Беларуская Служба

Расійскія салдаты масава дэзерціруюць з войска ва Украіне

02.10.2025 13:48
Хутка кожны дзясяты салдат захопніцкіх войскаў будзе ўцекачом, значная частка пакідае акопы са зброяй.
Na pierwszą linię frontu Rosja wysyła nieprzygotowanych żołnierzy
Na pierwszą linię frontu Rosja wysyła nieprzygotowanych żołnierzyShutterstock.com/Kosmogenez

— Усе абураліся, што іх вядуць, як бараноў рэзаць. А большасць жа ўвогуле не мела ніякага вайсковага досведу — толькі два тыдні навучання, часам тыдзень. (...) Абураліся, але ішлі (у атаку). Бо іншага варыянту не было, — прыводзіць выказванне расійскага  салдата пра сітуацыю на фронце Rzeczpospolita.

Ён знайшоў іншы варыянт: уцёк з акопаў дадому ў Сібір. Мужчына не хаваўся, а сам пайшоў у мясцовы цэнтр па рэкрутацыі, каб падаць рапарт наконт звальнення з войска. «Там увогуле не зразумелі, хто я такі і чаго хачу», — згадвае суразмоўца.

Вялікая і ганебная таямніца Крамля: расійскія дэзерціры

З пачатку года трывае рэкордная хваля дэзерцірства з расійскай арміі.

«Пры захаванні цяперашняга тэмпу ўцёкаў з падраздзяленняў на фронце, да канца года з расійскай арміі ва Украіне знікне каля 70 тысяч салдат», — пішуць украінскія аналітыкі з Frontelligence Insight.

Колькасць расійскай захопніцкай арміі ацэньваецца прыкладна ў 700 тысяч салдат.

Аналітыкі адзначаюць, што з канца 2023 года колькасць дэзерцірстваў пачала імкліва расці, але рэкорды былі пабітыя ўжо сёлета. У некаторых падраздзяленнях летам  штомесяц фіксавалася ў шэсць разоў больш дэзерцірстваў, чым у студзені 2024 года.

Група прааналізавала дзясяткі тысяч дакументаў, сабраных украінскім праектам «Хачу жыць», які дапамагае расійскім салдатам здацца ў палон. Акрамя таго, яна мела доступ да захопленых дакументаў, у тым ліку расійскай 1-й танкавай арміі і 58-й арміі, якія ваююць ва Украіне.

З сабраных дадзеных вынікае, што цяпер расійскія салдаты ўцякаюць альбо непасрэдна з акопаў, альбо са шпіталяў, куды трапляюць пасля ранення ці, часта, пасля самакалецтва. Аналітыкі сцвярджаюць, што гэта адрозненне ў параўнанні з першымі гадамі вайны, калі расіяне найчасцей уцякалі з базаў, якія знаходзіліся ў тыле фронту.

Аднак ужо тады, у 2022 годзе, пасля першых паразаў на фронце, з першай лініі ўцякалі арганізаваныя групы расійскіх салдат, напрыклад, на Херсоншчыне (спрабуючы дабрацца да Крыма) ці ў акупаванай Луганскай вобласці (накіроўваючыся ў Расію). Сёлета такія групы, складзеныя з былых зняволеных, якія служаць у штурмавых атрадах, уцякалі, напрыклад, з лініі фронту пад Пакроўскам.

Паводле Frontelligence Insight, сярэдні ўзрост расійскага дэзерціра — 37 гадоў.

«Магчыма, гэта адлюстроўвае агульную структуру ўзросту расійскай арміі», — мяркуюць аналітыкі. З дадзеных, якія паходзяць з некаторых падраздзяленняў, вынікае, што адна пятая ўцекачоў — гэта зняволеныя, завербаваныя на фронт.

Паляванне на дэзерціраў: злоўленых б'юць, катуюць, часам забіваюць

Цяпер акупаваныя тэрыторыі Украіны кантралююцца расійскай вайсковай паліцыяй, якая спрабуе лавіць дэзерціраў. Але вядома, што камандзіры падраздзяленняў, з якіх уцякаюць салдаты, імкнуцца адабраць іх у паліцыянтаў, каб не псаваць сабе рэпутацыю і не губляць магчымасці павышэння. Пасля прывозу ўцекачоў бліжэй да фронту іх звычайна б'юць і катуюць, часам ладзяць фіктыўныя пакаранні смерцю. А часам і сапраўдныя — забітых лёгка спісаць на баявыя дзеянні.

Украінская канспірацыйная група ў Крыме «АТЭШ» паведамляла ў верасні, што расійская 104-я дэсантна-штурмавая дывізія (дыслакаваная ў акупаваных частках Херсонскай і Запарожскай абласцей) стварыла мабільныя патрулі, якія ловяць дэзерціраў. Схопленых кідалі ў ямы, выкапаныя ў зямлі, і трымалі там без вады і ежы — катаванне, вельмі папулярнае ў расійскай арміі.

Частку ставілі перад «палявымі судамі» (невядома, у якім складзе), а тыя асуджалі злоўленых, напрыклад, на бойку паміж сабой. Двое дэзерціраў мусілі біцца на жыццё і смерць, той, хто выжыў, мог застацца ў падраздзяленні. Яшчэ позняй вясной у інтэрнэце з'явілася некалькі запісаў такіх «паядынкаў», якія вяліся ў выкапаных ямах аголенымі зняволенымі, але гэта былі дэзерціры, якія ўцяклі з фронту ў Данецкай вобласці.

Нягледзячы на прымяненне такіх бандыцкіх метадаў, колькасць дэзерцірстваў увесь час расце. Дакладная колькасць уцекачоў невядомая, а аналітыкі ацэньваюць яе на падставе даступных дакументаў.

Розныя падыходы: Расія хавае, Украіна змякчае пакаранні

Абедзве арміі пакутуюць на недахоп салдат з-за дэзерцірства, але расійская нічога з гэтым не робіць.

Супрацьлегласцю з'яўляецца ўкраінская армія, якая даволі паблажліва ставіцца да дэзерціраў і асобаў, якія «самавольна пакінулі месца службы» (гэта дзве розныя катэгорыі ва ўкраінскім праве). На гэта скардзяцца камандзіры, але салдат, які першы раз «самавольна аддаліўся», звычайна не караецца. У выніку колькасць і тых, і іншых даходзіла аж да чвэрці мільёна (каля 200 тысяч «самаволак» і каля 50 тысяч дэзерціраў).

У жніўні мінулага года Вярхоўная Рада Украіны прыняла закон аб непрыцягненні да крымінальнай адказнасці салдат, калі яны самі вернуцца ў войска. З яго скарысталася каля 29 тысяч чалавек.

Расійскія падраздзяленні вырашаюць справу самі, высылаючы патрулі, каб злавіць уцекачоў, пакуль тыя не дабяруцца да межаў Расіі — там ужо мала што можна ім зрабіць і ў большасці выпадкаў іх ніхто не шукае. Здаецца, што галоўнай праблемай расійскага камандавання з'яўляецца ўтойванне маштабаў дэзерцірства ад грамадскасці.

Уплыў на баяздольнасць: расійскім войскам не хапае людзей

Але ўкраінскія камандзіры адзначаюць, што страты і ўцёкі пачынаюць уплываць на расійскія падраздзяленні на фронце, бо ім не хапае салдат. Такія праблемы былі зафіксаваныя ў Запарожскай вобласці.

«Колькасць дэзерцірстваў пакуль не дасягнула крызіснага ўзроўню. Але імклівы рост — нягледзячы на пагрозу вельмі жорсткіх распраў над злоўленымі — паказвае, што ў расійскай арміі існуе велізарная праблема», — пішуць аналітыкі з Frontelligence Insight.

вх