Аб тым, як беларуская суботняя школка ў польскім горадзе Познань, створаная на базе Акадэміі добрай адукацыі, рыхтуецца да новага навучальнага года, расказвае дырэктар установы Ілля Сініца.
І так, навучальны год не за гарамі. Спадар Ілля, як вядзецца падрыхтоўка да новага навучальнага года?
Мы праводзім новы набор вучняў, распаўсюджваем інфармацыю ўсюды, дзе толькі магчыма, каб бацькі прыводзілі сваіх дзетак у нашу школку. І мы знойдзем для іх занятак на кожную суботу.
А як, уласна кажучы, можна запісацца ў вашу школку?
Уся неабходная інфармацыя змяшчаецца ў нашых публікацыях, якія мы распаўсюджваем праз сацсеткі на беларускіх рэсурсах. Там ёсць спасылка, дзе можна запоўніць гугл-форму, а таксама пададзены мой непасрэдны кантакт. Можна звязацца са мной асабіста і даведацца пра расклад, заняткі, узрост, з якога прымаем дзяцей, кошт навучання і іншае. На любое пытанне я з радасцю адкажу.
І што ж прапануе ваша школка: які расклад, з якога ўзросту прымаюцца дзеці?
У нас, як заўсёды, плануюцца мінімум чатыры ўрокі для кожнага класа. Класаў павінна быць не менш за тры. У адным класе будзе не больш за восем дзяцей, бо інакш навучальны працэс ускладняецца — мы ўсё ж такі робім акцэнт на індывідуальны падыход. Заняткі праводзяць настаўніцы з вялікім досведам працы ў Беларусі. Урокі адбываюцца па суботах з 10:30 да 13:50. Кошт навучання ў нас даволі дэмакратычны — 200 злотых за аднаго вучня ў месяц.
Якія прадметы выкладаюцца дзецям?
Дзеці вывучаюць беларускую мову, а старэйшыя таксама займаюцца беларускай літаратурай. У нас ёсць гісторыя, якую ўсе дзеці вельмі любяць, з’явілася англійская мова, а таксама музыка.
Ілля Сініца
Які ўзрост вашых навучэнцаў?
Найбольш у нас маленькіх дзяцей ад шасці гадоў, таму мы ствараем падрыхтоўчы клас. Старэйшыя, якія ўжо два гады вучацца, працягваюць заняткі згодна з праграмай.
Дзеці пяць дзён на тыдзень ходзяць у звычайную школу. Што дадае ім ваша школка, каб яе хацелася наведваць?
Па-першае, гэта беларускія стасункі паміж равеснікамі. І я тут спасылаюся на словы многіх бацькоў — гэтага вельмі не стае нашым дзецям. Калі дзіця, гуляючы з іншымі, карыстаецца толькі польскай мовай, то і дома з бацькамі яно пачынае размаўляць па-польску. А ў нас створанае беларускае асяроддзе: дзеці бачаць, што ўсе вакол такія ж, як яны, і што няма патрэбы пераключацца на польскую. Гэта вельмі важна.
Па-другое, трэба, каб яны не забываліся пра сваю ідэнтычнасць. Ды і сам працэс навучання: вывучэнне беларускага алфавіту, навучанне пісаць «ў». Здаецца, гэта элементарныя рэчы, але да нас прыходзяць дзеці, якія ўмеюць пісаць толькі лацінкай і не ведаюць кірыліцы. Навучыць іх чытаць і пісаць па-беларуску — гэта ўжо няпростая задача.
І яшчэ — сама атмасфера школкі вельмі станоўча ўплывае на дзяцей. Я не вельмі арыентуюся, як дакладна працуюць польскія школы, але з таго, што чую, дзецям вельмі падабаецца, што ў нас ёсць свой сад, дзе яны могуць гуляць. Тут у іх больш свабоды, чым у школе, куды яны ходзяць з панядзелка па пятніцу.
Ваша школка існуе ўжо два гады, і, апроч заняткаў, вы ладзіце розныя забавы, каб дзецям было цікавей?
Па магчымасці мы імкнемся арганізоўваць нешта дадатковае. Гэта канцэрты, сустрэчы, да нас прыязджаюць паэты і музыкі: Такінданг, Наста Кудасава, сям’я Бартосікаў, якая вельмі ўразіла дзяцей. Таксама быў заснавальнік арганізацыі «Аховы птушак Бацькаўшчыны», які правёў экскурсію, падчас якой дзеці вывучалі птушак. Мы плануем і надалей працягваць у тым жа духу, каб адукацыя была не проста навучаннем, а каб школка станавілася своеасаблівым беларускім дзіцячым культурным цэнтрам.
Чаму ж бацькам варта аддаваць сваіх дзяцей у беларускую суботнюю школку?
Па-першае, кожны можа прыйсці ў першы дзень заняткаў і паглядзець, як тут усё адбываецца, і ці спадабаецца дзецям. За гэта ніхто грошай не бярэ. Па-другое, як кажуць самі бацькі, вельмі важна наведваць беларускую школку, каб дзеці змалку захоўвалі сваю ідэнтычнасць, асабліва ва ўмовах таго, што адбываецца ў нашай краіне. Дзеці — самая ўразлівая група для асіміляцыі, таму важна, каб яны заставаліся беларусамі. А яшчэ — я нават не магу перадаць гэта словамі — дзеці ў нас сапраўды радуюцца школе і адчуваюць сябе, як дома.
А дзеці хутка забываюць пра беларускасць ці ўсё ж імкнуцца да яе?
Я б не сказаў, што яны забываюць, але ўсё залежыць ад асяроддзя, у якім яны знаходзяцца. Шмат што залежыць ад бацькоў, бо выбар робяць менавіта яны, а дзеці толькі паўтараюць за імі. Калі бацькі, пераязджаючы ў Польшчу, кажуць: «Мы будзем гаварыць толькі па-польску», — то і дзеці будуць рабіць тое ж. А калі яны бачаць, што бацькі шануюць сваю культуру, то і ў дзяцей нараджаецца падобная патрэба.
Школка існуе ўжо два гады. Колькі ў вас вучняў?
На момант заканчэння другога навучальнага года ў нас было 23 вучні. Калі мы пачыналі, то адразу адчулі мяжу магчымасцяў, бо дзяцей было вельмі шмат. Мы можам прыняць да сарака вучняў, бо і настаўнікаў пакуль няшмат, і прастора абмежаваная. Але мы будзем рады любой колькасці вучняў і прымем усіх ахвотных. Не мае значэння, колькі будзе дзяцей — навучальны год усё роўна пачнецца і будзе працягвацца….
Размаўляў Павел Залескі
слухайце аўдыёфайл
здымак Іллі Сініцы - фота аўтара
Запісацца ў Беларускую школу ў Познані можна праз простую анкету.