Беларуская Служба

Увага на ашуканцаў. Эксперты папярэджваюць пра фальшывыя інтэрнэт-крамы

28.11.2025 13:25
На працягу апошніх гадоў CERT Polska фіксуе ўсё больш злачынстваў, звязаных з стварэннем фальшывых інтэрнэт-крамаў.
Пакупкі праз інтэрнэтshutterstock.com

Каб заваяваць давер кліентаў, кіберзлачынцы выкарыстоўваюць лагатыпы вядомых брэндаў, прывабныя фатаграфіі тавараў і станоўчыя каментары кліентаў – папярэджвае Дзяржаўны навукова-даследчы Інстытут навуковай і акадэмічнай кампютарнай сеткі (NASK), чытаем на сайце Forsal.pl

Згодна з дакладам «E-commerce у Польшчы», апублікаваным у верасні кампаніяй Gemius, пакупкам у інтэрнэце аддаюць перавагу 78 працэнтаў палякаў. Часцей за ўсё ў віртуальную карзіну трапляюць адзенне, касметыка, кнігі, электроніка і аўтамабільныя аксесуары.

Усё больш ашуканстваў у сетцы

У 2024 годзе CERT Polska, які працуе ў структуры NASK і адказвае за маніторынг пагроз кібербяспекі на нацыянальным узроўні, прыняў амаль 1,6 тысячы паведамленняў пра фальшывыя інтэрнэт-крамы, якія прадавалі неіснуючыя тавары або выманьвалі даныя для доступу да банкаўскіх рахункаў.

Акрамя таго, CERT Polska зафіксаваў каля 14 тысяч выпадкаў выкарыстання вобразу вядомых продажных платформаў, у тым ліку Allegro і OLX.

NASK патлумачыў, што да хуткіх пакупніцкіх рашэнняў падштурхоўваюць формы маніпуляцыі, якія выкарыстоўваюць зламыснікі: ціск часу, выкліканне моцных эмоцый і злоўжыванне даверам. Кіберзлачынцы заваёўваюць давер, выкарыстоўваючы лагатыпы пазнавальных брэндаў, а таксама прывабныя фатаграфіі тавараў і станоўчыя водгукі.

Часта яны ствараюць новыя, фіктыўныя гандлёвыя сайты, якія праз кароткі час знікаюць, пакідаючы пакупнікоў без тавару і грошай. Іншы спосаб — вядзенне крамы, якая сапраўды дасылае тавары, але не адпавядае апісанню або мае значна ніжэйшую якасць.

Фальшывыя прапановы і акцыі. Як іх распазнаць

Як паведамляе NASK, з фальшывымі прапановамі і акцыямі можна сутыкнуцца ў рэкламных аб’явах у пошукавіках, электронных лістах з падробленымі прома-прапановамі, спансараваных пастах у сацыяльных сетках і ў закупных групах на гэтых платформах.

Трывогу павінны выклікаць: падазрона нізкія цэны (часам нават удвая ніжэйшыя), абмежаваныя або нетыповыя формы аплаты (напрыклад, адсутнасць магчымасці аплаціць праз BLIK), стэрэатыпныя або паўтаральныя водгукі, даданыя на працягу кароткага часу, а таксама адсутнасць поўных дадзеных пра кампанію (напрыклад, нумару NIP або адраса электроннай пошты).

Пры куплі варта праверыць адрас сайта (сімвал замка каля адраса больш не з’яўляецца гарантыяй бяспекі), уважліва прачытаць апісанне тавару і ўмовы вяртання, а таксама захоўваць пацвярджэнні здзейсненых транзакцый.

Як рэагаваць на фальшывую прапанову

Пры падазрэнні на ашуканства неабходна найперш забяспечыць бяспеку сваіх банкаўскіх рахункаў (у тым ліку праз змену даных для ўваходу), паведаміць банк і звярнуцца ў паліцыю.

Акрамя таго, варта накіраваць паведамленне ў CERT Polska.

яс