Беларуская Служба

Польскі ўрад заняўся законапраектам аб дапамозе асобам з абмежаванымі магчымасцямі

28.10.2025 16:10
Гаворка ідзе аб тым, каб такія асобы маглі мець асабістага асістэнта, працу якога будзе аплачваць дзяржава на пастаяннай аснове.
Аўдыё
  • Закон аб асабістым асістэнце для асоб з інваліднасцю.
.
Ілюстрацыя.Фота: PIOTR KAMIONKA/REPORTER

Закон аб асабістым асістэнце для асоб з інваліднасцю (па-польску Ustawa o asystencji osobistej) быў адным з перадвыбарчых абяцанняў кіруючай урадавай кааліцыі. Законапраект прадугледжвае, што людзі з абмежаванымі магчымасцямі змогуць бясплатна карыстацца асабістым памочнікам.

Праца над законам ва ўрадавых камісіях выклікала ажыятаж, паколькі было шмат супраціву з боку розных структур, перш за ўсё сумненні міністра фінансаў датычылі вялізных выдаткаў, якія прыйдзецца прызначыць на дапамогу, а людзі з інваліднасцю пратэставалі перад офісам прэм'ер-міністра, патрабуючы як мага хутчэй прыняць закон.

Урад нарэшце разгледзеў законапраект, - гаворыць Урадавы ўпаўнаважаны па справах асоб з абмежаванымі магчымасцямі Лукаш Красань (Łukasz Krasoń). Ён жа – намеснік міністра сям'і, працы і сацыяльнай палітыкі. Палітык адзначае, што праца зацягнулася на многія месяцы, паколькі неабходна было стварыць цалкам новую сістэму.

— Гэта вельмі аб'ёмны закон, інавацыйны, да якога было ўнесена вельмі шмат заўваг. Перш за ўсё гэтыя заўвагі паступалі з Міністэрства фінансаў. І таму неабходна было абмеркаваць розныя пытанні. Калі законапраект паступае ўжо на разгляд міністраў, усяго ўраду і прэм'ер-міністра, ён не павінен выклікаць пытанняў, павінен быць ідэальна падрыхтаваны. Павінна быць згода ўсіх бакоў, што закон неабходна прыняць у такім выглядзе, у якім ён паступіў на разгляд.

Прэм'ер-міністр Дональд Туск, выступаючы ў канцы ліпеня падчас сустрэчы з выбаршчыкамі аб важнейшых выдаткаў з дзяржаўнага бюджэту, засяродзіўся на сацыяльным забеспячэнні сям'і. На пытанне пра законапраект аб асабістым асістэнце ён адказаў, што трэба рэальна глядзець на рэчы, якія могуць фінансавацца з бюджэту. Гэтая заява выклікала пратэсты. Левыя і «Польшча 2050» ужо заявілі, што калі ўрад не згодзіцца разгледзець прадстаўлены праект, ён будзе ўнесены ад імя аднаго з дэпутатаў. Праз некалькі дзён прэм'ер-міністр растлумачыў, што мае намер разрадзіць абстаноўку. Ён запэўніў, што праца ўрада над законапраектам працягваецца і не будзе спынена.

Праект паўплывае на жыццё сотні тысяч людзей з інваліднасцю і каля паўмільёна іх блізкіх. Ён гарантуе фінансаванне з дзяржаўнага бюджэту працы памочнікаў, якія падтрымліваюць асоб з інваліднасцю ў паўсядзённых справах.

Лукаш Красань заявіў Польскаму радыё, што пасля ўступлення закона ў сілу заяўкі на дапамогу будуць прымаць з 1 студзеня 2027 года.

 Тады мы распачнём працэдуру ацэнкі такой паслугі. Адмысловая каманда наведае чалавека з інваліднасцю, прыме рашэнне, якая дапамога яму патрэбная, колькі такая паслуга можа каштаваць. А1 красавіка 2027 года, згодна з законам, першы асістэнт адправіцца да асобы з інваліднасцю і пачне рэалізацыю гэтай, вельмі неабходнай, паслугі.

У 2026 годзе грошы на падрыхтоўку сістэмы будуць выдзеленыя з Фонду салідарнасці. У 2027 годзе з бюджэту будзе прызначана амаль 2 мільярды злотых на рэалізацыю закона. Польшча будзе адной з нямногіх краін, якія паставяць усю сістэму на поўную камп'ютарызацыю, дадаў Лукаш Красань.

 Гэта нам вельмі дапаможа ўвесці сістэму дапамогі, а пазней з апрацоўкай дадзеных. Нельга забываць, што гаворка ідзе пра актыўнасць дзясяткаў тысяч людзей – асістэнтаў з розных устаноў, а таксама асоб з абмежаванымі магчымасцямі. Кожны папяровы дакумент ускладняў бы працу. І таму ніякіх папяровых дакументаў не будзе. Усё будзе ў электронным выглядзе. І праца над гэтай сістэмай пачнецца, як толькі прэзідэнт падпіша закон.

Прапанова, падрыхтаваная Офісам урадавага ўпаўнаважанага па справах асоб з інваліднасцю, прадугледжвае, што людзі з інваліднасцю ва ўзросце ад 13 да 65 гадоў змогуць бясплатна карыстацца паслугамі асабістага памочніка. Штомесячная колькасць гадзін дапамогі і аб'ём падтрымкі будуць вызначацца спецыяльнай групай. Для асоб старэйшых за 18 гадоў мінімальная колькасць гадзін дапамогі складзе 20, а максімальная — 240 (урад мае намер паступова павялічваць гэтую колькасць). Для асоб ва ўзросце ад 13 да 18 гадоў колькасць гадзін дапамогі складзе ад 20 да 80.

Асноўныя прадпасылкі законапраекта: падтрымка, устаноўленая на некалькі гадоў, а не толькі на адзін год (як цяпер; больш гадзін падтрымкі, чым гарантуецца цяперашнімі рашэннямі — у канчатковым выніку ад 30 да 240 гадзін у месяц; гарантыя выканання закона ў кожным раёне; свабода для людзей з інваліднасцю выбіраць суб'ект, які аказвае паслугі дапамогі, а таксама гарантыя свабоды самастойнага выбару памочніка; увядзенне механізму цалкам індывідуальнай падтрымкі людзей з інваліднасцю; навучанне памочнікаў, праверка кваліфікацыі і кампетэнцый.

IAR/нг