“Кшталт” прадстаўляў гурт “Сербскі нож”, які, па вызначэнні саміх удзельнікаў гурта, выконвае панк-рок, схаваны за прыгожай мелодыкай постпанка. Гурт быў створаны ў Варшаве маладымі беларускімі эмігрантамі ў 2023 годзе. Сярод яго ўдзельнікаў — двое паэтаў, якія пішуць тэксты для сваіх песень. З імі пагутарыў наш карэспандэнт.
Карэспандэнт: Сяргей Сасункевіч — вакаліст гурта, аўтар тэкстаў. Сяргей, пра што вашы тэксты?
Сасункевіч: Ды аб усім: аб прыродзе, аб чалавеку, ёсць палітычныя тэксты, пра абстрактныя паняцці, да прыкладу, пра ўладу як такую, пра тое, што нас турбуе.
Карэспандэнт: Станіслаў Бутрым, таксама ўдзельнік гурта, паэт. Станіслаў, як даўно выступае ваш гурт і хто вашы слухачы?
Бутрым: Мушу прызнаць, што я сам не ведаю, хто нашы слухачы. Хутчэй за ўсё гэта нейкі вымысел, іх не існуе. Гэта, мне здаецца, абстрактная з’ява. Але, думаю, розныя людзі, любога веку — ды і кожны чалавек — усе маглі б быць нашымі слухачамі. А што датычыцца таго, як даўно выступаем — з 2023 года. Спачатку пачалі выступаць на “Кшталце”, цяпер на розных іншых пляцоўках. Выступалі ў Варшаве і ў Беластоку адзін раз.
Карэспандэнт: А калі казаць пра “Кшталт” — у чым асаблівасць гэтага творчага аб’яднання?
Сасункевіч: Гэта была спроба стварыць творчую супольнасць. І мне здаецца, нам гэта ўдалося. Цяпер мы ездзім па розных гарадах і праводзім розныя культурніцкія мерапрыемствы. Прычым не толькі канцэрты, а жывыя сустрэчы, на якіх акрамя песень гучаць вершы, мы абменьваемся думкамі.
Карэспандэнт: Напэўна, пасля такіх сустрэч з’яўляюцца нейкія ўражанні. Ці ўплываюць яны на з’яўленне новых твораў?
Сасункевіч: Часцей за ўсё застаюцца пазітыўныя ўражанні. Гэта знаёмства з новымі людзьмі, нейкія адкрыцці для сябе. Вось у Познані першы раз у жыцці — і вельмі падабаецца горад, падабаюцца людзі, прастора, вясна — купа эмоцый. І гэта ўсё ўва мне, яно неяк перамолваецца, і з гэтага потым нешта нараджаецца — у вершах, у музыцы.
Карэспандэнт: Станіслаў, вы таксама пішаце тэксты для гурта?
Бутрым: Для гурта мала пішу, але так наогул пішу вершы.
Карэспандэнт: А як яны вам пішуцца ў эміграцыі, асабліва калі параўнаць з тым, як гэта рабілася ў Беларусі?
Бутрым: Шчыра кажучы, сур’ёзна я гэтым пачаў займацца менавіта ў эміграцыі. Тут змяняецца адчуванне жыцця, і ты можаш з іншай перспектывы паглядзець на яго. Ты жывеш тут, калі можна так сказаць, у абставінах неарганічных і можаш паглядзець на сваё жыццё як на нейкую абстракцыю. Увогуле шмат розных фактараў, якія ўплываюць на тое, што вершы тут пішуцца зусім інакш. Напрыклад, тое, што ты знаходзішся ў асяроддзі людзей, якія не размаўляюць на тваёй мове, ты часта адчуваеш сябе тут чужым, можаш сутыкнуцца з сітуацыямі, з якімі на радзіме ніколі не сутыкнуўся б. І таксама сустрэча са сваімі суайчыннікамі адчуваецца тут зусім інакш. Таму нават простыя рэчы пачынаюць выглядаць неяк дзіўна.
Карэспандэнт: Адна справа, калі знаходзіліся дома: маглі з паліцы ўзяць любую кнігу, быць у сваім асяроддзі. А ці існуе ў эміграцыі такі асяродак, дзе паэт можа па-сапраўднаму разняволіцца?
Сасункевіч: Ёсць такі асяродак. Тут даволі моцная беларуская дыяспара, вельмі шмат людзей, зацікаўленых культурай, творчасцю. І нават, мне здаецца, тут больш канцэнтраванае гэтае творчае асяроддзе. Таму нават не скажу, дзе лепш пісалася і жылося творчай асобе. Дарэчы, для творчага чалавека часам бывае: чым горш, тым лепш. Таму эміграцыя нават добра паўплывала на некаторыя творчыя аспекты.
Карэспандэнт: Але тут пішаш, пішаш — а дзе потым апублікаваць, дзе атрымаць ганарар? Як наогул паэту пражыць у эміграцыі?
Бутрым: Мне здаецца, трэба яшчэ недзе працаваць. Я яшчэ жыву з бацькамі, бо з імі сюды і пераехаў. Але выйсце адно — працаваць, бо пражыць на ўласнай творчасці ў беларускай дыяспары вельмі складана. Што датычыцца публікацый, то тут прасцей, паколькі жывём у час інтэрнэту і заўсёды можна выкласці туды свае творы. Таксама ёсць шмат эмігранцкіх выдавецтваў, і пры добрых знаёмствах, а нават пры таленце — калі нешта спадабаецца выдаўцу, то можна і апублікавацца. А калі не — то можна заўсёды зрабіць гэта самому. Мы рабілі такія самвыдаты для нашых паэтычных сустрэч. Галоўнае — каб было жаданне тварыць, а пражыць заўсёды неяк можна. Але, яшчэ раз падкрэслю, на ўласнай творчасці гэта пакуль нерэальна. І я скажу, што гэта нават добра, бо калі б на гэтым можна было зарабіць, то гэта б, напэўна, кепска ўплывала на саму творчасць.
Карэспандэнт: А што для паэта азначае эміграцыя?
Сасункевіч: Я не ведаю, як гэта акрэсліць, але мне падаецца, што часцей за ўсё паэт і на сваёй радзіме знаходзіцца ў пэўнай унутранай эміграцыі. Таму для паэта гэта звычайная сітуацыя, далёка не навіна. Проста тут яна сінхранізуецца з унутранай і трансфармуецца ў знешнюю. Не ведаю — я неяк не адчуваю тут гэтую эміграцыю, бо ўсе мае сябры тут, мая жонка тут. Вось толькі часам сумую па нейкіх родных мясцінах, а сваё неба маю з сабой…
Гутарыў Павел ЗАЛЕСКІ