Беларуская Служба

«Жаніцьба Цярэшкі» — святочны калядны рытуал, якога вельмі не хапае сучаснай моладзі

30.12.2025 15:20
«Гэта трэба абавязкова арганізаваць у Варшаве».
Аўдыё
  • Сяржук Доўгушаў і Віялета Нікіцік распавядаюць пра беларускія калядныя традыцыі.
.    .
Ілюстрацыя. Калядны абрад "Жаніцьба Цярэшкі". Фота: omcnt.by/tradyczyjnaya-gulnya-zhaniczba-czyareshki

Этнограф, музыка Сяржук Доўгушаў амаль увесь студзень правядзе ў ЗША, дзе ладзіць калядныя святы ў асяроддзі беларусаў Амерыкі. Яшчэ перад ад’ездам мы пагутарылі з ім, а таксама яго жонкай, псіхолагам Віялетай Нікіцік. Распавядаючы пра святочны перыяд, Сяржук адзначыў, што ён працягваецца ў беларусаў да 21 студзеня, а калядная хрысціянская традыцыя шчыльна пераплятаецца з дахрысціянскай.

Сяржук Доўгушаў: Я ўжо каля 15 гадоў праводжу Каляды ў розных краінах. Цяпер мае туры часцей за ўсё ў ЗША. Буду калядаваць, некаторыя імпрэзы разам з Маляванычам – ад Сан-Францыска да Чыкага. Беларускія суполкі там вельмі аб’яднаныя, рыхтуюцца, гатуюць стравы. Напрыклад, у Сіэтле з беларускай Людмілай мы распачалі ў мінулым годзе цыкл беларускіх Вячорак – сучасны карпаратыў у традыцыйным стылі. Я вельмі цешуся, што самі беларусы ўсё могуць арганізаваць.

Віялета Нікіцік: Прыходзяць беларусы, але, калі ў кагосьці муж ці жонка з іншых народаў, яны, канешне, таксама прыходзяць. І палякі, і армяне, і ўкраінцы, і амерыканцы, кубінцы. Шмат хто.


Сяржук Доўгушаў і Віялета Нікіцік з дачушкай. Сяржук Доўгушаў і Віялета Нікіцік з дачушкай.

А ці ёсць нейкая адметнасць у амерыканскіх святах?

Сяржук Доўгушаў: Для іх агулам усё новае. У ЗША асноўныя святы – Хэлоўін, Дзень Удзячнасці. Каляды святкуюць 24-25.12, як сямейнае свята. Усюды вельмі прыгожа, дамы свецяцца, а 26-га ўжо ўсё – нават ялінкі выкідаюць. Новы год таксама так не святкуюць, як у нас.  А мы прывозім свае Каляды, студзень – гэта калядны час, знаёмства амерыканцаў з традыцыяй. Што гэта за Каза, Зорка, святочныя песні. У беларусаў вельмі глыбока спалучыліся хрысціянская і дахрысціянская традыцыі. У нас нясуць Зорку з вобразам Божай маці, а побач Каза скача. У суседніх народаў, скажам, палякаў, гэта выключна Божае нараджэнне, а ў нас цэлы святочны перыяд, які працягваецца да 21 студзеня. Скажам, ёсць абрад, які называецца “Цягнуць Каляду на дуба”, у нас на Віцебшчыне - свята “Жаніцьба Цярэшкі”. Цярэшка – бог кахання. Асноўная мэта абраду – перазнаёміць моладзь, даць маладым урокі, як сябе паводзіць, як знайсці пару.

Віялета Нікіцік: Гэта і зараз актуальна. Я бачу, як цяжка знайсці чалавека, які табе падыходзіць. Як цяжка маладым падчас спатканняў, складана раззнаёміцца. А “Жаніцьба Цярэшкі” – гэты цэлы рытуал, да ночы, нават да раніцы, цэлая містэрыя, і гэта проста весела. А калі хтосьці не спадабаўся, з кім цябе ажанілі, можа было проста збегчы. Я лічу, што зараз гэтага вельмі не хапае. Я кажу Сяржуку, што гэта трэба абавязкова арганізаваць у Варшаве.    

Цэлую размову слухайце ў далучаным гукавым файле

Размаўляла Наталля Грышкевіч

Музыка Сяржук Доўгушаў і псіхолаг Віялета Нікіцік прапануюць рэцэпт на добрыя Калядныя святы

23.12.2025 07:00
Адным з элементаў могуць стаць сямейныя рытуалы.