Аднаразовыя электронныя цыгарэты ўяўляюць пагрозу не толькі для здароўя, але і для навакольнага асяроддзя. Пра гэты аспект гаворыцца вельмі мала, а задумваюцца над гэтым яшчэ менш.
Некалькі арганізацый, эксперты і бацькі, якім надакучыла, што Польшча ператвараецца ў рынак танных, таксічных аднаразовых электронных цыгарэт, аб’ядналіся ў кааліцыю «Польшча без электронных цыгарэт». Яны вядуць працу над тым, каб абараніць здароўе моладзі і навакольнае асяроддзе ад прадуктаў, якія выклікаюць залежнасць, забруджваюць навакольнае асяроддзе і знаходзяцца па-за кантролем.
Нягледзячы на тое, што г.зв. электронкі могуць здавацца незаўважанымі, яны маюць сур'ёзныя сацыяльныя, медыцынскія і экалагічныя наступствы. А факты наступныя: кожны пяты падлетак у Польшчы карыстаецца электроннай цыгарэтай; гэтыя вырабы распрацаваны так, каб хутка выклікаць залежнасць; цыгарэты — гэта электронныя адходы, якія засмечваюць вуліцы, рэкі і дзіцячыя пляцоўкі.
28 800 - столькі выкарыстаных электронных цыгарэт выкідваюць на газон і ў ваду кожную гадзіну.
Гжэгаж Земняк з Інстытуту здароўя і дэмакратыі гаворыць, што ў Польшчы ніхто не бачыць, колькі з гэтых аднаразовых цыгарэт трапляе на сметнікі, колькі — у ваду, на газоны ці на дзіцячыя пляцоўкі таму, што ў краіне няма сістэмы перапрацоўкі або збору гэтага віду адходаў:
- Гэта вельмі небяспечныя адходы, якія застаюцца пасля выкарыстання аднаразовай цыгарэты. Звычайна яны ўтрымліваюць батарэйкі або акумулятары, звычайна літыевыя, электроніку, правады, награвальнікі, інтэгральныя схемы, якія кіруюць награваннем пары, розныя віды пластыку і рэшткі вадкасцей, якія маюць нікацін, сукралозу або ўтрымліваюць іншыя рэчывы. Найгорш тое, што мы дакладна не ведаем, якія менавіта, бо яны не прайшлі праверкі. Гэта павялічвае рызыку таксічных выкідаў у навакольнае асяроддзе і пажараў у выніку самазагарання гэтых батарэек, якія часам могуць нават узгарэцца ў руках карыстальнікаў.
Гжэгаж Земняк гаворыць што гэта складаная тэма, бо прылады, вырабленыя па прынцыпе «ўсё ў адным», г.зн. клееныя, звараныя корпусы, якія ўскладняюць разборку, наяўнасць электронікі, батарэй і вадкасцей унутры кваліфікуюцца як адходы, якія вымагаюць спецыялізаванай апрацоўкі. Усе экалагічныя арганізацыі адзначаюць, што практычная перапрацоўка гэтых прылад вельмі складаная і прыводзіць да марнавання вельмі важнай сыравіны, напрыклад, літыя, якога, як вядома, у свеце мала.
Калі казаць пра маштаб з'явы ў цэлым, эксперт ацэньвае, што варта чакаць, што большая частка са 100 мільёнаў прададзеных у канцы 2023 года электронак апынулася, напрыклад, у змешаных адходах або, на жаль, на газонах, у азёрах, у рэках. Ніхто не ведае, што з імі адбываецца, бо няма сістэмы збору або перапрацоўкі.
Кааліцыя «Польшча без аднаразовых электронных цыгарэт» ставіць перад сабой некалькі мэт:
- Поўная забарона на маркетынг і продаж аднаразовых электронных цыгарэт у Польшчы.
- Увядзенне іх у якасці асобнай катэгорыі адходаў у каталог адходаў.
- Забеспячэнне адказнасці вытворцаў і імпарцёраў.
- Адукацыйная кампанія, накіраваная на моладзь і бацькоў.
- Эфектыўнае заканадаўства — замест пустых дэкларацый.
Гжэгаж Земняк тлумачыць, што перш чым пачнецца заканадаўчая праца па поўнай забароне продажу і абарачэння аднаразовых цыгарэт, а такія планы мае Міністэрства аховы здароўя, неабходна паскорыць працэс і ўвесці экалагічныя зборы і пашырыць адказнасць вытворцаў і дыстрыб'ютараў:
- Гэта наша самае вялікае, назавем так, патрабаванне зараз, асабліва на пачатку навучальнага года, калі дзеці пачынаюць хадзіць у школу і з'яўляюцца новыя пагрозы. Паверце, бацькі часта не ведаюць, што гэта не маркер, не памада для вуснаў, не флэшка, не нейкая прылада, якая весела свеціць, як ліхтарык, а электронная аднаразовая цыгарэта, якая прыгожа выглядае, прыемна пахне і прывабная з пункту гледжання знешняга выгляду. Часта яна аказваецца ў пеналах нашых дзяцей і кішэнях заплечнікаў побач з ледзяшом, маркерам ці нейкай памадай.
Кааліцыя грамадскіх арганізацый, экспертаў у галіне аховы здароўя і навакольнага асяроддзя, якія працуюць у рамках кампаніі «Польшча без аднаразовых электронных цыгарэт», стварыла петыцыю ў Міністэрства клімату і навакольнага асяроддзя і Міністэрства аховы здароўя з просьбай увесці экалагічны збор і поўную забарону на продаж аднаразовых электронных цыгарэт у Польшчы. У цяперашні час ідзе збор подпісаў пад петыцыяй.
Прадстаўнікі няўрадавых арганізацый падкрэсліваюць, што Польшча павінна пайсці па прыкладзе іншых краін, такіх як Бельгія, Вялікабрытанія, Францыя, Аўстралія і Новая Зеландыя, дзе забароны на аднаразовыя электронныя цыгарэты ўжо ўведзеныя або знаходзяцца ў працэсе ўкаранення.
ав
слухайце аўдыё