Частка замежнікаў з найбуйнейшай у Польшчы расійскай шпіёнскай сеткі, раскрытай у канцы 2023 года, ужо адседзела прысуды і выйшла на волю. Як паведамляе газета Rzeczpospolita, некалькі чалавек не хочуць вяртацца на радзіму і падалі заявы на прытулак у Польшчы, баючыся пераследу ў сваіх краінах.
Летась адзін са шпіёнаў знік з-пад нагляду спецслужбаў, ухіляючыся ад адбыцця пакарання, яшчэ двое спрабавалі дамагчыся датэрміновага вызвалення. Чатырох, якія ўжо скончылі тэрмін, па-ціху дэпартавалі. «Шкада, што без увагі публічнасці. Расія не паважае слабых дзяржаў», — адзначыў у каментарыі для Rzeczpospolita афіцэр Агенцтва Унутранай Бяспекі Польшчы.
Паводле выдання, яшчэ чатыры асуджаныя шпіёны падалі заявы на прытулак, каб пазбегнуць дэпартацыі. Да завяршэння працэдур яны будуць знаходзіцца ў закрытых цэнтрах для замежнікаў.
Эксперты сыходзяцца ў меркаванні, што шанцы атрымаць абарону ў Польшчы амаль нулявыя. Закон прадугледжвае, што адным з крытэрыяў прадастаўлення прытулку з’яўляецца «важны інтарэс Рэспублікі Польшча» — у дадзеным выпадку ён адсутнічае.
Адным з тлумачэнняў падачы заявак можа быць страх перад вяртаннем ва Украіну, адкуль паходзіць значная частка ўдзельнікаў расійскай шпіёнскай сеткі. Пасля пачатку расійскай агрэсіі там былі ўведзеныя больш жорсткія пакаранні за дзейнасць на карысць ворага: за шпіянаж і сабатаж пагражае да 15 гадоў турмы, а нават пажыццёвае зняволенне і канфіскацыя маёмасці.
эж