Беларуская Служба

Студэнтаў, у якіх выразна акрэслены кар'ерны шлях, чакае расчараванне на рынку працы

06.05.2025 12:45
Рынак працы ў Польшчы патрабуе большай, чым раней гнуткасці, адкрытасці на змены і гатоўнасці да пастаяннага навучання.
Праца ў офісеFree-Photos/pixabay.com/CC0 Public Domain

Трое з чатырох студэнтаў у Польшчы лічаць, што пасля заканчэння вучобы знойдуць працу, якая будзе адпавядаць атрыманай адукацыі. У іх выразна акрэслены кар'ерны шлях: вучоба — дыплом — праца, вынікае з даследавання: «А пасля заканчэння вучобы мы ідзем на працу», праведзенага Групай MBE. Яны чакаюць, што працадаўца забяспечыць ім стабільны шлях развіцця і заробак у памеры 5-7 тысяч злотых без уліку падаткаў і збораў ужо на пачатку кар'еры. Выбар працадаўцы ў асноўным грунтуецца на памеры заробкаў, размяшчэнні месца працы і магчымасці спалучэння працы з вучобай. Ці апраўдае рынак працы іх чаканні?, задумоўваецца выданне Business Insider Polska.



Чаканні студэнтаў не вельмі адрозніваюцца ад прыярытэтаў людзей, якія ўжо займаюцца прафесійнай дзейнасцю. Згодна з дадзенымі «Справаздачы Work War Z», маладыя супрацоўнікі таксама надаюць вялікае значэнне пытанням зарплаты, развіцця і балансу паміж працай і асабістым жыццём.

Выпускнікі ВНУ могуць горка расчаравацца рынкам працы

Аднак даследаванні рынку працы сведчаць аб тым, што выпускнікі могуць горка расчаравацца.

Паводле звестак справаздачы «Барометр рынку працы», больш за палову кампаній у Польшчы маюць цяжкасці з падборам супрацоўнікаў. Прычына не ў недахопе кандыдатаў, а ў адсутнасці неабходных кваліфікацый. Адной з найбольш часта абмяркоўваных тэм на галіновых канферэнцыях з'яўляецца праблема з узроўнем практыкі, набытай падчас адукацыі.

Эксперты Польскага эканамічнага інстытута ў справаздачы: «Выпускнікі ўніверсітэтаў на польскім рынку працы» папярэджваюць, што ў многіх рэгіёнах папулярныя напрамкі навучання не адпавядаюць дэфіцытным прафесіям.

У некаторых ваяводствах адчуваецца дэфіцыт работнікаў у лагістыцы, прамысловасці ці ахове здароўя, і ў той жа час выпускнікоў такіх кірункаў, як эканоміка, паліталогія, сацыялогія ці культуралогія, больш, чым патрэбна рынку.

Аднаго дыплома недастаткова. Неабходны практычны вопыт  

Працадаўцы шукаюць не толькі адукаваных людзей, але, перш за ўсё, людзей з пэўнымі кампетэнцыямі, асабліва лічбавымі, аналітычнымі і камунікацыйнымі. Яны хочуць, каб кандыдаты мелі практычны вопыт, былі знаёмыя з лічбавымі інструментамі і ўмелі працаваць у камандзе.

Рынак таксама патрабуе ўсё большай гнуткасці і гатоўнасці да перакваліфікацыі. Дадзеныя паказваюць, што сёння 63 працэнты супрацоўнікі разглядаюць магчымасць змены прафесіі, каб адаптавацца да патрэб рынку. Адначасова рынак працы змяняецца пад уплывам тэхналогій. Павышэнне кваліфікацыі і перакваліфікацыя з'яўляюцца аднымі з найважнейшых умоў падтрымання канкурэнтаздольнасці - як для супрацоўнікаў, так і для кампаній.

Будучыня рынку працы — гэта бесперапыннае навучанне і адаптацыя

Кар'ерны шлях становіцца ўсё менш і менш лінейным. Студэнты выходзяць на рынак з амбіцыйнымі чаканнямі, але шлях ад дыплома да кар'еры патрабуе большай, чым раней гнуткасці, адкрытасці на змены і гатоўнасці да пастаяннага навучання. Рынак працы хутка правярае, хто валодае неабходнымі кампетэнцыямі.

аз

Палякі перагружаныя працай

01.05.2025 15:15
Паводле Еўрастата, сярэднестатыстычны жыхар Польшчы працуе на 3 гадзіны больш за сярэднюю па ЕС.

Палякі апынуліся ў вузкай групе народаў, якім пагражае знікненне

02.05.2025 13:30
Са 188 краін свету, для якіх МВФ падрыхтаваў прагнозы, да 2030 года рост насельніцтва чакаецца ў 153, а скарачэнне — толькі ў 33, у тым ліку ў Польшчы.