Больш за месяц таму ў Польшчы пачала працаваць новая праграма прафілактыкі захворванняў пад назваю «Маё здароўе». Раней дзейнічала іншая праграма, а прадстаўнікі дзяржаўных устаноў, якія адказваюць за лячэнне і прафілактыку, абяцаюць, што новая праграма - больш комплексная, яна дазваляе карыстальнікам хутка, зручна і бяспечна правяраць ключавыя аспекты здароўя.
Праграма «Маё здароўе», якой могуць скарыстацца прыблізна 30 мільёнаў чалавек, пачала працаваць 5 мая. Каб прайсці адпаведныя абследаванні, неабходна запоўніць анкету, якая з'яўляецца падставай для атрымання накіравання на дыягнастычныя аналізы. Пасля праходжання аналізаў пацыент павінен сустрэцца з лекарам або медсястрой, якія прааналізуюць вынікі. У выпадку неабходнасці, пацыент атрымае індывідуальны план лячэння.
Ранейшая праграма называлася «Прафілактыка 40 плюс», адпаведна, ёй маглі скарыстацца людзі ва ўзросце 40 гадоў і старэйшыя. І мільёны жыхароў Польшчы праверылі свой стан здароўя ў рамках гэтай магчымасці. У сваю чаргу, новая праграма ахоплівае таксама іншыя ўзроставыя катэгорыі – ужо з 20-ці гадоў.
Людзі ва ўзросце ад 20 да 49 гадоў могуць здаваць аналізы паводле новай праграмы «Маё здароўе» не часцей, чым адзін раз у 5 гадоў, а людзі, старэйшыя за 49 гадоў — не часцей за адзін раз у 3 гады. Ацэнку стану здароўя можна правесці не пазней чым праз 12 месяцаў пасля апошняга агляду па праграме «Прафілактыка 40 плюс», якая завяршылася 30 красавіка.
Пашырэнне дзейнасці праграмы на маладзейшых людзей – гэта адна з важнейшых змен у праграме. Міністр здароўя Ізабэля Ляшчына (Izabela Leszczyna) нагадала, што многія хваробы, як хаця б анкалагічныя, не абыходзяць бокам таксама маладых людзей.
— Зразумела, можа аказацца, што хтосьці здаровы як тур. І, верагодней за ўсё, у чалавека, якому 20 з нечым гадоў, так яно і будзе. Але не заўсёды. На жаль, маладыя людзі таксама хварэюць. І таму я прапаную: табе 20 гадоў – у цябе ўжо ёсць права запоўніць анкету і праверыць сваё здароўе. І тады твой лекар табе падкажа – магчыма, неабходна нешта змяніць у стылі жыцця, у харчаванні, можа, трэба зрабіць іншыя, больш дакладныя аналізы і абследаванні, паколькі вынікі выйшлі не зусім такія, як нам хацелася б.
За месяц дзейнасці праграмы «Маё здароўе» на яе запісалася ўжо 250 тысяч жыхароў Польшчы, - паведаміла прэс-сакратар Міністэрства аховы здароўя Рэната Езюлкоўска (Renata Jeziółkowska). І нагадала, што запаўненне анкеты і здача аналізаў — гэта першы крок, пасля чаго пацыент звяртаецца да медсястры або сямейнага лекара ў сваю клініку.
— Такі візіт патрэбны не толькі дзеля таго, каб праверыць вынікі аналізаў і, у выпадку неабходнасці, прызначыць адпаведную тэрапію. Ён патрэбны таксама дзеля таго, каб пацыент атрымаў ад лекара парады на тэму здаровага вобразу жыцця, рацыянальнага харчавання – у залежнасці ад таго, якія патрэбнасці пацыента. Гэтая праграма падрыхтаваная такім чынам, каб кожны чалавек атрымаў сваю, індывідуальную кансультацыю, каб ён мог клапаціцца пра ўласны стан здароўя.
Пашыраныя дыягнастычныя тэсты назначаюцца ў залежнасці ад узросту і вынікаў абследавання. Напрыклад, людзі ва ўзросце 60 гадоў і старэйшыя змогуць праверыць свае кагнітыўныя функцыі (з выкарыстаннем шкалы, якая дазваляе прыняць рашэнне аб паглыбленні дыягностыкі ў бок дэменцыі). Пацыент атрымае вынікі лабараторных аналізаў і абследавання, а таксама індывідуальны план аховы здароўя. Запісацца на бясплатныя аналізы можна праз інтэрнэт-акаунт пацыента або непасрэдна ў паліклініцы па месцы пражывання.
А ці асобы, у якіх няма польскага грамадзянства, могуць скарыстацца праграмай? Каб правесці прафілактычныя абследаванні па гэтай праграме, замежнікі павінны адпавядаць пэўным умовам.
Па-першае, неабходна мець медыцынскую страхоўку. Іншаземцы павінны быць застрахаваныя ў польскай сістэме аховы здароўя. Гэта могуць быць людзі, якія застрахаваныя ў Нацыянальным фондзе аховы здароўя (NFZ) або маюць адпаведную медыцынскую страхоўку.
Па-другое, патрэбны законны статус пражывання. Асобы, якія звяртаюцца па міжнародную абарону, маюць права на медыцынскую дапамогу, але не застрахаваны ў адпаведнасці з палажэннямі аб абавязковым або добраахвотным медыцынскім страхаванні.
У выпадку замежнікаў, якія не адпавядаюць названым умовам, доступ да праграмы можа быць абмежаваны. У такіх сітуацыях рэкамендуецца звярнуцца ў адпаведныя ўстановы, такія як Бюро па справах замежнікаў або Нацыянальны фонд аховы здароўя, каб атрымаць падрабязную інфармацыю і магчымую дапамогу ў атрыманні доступу да медыцынскіх паслуг.
IAR/Pr. I PR/нг