Беларуская Служба

Дзе знаходзіцца адзінае ў Польшчы Месца захоўвання радыеактыўных адкідаў і ці можна яго наведаць (ФОТА+ВІДЭА)

26.04.2025 14:10
Таямнічае месца, пра якое ідзе гаворка, размяшчаецца ў гістарычным царскім форце, недалёка ад Варшавы.
Аўдыё
  • Прадпрыемства па абясшкоджванні радыеактыўных адкідаў
«Бочкі» з радыеактыўнымі адкідаміКрыніца: Інфармацыйныя матэрыялы Прадпрыемства па абясшкоджванні радыеактыўных адкідаў/ https://www.gov.pl/web/zuop

Сярэднестатыстычнаму чалавеку радыеактыўныя адкіды атаясамліваюцца з адпрацаваным ядзерным палівам, то бок з АЭС, але ў Польшчы атамная электрастанцыя пакуль на этапе ўрадавых планаў. Адкуль тады бяруцца такія адкіды Польшчы? Як яны перапрацоўваюцца і абясшкоджваюцца? Дзе знаходзіцца адзінае ў Польшчы месца захоўвання радыеактыўных адкідаў і ці можна яго наведаць? Адказы на гэтыя ды шмат іншых пытанняў вы знойдзеце ў нашым матэрыяле.

Хоць у Польшчы АЭС пакуль няма, але ёсць апошні актыўны ядзерны рэактар — рэактар «Марыя» (адзін з двух якія працавалі ў краіне). Цяпер гэта асноўная крыніца  радыеактыўных адкідаў, хоць не адзіная, кажа дырэктарка Прадпрыемства па абясшкоджванні радыеактыўных адкідаў з Отвацка Анэта Корчыц (Aneta Korczyc):

— Гэта таксама ядзерная медыцына, дзякуючы якой ратуем здароўе і жыццё людзей. Наступная крыніца — прамысловасць. Гаворка ідзе кандэнсаванае змесціва радыеактыўных ізатопаў, якое выкарыстоўваецца, напрыклад, для рэнтгенаўскай праверкі герметычнасці трубаправодаў, зварных швоў, праверкі ўзроўню напаўнення вялікіх прамысловых рэзервуараў, што было б складана зрабіць іншым спосабам. Яшчэ адна крыніца — навука і медыцына, бо згаданы рэактар «Марыя» прызначаны ў першую чаргу для вытворчасці лекаў на аснове радыеактыўных ізатопаў. Наступная крыніца — гэта ізатопныя датчыкі дыму. У Польшчы мы абясшкоджваем і захоўваем гэтыя датчыкі, бо яны ўтрымліваюць доўгажывучыя ізатопы.

Прадпрыемства па абясшкоджванні радыеактыўных адкідаў у Отвацку. Крыніца: Інфармацыйныя матэрыялы Прадпрыемства па абясшкоджванні радыеактыўных адкідаў Прадпрыемства па абясшкоджванні радыеактыўных адкідаў у Отвацку. Крыніца: Інфармацыйныя матэрыялы Прадпрыемства па абясшкоджванні радыеактыўных адкідаў

Радыеактыўныя адкіды можна падзяліць на розныя катэгорыі. Напрыклад, калі гаворка ідзе пра агрэгатны стан, то ў Польшчы мы маем дачыненне ў асноўным цвёрдымі і вадкімі радыеактыўнымі адкідамі. Газавых у Польшчы практычна няма:

— Аднак акрамя агрэгатнага стану, мы павінны, перш за ўсё, разгледзець, якія ізатопы знаходзяцца ў дадзеным тыпе радыеактыўных адкідаў — ці з'яўляюцца яны кароткажывучымі, то бок іх перыяд паўраспаду складае да 30 гадоў, ці доўгажывучымі — перыяд паўраспаду якіх складае мільёны гадоў. Затым, сярод кароткажывучых і доўгажывучых адкідаў мы адрозніваем нізка-, сярэдне- і высокаактыўныя адкіды – якія адрозніваюцца магутнасцю выпраменьвання, то бок колькасцю энергіі, якую яны вытвараюць. У Польшчы найбольш кароткажывучых і нізкаактыўных адкідаў, якія мы самі перапрацоўваем і захоўваем. Ёсць таксама невялікая колькасць сярэднеактыўных. Калі гаворка ідзе пра доўгажывучыя адкіды, то гэта ў асноўным ізатопныя датчыкі дыму.

З часам любыя радыеактыўныя адкіды становяцца звычайнымі бытавымі адкідамі. Напрыклад, калі перыяд паўраспаду дадзенага ізатопа складае 10 дзён, то праз 10 дзён яго актыўнасць падае ўдвая, а пасля чарговых 10 дзён - яшчэ ўдвая, а потым знікае. Такім чынам, усё залежыць ад таго, які ізатоп знаходзіцца ў адкідах і колькі часу спатрэбіцца ямы для поўнага распаду. Але перш, чым гэта адбудзецца, радыеактыўныя адкіды трэба абясшкодзіць і бяспечна захоўваць на працягу даўжэйшага або карацейшага часу:

— Калі казаць пра цвёрдыя адкіды, у нас ёсць адна базавая тэхналогія для іх перапрацоўкі, ну, насамрэч дзве. Адна з іх — гэта прэсаванне. Яно тычыцца ўсіх адкідаў, якія можам сціснуць і такім чынам зэканоміць месца. Калі адкіды можна парэзаць, мы таксама выкарыстоўваем такі метад, каб змясціць іх у нашу стандартную ўпакоўку. Калі гаворка ідзе пра вадкія адкіды, якія ў асноўным вытварае рэактар «Марыя», у нас ёсць дзве тэхналогіі. Гэта тэхналогія зваротнага осмасу. Яна аддзяляе радыеактыўныя сцёкавыя воды, якія ўтрымліваюць ізатопы, ад вады, якая з'яўляецца чыстай. І другая тэхналогія, вынік якой будзе абсалютна такім жа, гэта выпарэнне. Згаданы працэс дазваляе атрымаць вадкасць, якая змяшчае канцэнтраваны склад радыеактыўных ізатопаў. Вельмі важная інфармацыя - пасля ўсіх працэсаў ачысткі мы змешваем гэты радыеактыўны шлам з цэментным растворам і змяшчаем у такую ​​стандартную ўпакоўку. Толькі ў такім стане гэткія адкіды можна далей захоўваць.

Месца захоўвання радыеактыўных адкідаў у Ружане. Крыніца: Інфармацыйныя матэрыялы Прадпрыемства па абясшкоджванні радыеактыўных адкідаў Месца захоўвання радыеактыўных адкідаў у Ружане. Крыніца: Інфармацыйныя матэрыялы Прадпрыемства па абясшкоджванні радыеактыўных адкідаў

«Стандартная ўпакоўка», пра якую згадала спадарыня дырэктар, гэта сталёвая «бочка», аб'ёмам у 200 літраў, пакрытая знутры і звонку антыкаразійным рэчывам. У Польшчы існуе адно месца, дзе такія «бочкі» захоўваюцца:

— У Польшчы можам захоўваць кароткажывучыя, нізка- і сярэднеактыўныя адкіды. З 1961 года ў горадзе Ружан (Różan) у Макаўскім павеце (цэнтральная Польшча, — рэд.) працуе адзінае ў краіне Месца захоўвання радыеактыўных адкідаў. Паводле польскіх законаў, захоўванне можа адбывацца ў адпаведна падрыхтаваным месцы без магчымасці паўторнага выкарыстання адкідаў. Усё, што знаходзіцца па-за катэгорыямі кароткажывучых, нізка- і сярэднеактыўных адкідаў, патрабуе толькі складавання. Пасля адпаведнай падрыхтоўкі такіх адкідаў мы іх складуем на спецыяльных складах і чакаем, пакуль у Польшчы з'явіцца месца для глыбокага захоўвання, гэта значыць на глыбіні некалькіх сотняў метраў пад зямлёй, у адпаведных геалагічных фармацыях. У такіх умовах можна ўтрымліваць усе катэгорыі радыеактыўных адходаў, у тым ліку адпрацаванае ядзернае паліва. Аднак па эканамічных прычынах кароткажывучыя, нізка- і сярэднеактыўныя адкіды не захоўваюцца такім чынам — няма такой неабходнасці.

Месца захоўвання радыеактыўных адкідаў у Ружане. Крыніца: Інфармацыйныя матэрыялы Прадпрыемства па абясшкоджванні радыеактыўных адкідаў Месца захоўвання радыеактыўных адкідаў у Ружане. Крыніца: Інфармацыйныя матэрыялы Прадпрыемства па абясшкоджванні радыеактыўных адкідаў

Калі Ружан — гэта адзінае месца, дзе ў Польшчы захоўваюцца такія адкіды, то ўзнікае лагічнае пытанне, калі яно запоўніцца:

— Усё залежыць ад прытоку адкідаў у будучыні. Нашае месца захоўвання, працуе з 1961 года. Гэта гістарычны царскі форт, пабудаваным на пачатку XX стагоддзя. На першым этапе эксплуатацыі, гэта значыць да канца 1970-х гадоў, адкіды размяшчаліся ў будынках форта, таўшчыня сценаў якіх складае ад 1,2 да 1,8 м, што выдатна  забяспечвае згаданы груз. Затым, з канца 1970-х гадоў, адкіды пачалі размяшчаць у першым з трох зямных абарончых роваў(канаваў) форта. На дадзены момант мяркуецца, што згаданы роў запоўніцца, прыкладна, праз 2-3 гады. У нас засталіся яшчэ дзве такія канавы. Значыць, калі б захаваўся цяперашні прыток радыеактыўных адкідаў, (у сярэднім 60 кубічных метраў вадкіх адкідаў і каля 50 кубічных метраў цвёрдых адкідаў) то месца захоўвання ў Ружане хопіць нам яшчэ на многія гады. Але па-першае, у нас ёсць планы будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў краіне. Па-другое, у нейкі момант, нам давядзецца вывесці з эксплуатацыі рэактар ​​«Марыя». Тады гэтых адкідаў будзе шмат, у тым ліку буйнагабарытных, і месца ў Ружане можа хутка запоўніцца. 

Дарэчы, сам працэс закрыцця такога месца, то бок спынення яго працы складаны і можа зацягвацца нават больш за 10 гадоў. У сваю чаргу, пасля фармальнага закрыцця многія гады працягваецца маніторынг навакольнага асяроддзя. Як сёння мяркуецца, толькі праз 300 гадоў можна будзе вярнуць гэтую тэрыторыю мясцовай супольнасці для любога выкарыстання.

Месца захоўвання радыеактыўных адкідаў у Ружане. Крыніца: Інфармацыйныя матэрыялы Прадпрыемства па абясшкоджванні радыеактыўных адкідаў Месца захоўвання радыеактыўных адкідаў у Ружане. Крыніца: Інфармацыйныя матэрыялы Прадпрыемства па абясшкоджванні радыеактыўных адкідаў

Анэта Корчыц запэўнівае, што Польшча прадукуе няшмат радыеактыўных адкідаў, і хоць не мае атамнай энергетыкі, але ёсць адмысловае Месца захоўвання радыеактыўных адкідаў.

Дарэчы, у ЕС дзейнічае агульны прынцып — кожная краіна самастойна спраўляецца са сваімі радыеактыўнымі адкідамі. Польшча толькі раз у гісторыі экспартавала адпрацаванае ядзернае паліва за мяжу:

— У Польшчы такая сітуацыя здарылася толькі адзін раз і адбылася ў рамках міжнароднага праекта ў 2009–2016 гадах. Гэта быў экспарт адпрацаванага ядзернага паліва, якое ўзнікла падчас працы даследчых рэактараў. У рамках трохбаковага пагаднення паміж урадамі ЗША, Польшчы і Расіі гэтае паліва было экспартаванае з Польшчы ў краіну-вытворцу, то бок у Расію. Увесь гэты праект, за выключэннем элемента абясшкоджвання адкідаў, быў фінансаваны ўрадам Злучаных Штатаў Амерыкі. Гэта быў вельмі вялікі і складаны праект, і польскі ўрад заплаціў за тое, што пасля перапрацоўкі згаданае ядзернае паліва засталося ў Расіі.

Прадпрыемства па абясшкоджванні радыеактыўных адкідаў у Отвацку. Крыніца: Інфармацыйныя матэрыялы Прадпрыемства па абясшкоджванні радыеактыўных адкідаў Прадпрыемства па абясшкоджванні радыеактыўных адкідаў у Отвацку. Крыніца: Інфармацыйныя матэрыялы Прадпрыемства па абясшкоджванні радыеактыўных адкідаў

Калі для супрацоўнікаў адзінага ў Польшчы прадпрыемства, якое займаецца абясшкоджваннем радыеактыўных адкідаў, радыяцыя - гэта штодзённая з'ява, то для сярэднестатыстычных жыхароў Польшчы назва: Месца захоўвання радыеактыўных адкідаў гучыць, як мінімум, злавесна. Таму кампанія прыкладае шмат намаганняў, каб змагацца з міфамі і стэрэатыпамі:

— Лёгка здагадацца, што ў 1961 годзе ніхто не пытаўся ў жыхароў гміны Ружан, што яны думаюць пра ідэю адкрыцця тут Месца захоўвання радыеактыўных адкідаў; ніхто не праводзіў адукацыйнай дзейнасці ў гэтай галіне. Аднаго подпісу ў Варшаве было дастаткова, каб вырашыць пра дыслакацыю тут Месца захоўвання радыеактыўных адкідаў. На сённяшні дзень мы распрацавалі спосабы камунікацыі з мясцовай супольнасцю. Дзейнічае Камісія па радыелагічнай абароне, у склад якой уваходзяць мясцовыя дэпутаты. Яны застаюцца ў непасрэдным кантакце з прадпрыемствам і маюць адпаведныя, у тым ліку, кантрольныя паўнамоцтвы. Раз на год мы рыхтуем справаздачу, якая ўключае інфармацыю пра тое, што адбылося ў папярэднім годзе на месцы захоўвання адкідаў, якія інвестыцыі мы ажыццявілі, якія адукацыйныя мерапрыемствы мы правялі ў гміне Ружан. Мы знаёмім мясцовыя ўлады з усімі вынікамі маніторынгу навакольнага асяроддзя.

Супраца з мясцовымі ўладамі — гэта далёка не ўсё. Прадпрыемства па абясшкоджванні радыеактыўных адкідаў супрацоўнічае таксама з мясцовымі школамі: арганізоўвае для вучняў акцыю «Ядзерны тыдзен», экскурсіі па Месцы захоўвання радыеактыўных адкідаў, праводзіць спецыяльныя майстар-класы, ставіць свой адукацыйны намёт пры нагодзе розных гарадскіх святаў.

Месца захоўвання радыеактыўных адкідаў у Ружане. Крыніца: Інфармацыйныя матэрыялы Прадпрыемства па абясшкоджванні радыеактыўных адкідаў Месца захоўвання радыеактыўных адкідаў у Ружане. Крыніца: Інфармацыйныя матэрыялы Прадпрыемства па абясшкоджванні радыеактыўных адкідаў

У сваю чаргу з 2012 года рэгулярна арганізоўвае «Дні адкрытых дзвярэй». Месца захоўвання радыеактыўных адкідаў можна наведаць таксама пры нагодзе Дзён горада Ружан (напрыканцы ліпеня), Мілітарнага пікніку(у верасні), а цягам апошніх гадоў таксама ў «Ноч музеяў» (сёлета 17 траўня). 

— Шчыра запрашаем усіх зацікаўленых наведаць Месца захоўвання радыеактыўных адкідаў у Ружане ў ноч 17 траўня, то бок пры нагодзе акцыі «Ноч музеяў». Гэта будзе нашая другая «Ноч музеяў». Экскурсія не патрабуе ніякай падрыхтоўкі. Гэта бяспечнае месца, дзе доза радыяцыі ніжэйшая, чым, напрыклад, у Закапанэ (у польскіх гарах Татры –рэд.) ці ў Гдыні (на ўзбярэжжы Балтыйскага мора –рэд. Сардэчна запрашаем вас у гэты дзень. У іншыя дні таксама можна паглядзець Месца захоўвання радыеактыўных адкідаў, але не ноччу, — кажа дырэктарка Прадпрыемства па абясшкоджванні радыеактыўных адкідаў спадарыня Анэта Корчыц (Aneta Korczyc).

Анна Задрожна