Беларуская Служба

Фестываль абуджаных TUTAKA: гучыць, яднае, натхняе

13.07.2025 14:44
TUTAKA — гэта не толькі сцэна для музычных талентаў, але і прастора для беларусаў, якія жывуць па-за Радзімай, а таксама для тых, чыя Радзіма — гэта Падляшша.
Аўдыё
  • Фестываль абуджаных TUTAKA: гучыць, яднае, натхняе
     TUTAKA 2025
Адна з зон актыўнасці на фестывалю TUTAKA 2025Фота: Беларуская служба Польскага радыё, radyjo.net

11–13 ліпеня ва урочышчы Борык ля Гарадка, што на Падляшшы, праходзіць пяты Фестываль абуджаных TUTAKA — адна з найважнейшых падзей беларускай дыяспары ў Еўропе.

Паводле арганізатараў, у ім удзельнічаюць сотні людзей з розных краін, уключаючы Польшчу, Літву, Германію, Чэхію і Бельгію.

Фестываль адбываецца ўсяго за 15 кіламетраў ад мяжы з Беларуссю. Праграма складаецца з больш як 25 музычных выступаў і звыш 50 дадатковых актыўнасцяў — лекцый, варштатаў, творчых сесій і сямейных мерапрыемстваў.


Від на галоўную сцэну фестывалю Від на галоўную сцэну фестывалю
. .
. .

«TUTAKA — гэта месца, дзе можна не толькі паслухаць беларускую музыку, але і сустрэцца з людзьмі, падтрымаць адно аднаго, паразмаўляць пра важнае», — распавяла адна з вядоўцаў фестывалю, журналістка Марына Савіцкая. Яна адзначыла, што для шматлікіх беларусаў, якія жывуць у эміграцыі, фестываль становіцца прасторай адчування супольнасці.

«Жыццё ў эміграцыі досыць складанае. Але такія фэсты, як TUTAKA, даюць магчымасць сабрацца разам, убачыць адзін аднаго, пагаварыць не толькі пра культуру, але і пра тое, што нас хвалюе кожны дзень», — дадае журналістка.

Сярод дзясяткаў беларускіх ініцыятыў, прадстаўленых падчас фестывалю, — мастацкая акцыя «Салідарнасць праз мастацтва». Удзельнікі распісваюць камяні імёнамі беларускіх палітвязняў, малююць на іх сімвалы свабоды і забіраюць з сабой, каб пакласці ў публічным месцы ў сваім горадзе.


. .
. .

«Мы прапануем удзельнікам выбраць каменьчык, напісаць на ім імя палітвязня і намаляваць нешта натхняльнае. Потым яго можна пакінуць, напрыклад, у парку або на плошчы — там, дзе яго ўбачаць іншыя. Гэта просты, але эмацыйна моцны жэст», — тлумачыць адна з валанцёрак, што арганізоўвае акцыю.

Мастачка Таццяна, якая таксама ўзяла ўдзел у гэтай актыўнасці, падкрэсліла яе значэнне: «Гэта вельмі балючая тэма для многіх беларусаў, што жывуць у выгнанні. Але яна дае нам магчымасць гаварыць пра тое, што адбываецца ў Беларусі, і не маўчаць».

Арганізатары адзначаюць, што ад пачатку мерапрыемства ўсе большасць месцаў у двух намётавых мястэчках занятыя. Людзі прыехалі цэлымі сем’ямі, з дзецьмі, з розных гарадоў і краін.


. .
. .
. .

«Мы прыехалі з Познані разам з «Познаньскім спеўным сходам». Тут спяваем, адпачываем, сустракаем сяброў. Для мяне гэта магчымасць зноў адчуць сябе часткай беларускага культурнага поля», — гаворыць Ілля, адзін з выступоўцаў.

Асаблівасць TUTAKA — адкрытасць да самых розных формаў выказвання: на сцэне выступаюць як фолк-гурты, так і электронныя праекты, славутасці беларускай незалежнай сцэны, ёсць месцы для сямейнага адпачынку, мабільныя лазні, супольныя спевы, танцы і безліч кіёскаў з вулічнай ежай.

«Фестываль існуе дзеля таго, каб розныя беларусы змаглі сустрэцца, паразважаць і проста пабыць разам у нефармальнай атмасферы. Каб беларусы Падляшша і беларусы з Беларусі лепей пазнавалі адзін аднаго», — адзначыла Ілона Карпюк, намесніца дырэктара Цэнтра беларускай культуры ў Беластоку.

Паводле ўдзельнікаў, фестываль не толькі натхняе, але і дае адчуванне сэнсу. «Я адчуваю, што магу нешта зрабіць для Беларусі, нават калі цяпер не магу вярнуцца дадому», — кажа адна з валанцёрак.

Рэпартаж з Фестывалю абуджаных ТУТАКА 2025 слухайце ў далучаным гукавым файле!

эж


Tutaka 2025: музыка салідарнасці і беларуская супольнасць без межаў. Чым здзівіць фестываль сёлета 

09.07.2025 11:31
Праграма Фестывалю Tutaka 2025  уражвае маштабам: больш за 25 музычных выступаў і больш за 50 дадатковых актыўнасцяў.

35 гадоў таму прайшло першае «Басовішча» (ФОТА/ВІДЭА)

12.07.2025 06:07
На фестывалі панавала атмасфера сяброўства, талерантнасці і свабоды.