Будслаўскі фэст у Лодзі амаль, як у Беларусі
Ірына — адна з актывістак беларускай каталіцкай суполкі ў Лодзі. Мы размаўляем з ёй пасля толькі што адбыўшайся Імшы, зладжанай у гонар урачыстасцяў Найсвяцейшай Панны Марыі Будслаўскай, апякункі Беларусі.
Беларуская каталіцкая супольнасць Лодзі, пілігрымы з Варшавы, Кракава, Познані маліліся да цудадзейнага абраза Маці Божай Будслаўскай. Мы толькі што пабачылі прадстаўленне тэатра ценяў “Аб’яўленне Маці Божай у Будславе”. У нас прыўзняты святочны настрой, спадарыня Ірына трохі ўсхваляваная і прызнаецца, што тут, у Лодзі, яны вельмі стараліся зладзіць Будслаўскі фэст.
Яшчэ яна згадвае, як падлеткам марыла патрапіць у Будслаў на такі фэст, але так і не здолела гэтага зрабіць.
— Гэта сапраўды сімвалы па-за месцам: гэты Будслаў, Маці Божая Будслаўская, фэст, пілігрымка — усё мае большую моц, чым непасрэдна пілігрымка да самога месца. І вельмі файна, што нават за мяжой мы можам гэта адчуць, прычыніцца да гэтага, памаліцца да Маці Божай Будслаўскай. А яшчэ я вельмі цешуся тым, якая ў нас адбылася энергія, і ў выніку ўсё вельмі цудоўна атрымалася, так шмат людзей прыехала. Адчуваецца, што гэта — як у Беларусі. Усё гэта вельмі моцна нас аб’ядноўвае, можна пазнаёміцца з цудоўнымі людзьмі.
Праз беларускую мову да Бога
Ірына, распавядаючы пра сябе, кажа, што наогул была ахрышчана ў праваслаўнай царкве, згадвае, што ў дзяцінстве разам з сям’ёй наведвала яе толькі на вялікія святы і памятае, што там ёй заўсёды нечага не ставала, каб адчуць Бога. І толькі ў каталіцкіх храмах яна пабачыла беларускую мову, што вельмі моцна паўплывала на яе светапогляд.
— І недзе ў 13–14 гадоў, калі пачаўся такі час пошуку сябе, пошуку адказаў на нейкія пытанні, я пачала цікавіцца беларускай культурай. Мы рабілі гэта разам з мамай: ездзілі на розныя экскурсіі, чыталі кнігі, даследавалі нашу культуру, гісторыю і пачалі часцей хадзіць у касцёл. Там я бачыла абвесткі па-беларуску, слухала службу па-беларуску.
Беларуская каталіцкая супольнасць паўстала з прыездам эмігрантаў
Апынуўшыся ў Польшчы, спадарыня Ірына працягвала хадзіць у касцёл, праўда, разам з палякамі, але аднойчы знаёмая беларуска распавяла ёй, што ў Лодзі арганізавалася беларуская каталіцкая супольнасць — і натуральна, яна да яе далучылася.
— І я пачала хадзіць на беларускія службы, была рада бачыць тут іншых беларусаў, мы добра праводзілі час. Напэўна, асноўную ролю ва ўсім гэтым адыграў ксёндз Зміцер, які ў сілу розных абставін вымушаны быў з’ехаць з Беларусі і таксама прыклаў намаганні, каб тут адбываліся службы па-беларуску.
На службы, паводле маёй суразмоўніцы, стала ходзяць некалькі беларускіх сем’яў — звычайна на Імшы бывае да дваццаці чалавек. Але, як заўважае спадарыня Ірына, часта далучаюцца новыя людзі.
— Таму зараз я праявіла такую ініцыятыву, каб займацца прасоўваннем нашых сацыяльных сетак, стала распаўсюджваць інфармацыю па іншых групах, аб’яднаннях эмігрантаў, каб людзі больш ведалі пра нас. Вельмі часта здараецца, што новыя людзі прыходзяць і кажуць, што нічога не чулі пра беларускую каталіцкую супольнасць, шукалі беларусаў у іншых касцёлах.
Наша супольнасць — гэта не толькі святыя Імшы
А яшчэ спадарыня Ірына звяртае ўвагу на тое, што беларуская каталіцкая супольнасць — гэта не толькі святыя Імшы кожную нядзелю, але і шмат іншага і карыснага.
— Досыць часта наша супольнасць мае спатканні пасля службы. У нас у двары за касцёлам даволі прыгожы парк, альбо ў будынку каля касцёла мы збіраемся, п’ем гарбату, часам нешта абмяркоўваем, можна задаць святару свае пытанні ці іншым вернікам. Даволі натхняльная рэч — што многія ходзяць на Імшы сем’ямі з дзецьмі, і можна пабачыць прыклады сапраўдных хрысціянскіх сем’яў. І гэта вельмі каштоўна.
Галоўнае — даць Богу магчымасць быць у тваім жыцці
Цікаўлюся ў Ірыны, ці ва ўмовах эміграцыі рэлігія набывае нейкі іншы сэнс для чалавека, ці дапамагае пераносіць жыццёвыя складанасці, бо далёка не ўсе вернікі-беларусы ў Лодзі прыходзяць на беларускую Імшу?
— На маю думку, Бог заўсёды ведае, што нам трэба. Ведаеце, вось гэтыя радкі з Евангелля, што не маліцеся за нейкія матэрыяльныя даброты, бо птушкі лётаюць у небе — і няўжо Бог любіць вас менш, чым гэтых птушак, якія не клапоцяцца пра гэта і ўсё роўна маюць з чаго жыць.
На маю думку, не важна, вы ў эміграцыі ці не, але важна даверыцца Богу. Я ведаю, што многім людзям у Беларусі цяпер цяжэй, чым тым, хто ў эміграцыі — ціск, прэсінг, страх… Мне здаецца, Бог любіць нас усіх аднолькава. Галоўнае — даць Яму магчымасць, прастору, каб у тваім жыцці іграць нейкую ролю і ўплываць на твой шлях, выбар, думкі.
Не хапае родных людзей
Пра сябе асабіста спадарыня Ірына распавядае няшмат, кажа, што жыццё ў Польшчы ўладкавала, але ёсць рэчы, якія змяніць вельмі складана, а таму і нечага часам не хапае.
— Напэўна, першае і адзінае, чаго не хапае — гэта блізкіх людзей. Вядома, не ўсіх можна забраць з сабой, не ўсе хочуць некуды пераязджаць.
Павінна сказаць, што я пераехала ў Польшчу да 2020 года, як студэнтка. І, магчыма, таму для мяне гэта не нешта шокавае, не нешта страшнае, няма вялікай тугі па дому. Але часам, калі я прыходжу ў наш касцёл у Лодзі, ён нагадвае мне касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску. Неяк колеры падобныя, прапорцыі, хоць яны і меншыя — нешта тут такое ёсць.
І часам агортваюць думкі: ці атрымаецца яшчэ некалі сабрацца там? А нават калі і атрымаецца, то гэта будзе нешта зусім іншае — я ўжо іншая, і мая краіна будзе іншая.
Калі свае людзі побач — гэта вельмі важна
Мы разважаем пра эміграцыю, і суразмоўца кажа, што для яе гэта стала досведам — і гэта час, які хутка зраўняецца з тым, які яна пражыла ў Беларусі.
— І гэты досвед фарміруе мяне як асобу. Таксама ўмацоўвае ў веры. І вось да вашага пытання пра тое, ці вера мае большае значэнне ў эміграцыі, чым на радзіме. Я мяркую, што для кожнага па-рознаму, але што мае значэнне — гэта супольнасць. Усё ж свае людзі побач — гэта вельмі важна.
Можна добра інтэгравацца ў мясцовую культуру. У мяне шмат сяброў-палякаў і наогул замежнікаў па ўсім свеце, але тым не менш файна мець беларусаў побач — і добра, калі яны падзяляюць твае каштоўнасці. А дзе вернік можа знайсці людзей, якія падзяляюць яго каштоўнасці, як не ў касцёле? І асабліва — у беларускім касцёле.
Спадарыня Ірына на працягу ўсёй нашай гутаркі застаецца сур’ёзнай, усе яе словы і думкі — з таго, што сама перажыла. І толькі блакітная летняя сукенка, што лёгка ўздымаецца на ветрыку, быццам падказвае: нават у чужой краіне душа можа заставацца ў рытме Радзімы — такой жа светлай, годнай і поўнай надзеі.
Павел Залескі
слухайце аўдыёфайл