Беларуская Служба

1 студзеня мяняюцца правілы польскай мовы. Што новага? Тлумачым

31.12.2025 15:02
Асноўная мэта рэформы – спрашчэнне мовы і абмежаванне колькасці выключэнняў.
Аўдыё
  • 1 студзеня мяняюцца правілы польскай мовы. Што новага? Тлумачым
zdjęcie ilustracyjne
zdjęcie ilustracyjneshutterstock.com

Правілы польскай мовы абнаўляюцца ўпершыню за некалькі дзясяткаў гадоў. Моўныя новаўвядзенні ўвойдуць у жыццё з новым годам. Адпаведнае рашэнне прыняла Рада польскай мовы. Паводле філолагаў, мэта змяненняў – спрашчэнне мовы і абмежаванне колькасці выключэнняў. Што цікава, на школьных экзаменах у бліжэйшыя гады можна будзе карыстацца і старымі, і новымі правіламі. Што зменіцца ў польскай мове з 1 студзеня?

У польскай мове нацыянальнасць пішацца з вялікай літары. Для прыкладу, Polak (Паляк), Białorusin (Беларус), Niemiec (Немец). Паводле новых правіл, з вялікай літары будуць таксама пісацца назвы жыхароў горада і іншых населеных пунктаў, а таксама жыхароў гарадскіх раёнаў. Вось прыклад: Warszawianin (жыхар Варшавы), Krakowianin (жыхар Кракава), Ochocianka (жыхарка варшаўскага раёну Ахота), Mokotowianin (жыхар варшаўскага раёну Макотаў). Старыя правілы прадугледжваюць напісанне з малой літары.

А вось прыметнікі, якія ўтвораныя ад прозвішчаў, трэба будзе пісаць з малой літары. Для прыкладу, dramat szekspirowski (шэкспіраўская драма), koncert chopinowski (канцэрт музыкі Шапэна), filozofia sokratejska (філасофія Сакрата).

Будуць таксама ўведзеныя змены ў напісанні назваў месцаў і аб’ектаў у грамадскай прасторы. Так, з вялікай літары трэба будзе пісаць словы Плошча, Парк, Алея, Помнік і г.д. Прыклад: Plac Zbawiciela (Плошча Збавіцеля), Park Kościuszki (Парк Касцюшкі), Most Poniatowskiego (Мост Панятоўскага), Aleja Róż (Алея Ружаў), Pomnik Mickiewicza (Помнік Міцкевічу). Аднак слова «вуліца» будзе пісацца з малой літары, для прыкладу, ulica Marszałkowska (вуліца Маршалкоўская).

З вялікай літары таксама трэба будзе пісаць назвы аб’ектаў грамадскага харчавання, культуры, гасцініц і г.д. Напрыклад, Kawiarnia Literacka (Літаратурная Кавярна), Hotel Polonia (Гатэль Палонія), Teatr Rozmaitości (Тэатр Размаітосці), Pizzeria Napoli (Піцэрыя Напалі).

Гэта толькі некаторыя новаўвядзенні ў правілы польскай мовы.

Грамадства змяняецца, а разам з ім – і мова, гаворыць прафесар Данута Кшыжык, член Рады польскай мовы і сябра групы філолагаў, якія працавалі над рэформай. Адна з асноўных мэтаў рэформы польскай мовы – яе спрашчэнне, кажа спецыялістыка.

- Я думаю, што нам варта пачаць з таго, што мова – гэта сацыяльны канструкт. Грамадства, якое карыстаецца гэтай мовай, змяняецца. І разам з грамадствам таксама змяняецца мова. Сёння мы размаўляем крыху інакш, чым сто ці дзвесце гадоў таму, мы выкарыстоўваем іншы слоўнікавы запас. Некаторыя словы выйшлі з ужытку, з'явіліся таксама новыя. Мы выкарыстоўваем крыху іншы сінтаксіс. Калі зірнуць на асобныя словы або словазлучэнні, то цяпер мы пішам інакш, чым пісалі нашы продкі. За працэсамі, якія адбываюцца ў грамадстве, і за мовай палякаў назіраюць лінгвісты, аналізуюць інфармацыю і іх апісваюць. Часам у выніку гэтых аналізаў і назіранняў прымаюцца крокі па ўпарадкаванні і гарманізацыі існуючых правілаў, у тым ліку правілаў правапісу. Мэта такіх дзеянняў, сярод іншага, – спрасціць сістэму, спрасціць існуючыя правілы, ліквідаваць супярэчнасці або ўдакладніць існуючыя правілы.

Змяненні, уведзеныя 1 студзеня 2026 года, будуць апісаныя ў новым арфаграфічным слоўніку Рады польскай мовы. Ён будзе ўтрымліваць каля 100 тыс. слоў. Слоўнік будзе бясплатным у друкаванай, электроннай і мабільнай версіях. Публікацыя адбудзецца за сродкі Міністэрства навукі і вышэйшай адукацыі Польшчы.

У сацыяльных сетках ужо нейкія час таму пачалася інфармацыйная кампанія, прысвечаная рэформе. Так, Рада польскай мовы штотыдзень публікуе посты, якія тлумачаць адно з правіл. Дарэчы, да 2030 года на экзаменах на атэстат сталасці і пасля базавай школы будуць прымацца дзве версіі напісання – старая і новая. І толькі пачынаючы з 2031 года на іспытах будзе правільным ужыванне новай арфаграфіі.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл