Беларуская Служба

 «Хацела падтрымаць Беларусь хаця б мовай»: польская студэнтка вывучае беларусістыку і аб’ядноўвае маладых навукоўцаў

27.04.2025 06:12
Польская студэнтка Дамініка Жэрка вывучала беларускую філалогію ў Познані, цяпер арганізоўвае навуковыя канферэнцыі і марыць пра развіццё беларусістыкі ў Польшчы. 
Аўдыё
  • Польская студэнтка вывучае беларусістыку і аб’ядноўвае маладых навукоўцаў
Дамініка ЖэркаБеларуская служба Польскага радыё/radyjo.net/фота аўтара

Aсабістая гісторыя Дамінікi Жэркi сведчыць пра цікавасць да Беларусі, што ўзмацнілася пасля падзей 2020 года і стала асновай для акадэмічнай і грамадскай ініцыятывы.

Пісала ліст да рэктара, каб вывучаць беларускую мову

Дамініка Жэрка — выпускніца факультэта славянскіх філалогій. Па нацыянальнасці яна полька, але заўсёды мела цікавасць да ўсходнеславянскіх моў. Таму падчас навучання ва ўніверсітэце імя Адама Міцкевіча ў Познані вывучала ўкраінскую, расійскую і беларускую філалогіі.

Калі Дамініка толькі паступіла ва ўніверсітэт, там ужо пэўны час існавалі спецыяльнасці па расійскай і ўкраінскай філалогіі, а беларускую адкрылі ў 2021 годзе.

— Я настолькі хацела вывучыць беларускую мову, што нават пісала ліст да рэктара з просьбай дазволіць мне бясплатна вывучаць яе, паколькі я была добрай студэнткай, удзельнічала ў навуковых канферэнцыях. Мела сапраўднае, глыбокае жаданне вывучаць мову. І вельмі рада, што цяпер у Познані ёсць такая магчымасць, — распавядае яна.

Першымі студэнтамі-беларусістамі былі палякі

Першы набор на беларускае аддзяленне ва ўніверсітэце адбыўся ў 2021 годзе. Дамініка прыгадвае, што на першым курсе не было ніводнага беларуса.

— Усе студэнты першага курса — пяць чалавек — былі палякамі. Усе яны мелі цікавасць да Беларусі і яе мовы. Цяпер яны ўжо добра валодаюць беларускай. А зараз на факультэце навучаюцца пераважна беларусы, якія, пасля падзей 2020 года, не змаглі вучыцца на Радзіме, — кажа яна.

 

Падзеі 2020 года — пераломны момант

Паводле Дамінікі, падзеі 2020 года сталі важным фактарам, які паўплываў на выбар многіх польскіх студэнтаў.

— Раней палякі ўвогуле мала ведалі пра Беларусь, але пасля 2020 года з’явілася вялікая цікавасць. Адной з нашых студэнтак была дзяўчына, якая ўжо скончыла расійска-украінскую філалогію, але вельмі хацела вывучыць і беларускую мову, а таксама глыбей пазнаць беларускую культуру, грамадства і сітуацыю ў краіне. Я ўпэўнена, што ўплыў пратэстаў адыграў значную ролю ў выбары спецыяльнасці, — падкрэслівае яна.

 

Упершыню пачула беларускую мову ў песнях Вольскага

Што тычыцца асабістых матываў, Дамініка адзначае:

— Мяне вельмі зачароўвае гучанне беларускай мовы, тое, як на ёй пішацца. Але не магу не сказаць, што моцна ўсхвалявала і палітычная сітуацыя ў Беларусі. Я хачу падтрымаць працэс вызвалення хаця б тым, што вывучаю беларускую мову.

 — А дзе вы ўпершыню пачулі беларускую мову?

— Беларускую мову ўпершыню пачула ў песнях Лявона Вольскага. Я люблю рок, і выпадкова натрапіла на яго творчасць. Гэтая музыка мяне зачапіла, і менавіта праз яе я зацікавілася мовай».

 

Беларуская філалогія адкрывае новыя перспектывы для палякаў

Цяпер ва ўніверсітэце існуе толькі бакалаўрская праграма па беларускай філалогіі, якая з'яўляецца дадатковай спецыяльнасцю. А на расаейскай і  ўкраінскай філалогіі існуе і магістратура. Але нават у такім фармаце беларусістыка адкрывае новыя магчымасці. Дамініка згадвае, што адзін з выпускнікоў беларускага аддзялення пасля сканчэння яшчэ дыпламатычнай акадэміі працуе ў дыпламатычных службах. Ён, дарэчы, найбольш быў зацікаўлены менавіта Беларуссю.

— Іншыя дзяўчаты, што скончылі факультэт, працуюць перакладчыкамі — ім патрэбна валодаць рознымі мовамі. Беларуская філалогія дае шырокі гуманітарны падмурак. Асабліва для палякаў, якія праз яе могуць зірнуць на гісторыю і культуру іначай.

Калі мы ў школе вывучалі гісторыю Рэчы Паспалітай, нам не расказвалі, што гэта была шматкультурная дзяржава. Уся праграма была сканцэнтраваная на польскім аспекце. Беларуская філалогія дазваляе паглядзець на гэта зусім іншымі вачыма. Мой погляд на гісторыю, узаемаадносіны народаў, ролю палякаў на ўсходзе вельмі змяніўся, — распавядае яна.

 

Мэта згуртавання беларусістаў — аб’яднаць маладых навукоўцаў

Пасля заканчэння вучобы Дамініка актыўна займаецца развіццём навуковага згуртавання беларусістаў на факультэце ўсходнеславянскіх моваў. Яна арганізоўвае канферэнцыі для тых, хто даследуе беларусістыку.

— Летась на адну з канферэнцый з’ехаліся навукоўцы з усёй Польшчы — беларусы, палякі і ўкраінцы. Мы марым зрабіць гэтыя канферэнцыі міжнароднымі. Мы вырашылі, што гэта павінна быць інтэрдысцыплінарная падзея, прысвечаная Беларусі. Бо галоўнае — гэта не толькі даклады, а і кантакты паміж маладымі даследчыкамі.

Я асабіста ніколі не адчувала такой атмасферы, як на нашай канферэнцыі. Людзі з вялікім энтузіязмам размаўлялі пра Беларусь. Тэмы былі самыя розныя: літаратура, культура, мовазнаўства, нацыянальная самасвядомасць. Асноўны фокус цяпер — на студэнтах і аспірантах. Сталыя навукоўцы ўжо маюць свае кантакты, а для маладых гэта магчымасць сустрэцца, пазнаёміцца, абмяняцца ідэямі.

 

У беларусістыкі ёсць перспектыва ў Польшчы

Дамініка Жэрка адзначае, што беларусістыка мае добрыя перспектывы для развіцця ў Польшчы. Вядуцца як моўныя, так і гістарычныя даследаванні, што садзейнічае лепшаму разуменню паміж народамі. Яна спадзяецца, што неўзабаве ва ўніверсітэце з’явіцца і магістратура па беларусістыцы, каб можна было атрымаць поўную вышэйшую адукацыю ў гэтай спецыяльнасці.

 

Павел ЗАЛЕСКІ

Здымак: Дамініка Жэрка, фота аўтара