Пошук кампрамісу, калі вы хочаце пачаць харчавацца больш здарова, а не радыкальная змена – гэта ключ да поспеху, гаворыць Алеся Княжэвіч. Алеся вядзе кулінарны блог, займаецца дыеталагічнымі парадамі і выдала сваю трэцюю кулінарную кнігу на беларускай мове «Без цукру, але са смакам».
Кніга нарадзілася з патрэбы гатаваць без цукру, які ў грамадскіх месцах харчавання дадаюць амаль ва ўсе стравы без выключэння. Алеся перажыла гэта на сваім досведзе і вырашыла нешта з гэтым зрабіць.
- Я бачу, як мяняецца якасць прадуктаў у крамах. Я працавала ў гатэлі на банкетах і бачу, як за два гады памяняліся прадукты, якія замаўляе заказчык. Гэта цалкам іншыя рэчы. Ідзе жорсткая эканомія, найперш на працаўніках. Іх менш, а таму і часу рабіць усё няма. У сувязі з гэтым замаўляюцца гатовыя рэчы. Напрыклад, дэсерт цірамісу. Раней яго рабілі цалкам на месцы, пачынаючы ад узбіцця яек. Цяпер прыязджае крэм у бутэльцы, каторы больш чым у 50% – гэта цукар, астатняе – тлушчы. Пячэнькі для дэсерту самыя танныя, з вельмі некарысным складам. Некаторыя дэсерты – гэта парашок заліты вадой, соусы і падліўкі – таксама. Я на гэта глядзела і не лічу нармальным. Я столькі наглядзелася, што больш не магла. У мяне былі рэцэпты, я іх дадавала ў блог, а потым падумала, што неяк трэба ўсё аформіць. Каб нехта меў рэцэпты ў адным месцы. Калі ён прыгатуе нават адзін рэцэпт, то гэта і так будзе крок у бок здаровага харчавання.
Без цукру, але са смакам. Пытаемся, ці цяжка гатаваць без цукру? Ці ў кнізе рэцэптаў цукар прапануецца чымсьці замяніць, а можа і цалкам яго пазбягаць?
- Вядома, што нам цукар патрэбны. Але цукру дастаткова ў розных прадуктах. Таксама, калі мы харчаваліся вялікай колькасцю цукру, то цуду не будзе, што мы адкрыем кнігу і пачнем. Не. Дадаткова гэта вялікая псіхалагічная праца. Тут трэба рабіць малыя крокі. У кнізе ў некаторых дэсертах цукар заменены ягадамі, недзе тушаныя яблыкі, недзе пюрэ з банана. У некаторых стравах гэта будзе сапраўдны, добры мёд. І пачынаць трэба павольна. Калі мы ўжывалі 150 гр цукру, то паспрабаваць замяніць яго на 80 г мёду. Так, гэта шмат, але гэта ўжо лепей, бо ў мёдзе будуць карысныя рэчы. У кнізе я напісала, што гэта пачатак, а потым можна рабіць мадыфікацыю. Зменшыць з 80 г да 30 г, але толькі павольна. Калі зрабіць гэта адразу, то будзе нясмачна. А рэцэпты сняданкаў, абедаў, падлівак, то там усё без дадатку цукру.
Алеся прызнае, што сама прайшла трансфармацыю ў падыходзе да здаровага харчавання. Яна кажа, што гэта псіхалагічная праца не аднаго дня.
Алеся марыць дагрукацца да людзей, якія пакуль не харчуюцца згодна з правіламі здаровага харчавання. У першую чаргу гэта людзі ў сталым узросце са сваімі шматгадовымі звычкамі.
- Я заўважыла, што веды сталых людзей пра здаровае харчаванне вельмі мінімальныя. Калі ім кажаш, што ў дзень трэба есці 800 гр садавіны, то яны думаюць: насмажу бульбы. Вельмі цяжка рабіць для іх адукацыю. Там патрэбны больш псіхалагічны падыход. Ці калі ёсць магчымасць, то проста падсоўваць ім талерку з садавіной. Мне б хацелася зрабіць серыю кніг пра харчаванне пры розных хваробах: і шчытападобная залоза, халестырын, астэапароз, анемія.
Запрашаем слухаць поўную размову з Алесяй Княжэвіч у далучаным гукавым файле. Алеся расказвае пра восеньскі рацыён, а таксама пра кнігу калядных рэцэптаў, якая сёлета выйдзе ў мадыфікаванай, больш карыснай для здароўя версіі.
ав