Беларуская Служба

Каралы губляюць колер: трывожная з'ява, якая змяняе аблічча акіянаў

02.05.2025 10:11
Стагоддзямі каралы радавалі сваімі насычанымі колерамі, забяспечваючы прытулак для тысяч марскіх відаў.
Аўдыё
  • Каралы губляюць колер: трывожная з'ява, якая змяняе аблічча акіянаў
.
.Lisa/Pixabay

Аднак у апошнія дзесяцігоддзі свет назірае трывожны працэс: абясколерванне каралаў. Нядаўна быў апублікаваны апошні даклад Нацыянальнага ўпраўлення акіянічных і атмасферных даследаванняў ЗША (NOAA), які раскрывае маштабы з'явы: абясколерванне закранула рэкордныя 84 працэнты рыфаў у свеце.

Абясколерванне каралаў — гэта працэс, пры якім каралы губляюць свае яркія колеры з-за страты сімбіятычных водарасцяў, якія жывуць у іх тканінах. Менавіта гэтыя мікраскапічныя водарасці забяспечваюць каралы большай часткай пажыўных рэчываў і адказваюць за іх колер. Павышэнне тэмпературы вады, галоўным чынам выкліканае глабальным пацяпленнем і ўзроўнем кіслотнасці акіянаў, прымушае каралы пазбаўляцца ад водарасцяў, губляючы свой колер і здольнасць нармальна функцыянаваць.

Географ Роберт Шэўчык прызнае, што каралы — гэта даволі складанае, комплекснае, прыроднае асяроддзе:

- Яго асновай з'яўляюцца шкілеты марскіх арганізмаў, якія калісьці тут функцыянавалі. Калі гэты арганізм, карал, памірае, то гэтыя мяккія тканіны раскладаюцца, але шкілет застаецца. І гэта ён з'яўляецца будаўнічым матэрыялам гэтага каралавага рыфа. Шкілеты назапашваюцца, злучаюцца адзін з адным, ствараюць цвёрдую, практычна скалу, і яны забяспечваюць аснову для каралавага рыфа, які часам цягнецца ўздоўж узбярэжжаў кантынентаў, напрыклад, найбуйнейшы каралавы рыф на Зямлі, Вялікі бар'ерны рыф, ля ўзбярэжжа паўночна-ўсходняй часткі Аўстраліі. Сярод гэтых каралаў жывуць і іншыя водныя арганізмы, рыбы, слімакі, розныя віды марскіх млекакормячых. Таму гэта багацце, можна сказаць, вялікі сад прыроды, які поўны жыцця, поўны экзатычных, невядомых нам формаў, як раслін, так і жывёл.

З пачатку 2023 года па красавік 2025 года амаль 84 працэнты каралаў адчулі цеплавы стрэс, які выклікаў выцвітанне рыфу на планеце. Гэта чацвёртае глабальнае абясколерванне рыфаў у гісторыі, якое закранула ланцугі рыфаў у Ціхім, Атлантычным і Індыйскім акіянах. Вялікі бар'ерны рыф пацярпеў асабліва моцна: да 60% каралаў маюць прыкметы моцнага пазбаўлення колеру.

Абясколерванне мае наступствы, якія выходзяць за рамкі эстэтыкі падводных ландшафтаў. Каралы з'яўляюцца асновай марскіх экасістэм: яны абараняюць узбярэжжы ад эрозіі і з'яўляюцца месцамі нерасту і жыцця для незлічоных відаў рыб і іншых арганізмаў. Іх знішчэнне азначае катастрофу для мільёнаў людзей, якія залежаць ад рыбалоўства і турызму.

- Гэта асяроддзе вельмі адчувальнае і патрабавальнае з пункту гледжання ўмоў. Сярэдняя аптымальная тэмпература для іх складае 26-27 градусаў у сярэднім на працягу года, што даволі цёпла. Яны нібыта дамовіліся з водарасцямі, бо ім патрэбна сонечнае святло. Каралавыя рыфы жывуць дзякуючы сонечнаму святлу. Адным словам, патрабавальныя гэтыя жывёлы, але за тое ствараюць сапраўдны феерверк колераў. Паколькі яны жывуць у чыстых водах, дастаткова проста акунуць галаву, не трэба апускацца глыбока, апранаць вадалазны касцюм ці балон, трэба проста плаваць практычна на паверхні і любавацца ўсім гэтым светам, - гаворыць географ Роберт Шэўчык.

У дакладзе NOAA папярэджваецца, што ў многіх рэгіёнах свету тэмпература застаецца дастаткова высокай, каб выклікаць незваротную гібель некаторых відаў каралаў або нават цэлых рыфаў. Тэарэтычна, калі ўмовы палепшацца, каралы могуць аднавіцца, але прагноз не аптымістычны.

Каля мільярда чалавек ва ўсім свеце жывуць менш чым за 100 км ад каралавых рыфаў і атрымліваюць выгаду ад іх існавання прама ці ўскосна: рыбалоўства, турызм і абарона прыбярэжных раёнаў — гэта толькі некаторыя з пераваг.

Калі тэмпература Зямлі павысіцца на 1,5 градуса Цэльсія ў параўнанні з даіндустрыяльнай эпохай, гэта можа азначаць смерць 70-90 працэнтаў каралаў. Тым часам, бягучыя абавязацельствы краін па скарачэнні выкідаў парніковых газаў паказваюць, што тэмпература можа павысіцца больш чым на 3 градусы да канца 21-га стагоддзя.

2024 год стане самым цёплым годам за ўсю гісторыю назіранняў як на сушы, так і ў акіяне. З 1970 года акіяны паглынулі больш за 90 працэнтаў лішняга цяпла, якое ўтвараецца ў выніку выкідаў парніковых газаў, а хуткасць іх пацяплення амаль падвоілася з 2005 года.

Абясколерванне каралаў — гэта папярэджанне для ўсяго чалавецтва. Гэта сігнал таго, што змяненне клімату — гэта не аддаленая пагроза, а рэальны крызіс, які адбываецца на нашых вачах. Нашы рашэнні сёння вызначаюць, ці захаваецца наш падводны свет для будучых пакаленняў.

ав

слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Экалогія ў сучасным свеце