Вялікая частка жыхароў Польшчы не можа сабе дазволіць не толькі купіць уласнае жыллё, але нават зняць кватэру. Такія трывожныя звесткі ўтрымлівае справаздача «Жыллёвая сітуацыя ў Польшчы ў 2025 годзе». «Валоданне ўласнай кватэрай або хаця б бяспечным месцам для жыцця — гэта ўмова таго, каб мы маглі думаць пра своё развіццё і пра сваю будучыню», — адзначае старшыня Фонду Habitat for Humanity Poland Магдалена Дуль-Камасіньска (Magdalena Dul-Komosińska).
— У гэтым кантэксце факт, што кожны чацвёрты паляк кажа пра адсутнасць жылля або дрэнныя жыллёвыя ўмовы, з’яўляюцца вялізнай праблемай. Трывожныя таксама іншыя звесткі гэтага даследавання. Скажам, за тры гады вырасла колькасць палякаў, для якіх жыллёвыя выдаткі складаюць больш за адну трэць усяго даходу. У 2022 годзе і так вельмі шмат — палова апытаных – казалі, што яны трацяць на жыллёвыя аплаты 30% і больш ад заробку, але зараз гэта ўжо 60% палякаў. Гэта сапраўды інфармацыя, якая прымушае біць трывогу. Гэта ўплывае на наша паўсядзённае жыццё, на жыццё ўсяго грамадства. З-за гэтага шмат маладых палякаў адкладаюць рашэнне аб заснаванні сям'і або аб дзіцяці. Так робіць трэцяя частка моладзі. Калі гэта пералічыць на патэнцыйную колькасць шлюбных саюзаў у грамадстве, то можа атрымацца, што ў выніку ў Польшчы народзіцца на 3 мільёны дзяцей менш.
— А дзяцей нараджаецца ўсё менш. У дакладзе таксама згадваецца так званая «арэндная пастка». Што гэта значыць?
— Так, гэта цікавая з’ява, якая тычыцца вялікай колькасці людзей. Кожны чацвёрты паляк апынаецца ў гэтай “арэнднай пастцы”. З’ява палягае ў тым, што мы зарабляем занадта мала, каб дазволіць сабе камерцыйную арэнду або куплю кватэры, і пры гэтым зарабляем зашмат, каб атрымаць права на сацыяльнае або камунальнае жыллё. Такім чынам, мы знаходзімся ў сітуацыі без выйсця. Можам толькі спадзявацца, што будзем дзяліць кватэру з кімсьці, хто яе мае.
— Жыллёвыя праблемы закранаюць не толькі маладых людзей, але і пажылых асоб. У чым яны заключаюцца?
— Сапраўды, праблема пажылых людзей і ўмоў, у якіх яны жывуць, вельмі сур’ёзная. Усё часцей гаворыцца пра неабходнасць развіцця жыллёвага будаўніцтва для пажылых, але на практыцы ў гэтым кірунку робіцца мала. Большасць пажылых людзей пражывае ў кватэрах, пабудаваных да 1990 года — у часы, калі хутчэй не думалі пра дастаткова шырокія праходы паміж пакоямі, каб можна было, напрыклад, перамяшчацца ў інвалідным вазку. Ёсць таксама з’ява так званага “вязня чацвёртага паверха” (пяты паверх па-беларуску – рэд.), бо велізарная колькасць дамоў таго часу не мае ліфтаў. Але таксама сумна, што траціна жыве ў так званых нездаровых будынках, гэта значыць, з дрэннай вентыляцыяй і вільгаццю. Таму нават тыя, хто мае ўласнае жыллё, не заўсёды жывуць у добрых умовах. Цяпер каля 70% палякаў сцвярджае, што розніцы паміж коштам арэнды і коштам куплі жылля амаль няма. Але людзі ўсё ж не набываюць кватэры, бо іх крэдытная здольнасць гэтага не дазваляе.
— Змяншаецца колькасць людзей, якія могуць сабе дазволіць доўгатэрміновую арэнду, усё менш жыхароў Польшчы можа купіць уласную кватэру. Група тых, хто траціць больш за палову заробку, каб пакрыць усе жыллёвыя выдаткі, значна вырасла. Цяпер амаль 15% жыхароў павінны аддаваць палову сваіх заробкаў на жыллё, калі тры гады таму такіх людзей было 8%. А якія вы бачыце крокі дзеля паляпшэння сітуацыі?
— Мы стараемся прапанаваць розныя рашэнні. Патрэбная комплексная і паслядоўная жыллёвая палітыка, якая ахоплівае ўсе аспекты гэтай з’явы. Пры гэтым, важна не толькі, колькі будуюць жылля, але і для каго будуюць. Варта памятаць, што ў нашай краіне ёсць вялізная колькасць кватэр, якія стаяць пустымі. Цяжка сказаць, колькі дакладна, але няма сумневу, што іх больш за мільён. Цяпер уявіце сабе, колькі гэтай прасторы можна было б выкарыстаць. Многія з гэтых кватэр пустуюць, напрыклад, з-за дрэннага тэхнічнага стану. Замест таго, каб будаваць новыя аб’екты і займаць пад гэта новую прастору, у гарадах лепш проста аднаўляць старыя будынкі, рамантаваць іх і такім чынам вяртаць гораду жыллёвую прастору.
Пра справаздачу «Жыллёвая сітуацыя ў Польшчы» распавяла ў Польскім радыё старшыня Фонду Habitat for Humanity Poland Магдалена Дуль-Камасіньска. Фонд дапамагае людзям у цяжкім матэрыяльным становішчы знайсці дах над галавой.
I Пр. Польскага радыё/нг