімся. Яшчэ мне падабаюцца нямецкія экспрэсіяністы. Маё мастацтва часта параўноўваюць менавіта з імі.

— Як ты бачыш ролю мастака ў сучасным грамадстве?

— Гэта вельмі складанае пытанне. І хто я такі, каб ужо на яго адказваць. У працэсе навучання я ўвесь час шукаю для сябе адказ, але пакуль не знайшоў.

— Ці адчуваеш ты сябе часткай беларускай мастацкай супольнасці, нават калі ты не ў Беларусі?

— Зараз я адчуваю сябе нават больш часткай беларускай мастацкай супольнасці, бо і людзі мяне так успрымаюць. І я заўсёды буду беларускім мастаком.

— Якія творчыя мары ці планы ты маеш на будучыню?

— Планы на будучыню — скончыць вучобу і вызначыцца, што рабіць далей. Зараз я паралельна раблю падкаст на YouTube «Калякі-малякі», дзе падчас размовы малюю запрошанага госця. У першым сезоне былі Мікіта Мелказёраў, Лявон Вольскі, Аляксандр Памідораў, Алесь Дзянісаў. Зараз ідзе другі сезон. У першым выпуску была Вольга Кліп. Разам з ёй мы зляталі на Венецыянскае біенале і паразмаўлялі пра яго, а таксама пра кар’еру Вольгі як мастацкай куратаркі і ментаркі. Запісаў яшчэ два выпускі, якія ў хуткім часе павінны выйсці. Так што працую…

 Дзякуй за размову.

слухайце аўдыё

На здымках: Працы мастака Яраслава Кіркеля на выставе «Kviecień»

 

.
. 
. 
.