Беларуская Служба

Беларусы Познані распрацоўваюць праграму курса беларусазнаўства

15.04.2025 16:47
На дадзены момант ідзе вызначэнне мэтавай аўдыторыі праграмы. 
Аўдыё
1
  • Курс беларусазнаўства - гутарка са Святланай Лясовіч.
.  2020      .
Ілюстрацыя. Пратэсты 2020 года сталі важнай часткай беларускай гісторыі. Фота: Pixabay.com / Juuud28

У польскім горадзе Познань дзейнічае таварыства «Інстытут беларускай мовы». Яго зарэгістравалі мясцовыя беларусы. Інстытут супрацоўнічае не толькі з экспертамі ў Польшчы, але таксама са спецыялістамі з іншых краін. Адзін з праектаў установы – Курс беларусазнаўства, які павінен наблізіць усім зацікаўленым праблематыку беларускай мовы, культуры і гісторыі. На дадзены момант ідзе распрацоўка праграмы курса, - гаворыць Святлана Лясовіч з Інстытута беларускай мовы.

— Курс для шырокага знаёмства з Беларуссю для ўсіх, каго гэта цікавіць. Мы ствараем праграму курса, і гэта хутчэй будзе вельмі арыенціровачны спіс тэм. Але якім будзе курс, гэта будзе абірацца з улікам мэтавай аўдыторыі. Гэта могуць быць замежнікі, якія вывучаюць беларускую мову. Мэтавай аўдыторыяй могуць быць беларусы ў Беларусі і беларусы паза межамі Беларусі, дыяспара. І гэта будзе курс хутчэй, каб у такой даступнай, лёгкай форме можна было атрымаць карціну пра тое, хто такія беларусы. І, безумоўна, гэта будзе курс для тых, хто шукае шлях ды сваёй самаідэнтыфікацыі і хоча ўявіць, як беларусы выглядаюць сёння сярод іншых народаў свету і як яны могуць сябе прэзентавацца гэтым народам свету.

— Вы сказалі, што гэта будзе курс для ўсіх людзей, якія цікавяцца Беларуссю, цікавяцца беларускай мовай ці культурай. Гэта вельмі шырокая тэматыка, бо можа быць інакш трэба прадставіць Беларусь людзям, якія зусім не ведаюць пра Беларусь, але па нейкай прычыне хацелі б пазнаёміцца з культурай, з мовай і з гісторыяй Беларусі, а зусім інакш трэба прэзентаваць гэтую тэматыку людзям, якія з Беларусі з'ехалі. Цяжка рабіць такі курс для ўсіх.

— Так, гэта адна з прычын спрэчак паміж аўтарамі праграмы на сённяшні дзень, бо, калі для сябе вызначыць мэтавую аўдыторыю, то складанне гэтай праграмы будзе больш простым. Але ідэя палягае якраз у тым, каб паспрабаваць вызначыць тыя актуальныя тэмы. Можа, гэта выглядае вельмі неабсяжна, вызначыць да іх кола пытанняў злабадзённых, над якімі хацелася б, каб беларусы думалі, і вызначыць тыя крыніцы, спіс літаратуры, спіс падкастаў, каналаў, якія па той ці іншай тэме могуць быць карысныя беларусам, вызначыць гэта для таго, каб пасля пад кожную мэтавую аўдыторыю стварыць свой курс беларусазнаўства. Ён можа быць не адзін, гэта будзе залежыць ад таго, ці, напрыклад, хтосьці адгукнецца і скажа: нам вельмі патрэбны гэты курс, калі ласка, зрабіце гэта для дыяспары, якая ў Польшчы, зрабіце гэта для студэнтаў, якія вывучаюць беларусістыку ў Варшаве ці ў Познані. У залежнасці ад гэтага ракурсу, будзе складацца праграма пад пэўную колькасць гадзін, з выбарам тэм і з разлікам на пэўны ўзровень валоданні беларускай мовай, бо гэта таксама мае вялікае значэнне. Такім чынам, праграма – гэта першы крок, каб у першую чаргу беларуская супольнасць адгукнулася і сказала: нам гэта трэба або нам гэта не трэба.

— І гэта будзе курс на беларускай мове перш за ўсё, ці мова таксама можа быць іншая, у залежнасці ад таго, для каго курс будзе стварацца?

— Гэта будзе курс на беларускай мове. Мне здаецца, што гэта вельмі важны складнік, бо мова – гэта адзін з элементаў тоеснасці ў тэматыцы прадстаўлення беларусаў. Магчыма, далей, калі мы кажам пра запатрабаванасць гэтага курса замежнікамі, ён будзе перакладацца і стварацца пад замежную аўдыторыю. Мне здаецца, што сёння беларусам не хапае гэтага курса з улікам таго, што беларусазнаўства, якое раней выкладалася ў ВНУ ў Беларусі, заменена на ідэалогію, і хацелася б, каб беларусы сапраўды больш надзялялі ўвагі сваім ведам пра Беларусь.

— Гэта будзе толькі ў электронным варыянце, ці таксама збіраецеся выдаць і папяровы падручнік. Можа, цяпер папяровая форма ўжо састарэла, ужо непатрэбная?

— Мне здаецца, што кніжка заўсёды патрэбная ў любым выглядзе, але зараз, пакуль мы ўсё ж такі вядзем размову толькі пра праграму, якую мы плануем зрабіць агульнадаступнай. Сачыце за сацсеткамі Інстытута беларускай мовы, у Інстаграм, ёсць Тэлеграм-канал, для таго, каб людзі пісалі нейкія пажаданні, прапановы, магчыма, нейкі цікавы кантэнт, які варта дадаць у праграму. Хацелася б сапраўды такой камунікацыі, для таго, каб стварыць штосьці цікавае беларусам. Я думаю, што важна, каб яны ў гэтым таксама паўдзельнічалі.

Размаўляла Наталля Грышкевіч

Слухайце далучаны гукавы файл