Беларускі музыка, этнограф, выкладчык і заснавальнік культурнага руху «Спеўны Сход» Сяргей Доўгушаў ужо некалькі гадоў жыве па-за межамі Беларусі, але працягвае захоўваць і развіваць традыцыйную беларускую культуру. Пра тое, што для яго цяпер найбольш важна, як выглядае беларускае жыццё ў эміграцыі і чаму нават далёка ад радзімы можна адчуваць сябе беларусам — у гутарцы з нашым карэспандэнтам.
— Сяргей, у вас такое шырокае кола дзейнасці. Што вы самі з усяго гэтага вызначылі б як найбольш значнае?
— Цяжка адназначна адказаць. Вось сёння — гэта канцэрт «Касароў» — тое, ад чаго атрымліваю асалоду. Спачатку гэта быў проста праект мужчынскіх спеваў, я нават не думаў, што створыцца гурт. Але справа пайшла далей — цяпер ёсць гурт «Касары», з якімі мы гастралюем, выступаем. А калі ў «Доме творцаў» узнікаюць грунтоўныя праекты — цяпер, напрыклад, рыхтуецца беларуска-польскі мастацкі пленэр з удзелам вядомых мастакоў з Польшы і Беларусі — гэта таксама значныя моманты. І, урэшце, мая сям’я, мая маленькая дачушка — мабыць, самы важны мой «праект».
— Складаецца ўражанне, што шмат беларускіх інтэлігентаў з’ехалі з краіны. У вас няма такога адчування?
— Большасць, думаю, сапраўды пераехала, калі казаць пра музыкаў і творцаў. Але ёсць тыя, хто прынцыпова застаецца ў Беларусі. Часам іх творчасць забаронена, яны хаваюцца і не могуць пакінуць краіну. Складанасць у тым, што за мяжой мы вельмі раскіданыя. Ведаю добрых музыкаў, якія пераехалі ў ЗША — гэта яшчэ далей. Тыя, хто ў Польшчы, трымаюцца разам, камунікуюць, і ёсць адчуванне, што ўсе мы побач. Цэнтр — Варшава, горад Мінск. У Вільні таксама жыве беларуская культура, адбываюцца фальклорныя імпрэзы.
А мая актыўнасць цяпер больш у выдавецкай сферы. У 2025 годзе выйшла кніга, якую я сам укладаў, — «Беларускія калыханкі». Хутка з’явяцца яшчэ дзіцячыя кніжкі з гэтай серыі, а таксама кніга пра беларускіх лірнікаў — на аснове маёй магістэрскай працы. Акадэмію навук я не скончыў, але вырашыў: калі не змагу яе абараніць, няхай гэта будзе кніга, якую ўсе змогуць прачытаць.
— У замежжы адбываецца шмат беларускіх культурніцкіх імпрэзаў. Але ж нешта робіцца і ў самой Беларусі. Ці ёсць паміж гэтым сувязь?
— Агульнае — гэта ўсведамленне сябе часткай народа, часткай беларускай сям’і. Многія беларусы ў свеце менавіта ў эміграцыі пачынаюць глыбей разумець, што яны беларусы, пераходзяць на родную мову. Мне часам здаецца, што мы — як раскіданыя па астраўках, і трэба човен, каб пераплываць з аднаго на другі. Але, дзякуючы інтэрнэту, мы ўсё адно застаёмся на сувязі: можна паслухаць новыя альбомы, пабачыць, што адбываецца ў Беларусі і ў Еўропе. І я ўпэўнены, што нават кнігі, прызнаныя ў Беларусі «экстрэмісцкімі», усё адно чытаюць — у электронным выглядзе. Немагчыма забараніць культуру.
— Якія беларускія праекты вы маглі б выдзеліць — і ў Беларусі, і ў эміграцыі?
— Пра некаторыя праекты ў Беларусі нельга казаць адкрыта — людзі баяцца. Але яны ёсць: фальклорныя калектывы, абрадавыя святы, танцавальныя вечарыны. У эміграцыі таксама шмат гуртоў, якія працягваюць сваю справу. А я цяпер больш сканцэнтраваны на тым, чаго яшчэ няма: каб выйшла кніга «Беларускія калыханкі», каб яе можна было паслухаць і прачытаць; каб з’явілася кніга пра беларускіх лірнікаў.
Я ўжо чацвёрты год у эміграцыі і заўважаю: беларусаў яднаюць Купалле і Каляды. Штогод лётаю ў Амерыку — і бачу, як колькасць зацікаўленых толькі расце. Гэта становіцца сапраўдным нацыянальным брэндам.
— Як займацца фальклорам прафесійна, калі шмат спецыялістаў з’ехалі?
— Перашкоды былі заўсёды — і ў Беларусі, і тут. Мы часта настальгуем па мінулым, але і ў Беларусі было няпроста арганізаваць канцэрт па-за Мінскам: трэба было атрымаць гастрольнае пасведчанне, «на чісто русском говорить с ідеологами», каб нічога не западозрылі. А ў Польшчы ўсё проста — нават не прывыклі, што можа быць так лёгка.
Праўда, тут даводзіцца шукаць дадатковую працу, каб утрымліваць сям’ю. Я сам у ЗША працаваў у таксі. І гэта таксама досвед — каб разумець кошт грошай і тое, што творчасць — не адзінае, што ты можаш. Думаю, у эміграцыі людзі знаходзяць сваю Беларусь.
— Вы часта бываеце ў розных эмігранцкіх колах. Што вас найбольш здзіўляе і што для вас азначае эміграцыя?
— Я ўспрымаю эміграцыю як часовае прыбыванне ў іншым месцы. Калі ты прырастаеш каранямі да новай зямлі, з’яўляецца другая радзіма. Калі прымаеш месца — яно прымае цябе. А калі пастаянна думаеш, што хочаш вярнуцца, — пачынаюцца цяжкасці.
Трэба знайсці сваё месца і прыняць яго. Не ўсім гэта ўдаецца — ёсць людзі, якія не могуць сябе знайсці і для якіх лепш было б вярнуцца ў Беларусь. Мяне часам таксама ахопліваюць такія думкі. Але мяне заўсёды ратуе сям’я і справа — калі разумею, што трэба выдаць кнігу, зрабіць нешта для культуры. Гэта вяртае мяне да беларускай справы і стварае вакол тую Беларусь, якую я хачу бачыць.
Павел ЗАЛЕСКІ
Слухайце далучаны гукавы файл