Зяленскі: «Гэта пагроза для ўсяго свету»
Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі падкрэсліў, што атака мела непасрэдны ўплыў на бяспеку аб'ектаў Чарнобыльскай зоны, піша forsal.pl.
Саркафаг над 4-м блокам страціў сілкаванне. Энергіі былі пазбаўленыя таксама сховішчы адпрацаванага ядзернага паліва, у якіх захоўваецца ажно 80% паліва, што было выкарыстана за часы працы электрастанцыі. У сховішчы знаходзіцца агулам больш за 3 250 тон небяспечнага матэрыялу.
Зяленскі адзначыў, што расіяне не маглі не ведаць, наколькі сур'ёзнымі будуць наступствы такой атакі. Ён назваў яе наўмыснай і скаардынаванай — паводле ўкраінскага боку, было выкарыстана больш за 20 дронаў, частка з іх нібыта была збітая, але ўдарная хваля была арганізавана так, каб перагрузіць сістэмы абароны. Прэзідэнт дадаў, што гэта чарговая спроба выклікаць міжнародны ядзерны крызіс.
Трывога сярод жыхароў і ўладаў
Блэкаўт закрануў не толькі Чарнобыль, але і некалькі ўкраінскіх рэгіёнаў, у тым ліку Харкаў, Дняпро і Сумы. Прычынай стала серыя ракетных нападаў на энергетычную інфраструктуру, напрыклад, падстанцыю ў Славуцічы, дзе знаходзіцца ключавое злучэнне для сілкавання зоны адчужэння. На апублікаваных у сеціве відэа бачныя характэрныя блакітныя ўспышкі. Гэта эфект перанапружання пасля выбуху ў пашкоджаных энергетычных аб'ектах.
Ці ёсць чаго баяцца?
Паводле Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ), сітуацыя была пад кантролем. Аварыйныя сістэмы, у тым ліку дызельныя генератары, спрацавалі неадкладна, падтрымліваючы працу асноўных функцый, такіх як вентыляцыя і радыяцыйны маніторынг. Эксперты падкрэсліваюць, што канструкцыя была спраектавана з улікам такіх сітуацый і няма рызыкі выбуху ці выкіду небяспечных рэчываў.
Чым пагражае працяглы брак электразабеспячэння?
У выпадку працяглай аварыі могуць узнікнуць тэхнічныя праблемы, напрыклад, карозія і назапашванне вільгаці ўнутры саркафага. Гэта можа ўскладніць кантроль умоў на аб'екце і вымусіць эвакуіраваць персанал. Аднак няма пагрозы выбуху ці сур'ёзнай уцечкі радыяцыі. Рэактар не працуе ўжо шмат гадоў, і яго змесціва ахалоджваецца пасіўна.
Сілкаванне было адноўлена праз кароткі час дзякуючы пераключэнню на альтэрнатыўную крыніцу энергіі. МАГАТЭ пацвердзіла, што не адбылося росту ўзроўню радыяцыі, і сітуацыя не выйшла з-пад кантролю. Чарнобыльская зона, нягледзячы на алармісцкі тон некаторых паведамленняў, засталася стабільнай.
Запарожская АЭС таксама на мяжы?
Паралельна растуць асцярогі наконт Запарожскай АЭС, якая з пачатку вайны знаходзіцца пад кантролем расіян.
Гэты аб'ект — найбуйнейшая атамная электрастанцыя ў Еўропе, і ў апошнія дні яна працуе выключна дзякуючы аварыйным дызельным генератарам.
Украінскія ўдары перапынілі сілкаванне гэтай электрастанцыі. МАГАТЭ акрэсліла сітуацыю як «крытычную», папярэджваючы, што пастаянныя перабоі ў сілкаванні павялічваюць рызыку чалавечых памылак і тэхнічных аварый.
Без пастаяннага сілкавання не працуюць ключавыя сістэмы ахаладжэння і маніторынгу, што ў доўгатэрміновай перспектыве можа прывесці да дэстабілізацыі працы аб'екта. Хоць рызыка ядзернай катастрофы застаецца невялікай, сам факт таго, што рэактар функцыянуе ва ўмовах вайны, выклікае непакой міжнароднай супольнасці.
Заклік да дэмілітарызацыі зоны вакол ЗАЭС да гэтага часу застаецца без адказу.
вх