Эканамічны дабрабыт у Польшчы расце, але пры гэтым спецыялісты заўважаюць, што псіхалагічны стан жыхароў, асабліва маладых людзей, значна пагоршыўся. Шмат людзей змагаецца з дэпрэсіяй, трывожнасцю, расстройствам харчовых паводзін, думкамі аб самагубстве. Часам псіхічнае расстройства праяўляецца ў форме крайняй агрэсіі.
Паводле дадзеных інфармацыйнага сэрвісу аб залежнасцях, паміж 2010 і 2023 гадамі колькасць спроб самагубства сярод маладых людзей (да 24 гадоў) вырасла амаль у пяць разоў — з 800 да 3900 чалавек. Не заўсёды псіхічнае расстройства хтосьці заўважыць і адрэагуе загадзя. Ніхто не падняў своечасова трывогу ў выпадку 22-гадовага студэнта юрфаку з Варшавы Мешка Р. Хлопец з добрай сям’і юрыстаў, вельмі здольны, перамагаў у розных конкурсах, закончыў прэстыжны ліцэй, а 7 мая зарубіў сякерай выпадковую ахвяру – супрацоўніцу Варшаўскага ўніверсітэту. Здарэнне стала шокам для грамадства і выклікала дыскусію як пра ўзровень бяспекі ў грамадскіх месцах, так і пра магчымасці прафілактыкі такіх здарэнняў.
Няма эфектыўнай сістэмы прафілактыкі псіхічных захворванняў, якія могуць кумуляваць агрэсію, - адзначае псіхолаг Віялета Нікіцік.
— Мы прывыклі надаваць больш увагі буйным праявам агрэсіі, а не ціхім. Трэба яшчэ навучыцца распазнаваць і папярэджваць. Гэта ўжо спрабуюць рабіць. Напрыклад, у Сербіі быў падобны выпадак, калі вучань прыйшоў (узброены) у школу. І пасля гэтага ўвялі правіла, што кожны год з вучнем і яго апекунамі размаўляе школьны псіхолаг. Застаецца пытанне, ці можна было раней гэта заўважыць? Я чытала пра гэтага хлопца, усе казалі, што быццам бы ён быў нармальны, хаця быў інтравертам. Нельга ж падазраваць усіх інтравертаў, але такія выпадкі будуць падштурхоўваць да распрацоўвання сістэмы прафілактыкі.
Падлеткі адчуваюць вялізны школьны і адукацыйны ціск, яны чуюць, што толькі найлепшыя адзінкі праб’юцца на рынку працы, асобы са слабейшай нервовай сістэмай гэтага ціску могуць не вытрымліваць. З іншага боку, яны адчуваюць вялікую адзіноту, усё менш у нашых атамізаваных грамадствах эмацыйна цёплых і блізкіх адносін, якія неабходныя нашай псіхіцы.
— Эканамічны стан дзяржавы паляпшаецца, але пры гэтым эмацыйная сувязь бацькоў з дзецьмі пагаршаецца. Я нават здзівілася, убачыўся ў метро сацыяльную рэкламу – калі ласка, не давайце тэлефонаў дзецям, малодшым за два гады. Бацькі, занятыя сваімі справамі, даюць дзіцяці планшэт, тэлефон, замест таго, каб пабыць з ім. Выпадак з гэтым хлопцам – у яго бацька – праўнік, мама таксама з юрыдычнай адукацыяй. Ён быў спакойным, не ствараў праблем, відаць, прыносіў добрыя адзнакі. Часта назіраецца вялізная прорва паміж бацькамі і дзецьмі. Бацькі не ведаюць, што дзеці ствараюць сабе ў галаве. Дарэчы, гэты хлопец казаў, што ёсць драпежнікі і ахвяры (і ён хоча быць драпежнікам). У яго быў вялізны страх не стаць ахвярай... Бацькі павінны даваць больш свайго часу і эмацыйнага рэсурсу дзецям. Магчыма, гэта будзе не так паспяхова для іх кар’еры, але інакш мы бачым, чым гэта пагражае.
Псіхолагі частку віны за псіхалагічныя праблемы падлеткаў ускладваюць на сацыяльныя сеткі, інтэрнэт. Напрыклад, падчас скролінгу сацсетак выдзяляецца хуткі дафамін. Гэта нейрамедыятар, які адказвае за пачуццё прыемнасці і матывіроўку. Мозг прывыкае да лёгкага дафаміну і не шукае іншых яго формаў.
— Падлеткі становяцца залежнымі ад сацсетак, ад лайкаў. Гэта залежнасць ад дафаміну на ўзроўні мозгу. Наш мозг адаптаваны да малой колькасці дафаміну, зрэдку па кропельцы. І таму ў нас была матывацыя, мы да чагосьці імкнуліся. А зараз наша псіхіка не паспявае так хутка эвалюцыяніраваць за тым, як развіваецца наша цывілізацыя. Вылекаваць гэта немагчыма, неабходна размаўляць з падлеткамі на гэтую тэму, дарэчы, яны і самі ўжо разумеюць свае праблемы. Трэба, каб быў комплексны падыход – бацькоў, школы, таксама ў сацсетках трэба пар гэта казаць. Калі бацькі заўважаюць, што дзіця перастала чымсьці цікавіцца, не хоча ісці ў школу, а толькі сядзіць у тэлефоне, тады патрэбная дапамога спецыяліста. Тэлефон забірае жывы, эмацыйны кантакт, які быў раней. І перш за ўсё гэта ідзе з сям’і.
Свет навокал нас вельмі хутка мяняецца. Наша нервовая сістэма не паспявае за гэтымі зменамі. Псіхолаг кажа, што нашаму мозгу жыццёва неабходны жывы кантакт з іншым чалавекам. Сацсеткі гэтыя кантакты абмяжоўваюць, а пандэмія яшчэ пагоршыла сітуацыю.
— Калі мы глядзім адзін аднаму ў вочы, у нас уключаецца лімбічная сістэма ў мозгу, сінхранізуюцца малюнкі, калі іншы чалавек нешта распавядае. Калі нас закрылі ў дамах, гэтая сістэма пачала атрафіравацца. Умоўна кажучы, эмацыйныя мышцы нашай псіхікі пачалі атрафіравацца. Пасля пандэміі ў кагосьці наступіў голад жывых кантактаў, а іншыя наадварот хочуць толькі анлайн. Патэнцыйна гэта можа прывесці да праблем, дэпрэсійных станаў. Норма для нас – калі ёсць жывое племя, скажам, 100 блізкіх чалавек, з якімі мы можам паразмаўляць, дакрануцца да іх, абмяняцца інфармацыяй. Патрэбныя фізічныя стасункі з племенем. Калі гэтага няма, наш мозг будзе ў трывозе ад страху памерці. Гэта базавыя патрэбы – бяспечныя фізічныя і эмацыйныя стасункі.
У Польшчы сітуацыю яшчэ пагаршае нізкая даступнасць дзіцячай псіхіятрыі — мала спецыялістаў і доўгія чэргі да псіхіятраў. Акрамя таго, гэта і сямейныя праблемы, у тым ліку частыя разводы, недахоп увагі з боку дарослых. Не без уплыву застаецца і кліматычны крызіс, вайна ва Украіне і страх за будучыню.
Размаўляла Наталля Грышкевіч