Беларуская Служба

Гісторыя беларуса, які пасля турмы і страты бізнесу пачаў усё з нуля ў Польшчы

09.01.2026 06:03
У выніку за сем месяцаў працы ў выдавецтве, якое ён стварыў, выйшла сем кніг. Усе яны напісаныя эмігрантамі, некаторыя — былымі палітзняволенымі.
Аўдыё
  • Гісторыя беларуса, якія пасля турмы і страты бізнесу ў Беларусі пачаў усё з нуля ў Польшчы
Беларускія кнігіПавел Залескі/Беларуская служба Польскага радыё/polskieradio.pl/396

Пасля турмы і страты бізнесу ў Беларусі ён пачаў усё з нуля ў Польшчы. Замест страху і маўчання з’явіліся кнігі — пра 2020 год, турэмны досвед, эміграцыю і беларускую будучыню. Так у выгнанні нарадзілася выдавецтва  RozUM Media, якое працуе дзеля захавання і пашырэння беларускай культуры. 

З’язджаць было не проста, а заставацца яшчэ складаней

У Беларусі спадар Павел займаўся бізнесам і, як сам кажа, спрабаваў сябе ў розных сферах. Атрымлівалася добра, але настаў 2020 год — і ўсё змянілася.

— Потым нешта зламалася, пайшло не так. У мяне з’явіліся і асабістыя праблемы: спачатку 2020 год адчувальна адбіўся на бізнесе, а потым — на мне асабіста. Быў арышт, ператрусы і г.д. А пасля майго вызвалення ўвесь бізнес быў знішчаны. І калі скончыліся мае тэрміны ў вязніцы, а пасля яшчэ і «на хіміі», я адразу з’ехаў у Польшчу.

Суразмоўца прызнаецца, што ад’язджаць было няпроста, паколькі прысутнічалі і боязь, і трывога, і невядомасць.

— Але заставацца было яшчэ больш страшна, бо той пастаянны кантроль, пастаяннае чаканне арышту… Шмат каго з тых, хто вызваліўся, неўзабаве арыштоўвалі па другім разе. Аднавіць бізнес было немагчыма, нават уладкавацца на нармальную працу, маючы некалькі вышэйшых адукацый, таксама было немагчыма. Крымінальны артыкул — як чорная метка: нават таксаваць было праблематычна, бо асобны дазвол трэба было атрымліваць у міліцыі. І там пуста, і тут невядомасць, але мне думалася, што тут будзе трохі спакайней.

Пачаў вывучаць мову, а потым з’явіліся планы

Спадар Павел прызнаецца, што напачатку і тут яму далося няпроста, паколькі ён нічога не разумеў, мовай не валодаў, досведу вядзення бізнесу па-еўрапейску не меў. Хадзіў, прыглядаўся, і першае, чым заняўся, — пачаў вывучаць мову. А потым пачалі з’яўляцца і канкрэтныя думкі.

— Я зразумеў, што мне асабіста найперш бракуе інфармацыі пра тое, што адбывалася ў 2020 годзе і пасля, паколькі некалькі гадоў я знаходзіўся ў ізаляцыі. Ды і ў Беларусі немагчыма было нават адкрыць патрэбныя інтэрнэт-старонкі, бо гэта было небяспечна. Тут узнікла жаданне пачытаць літаратуру пра тыя часы, але колькасць кніг на гэтую тэму была невялікай. І таму я вырашыў зрабіць так, каб такая літаратура з’явілася.

— І што атрымалася?

Планы ператварыліся ў справы

— У выніку за 2025 год, за сем месяцаў актыўнай працы, выйшла сем кніг. Усе яны напісаныя эмігрантамі, некаторыя — былымі палітзняволенымі. Гэта розныя кнігі: аўтафікшн, навуковая фантастыка, публіцыстыка, але ўсе яны напісаныя беларусамі і пра Беларусь. Яны даследуюць складаныя тэмы, пра якія мала хто гаворыць: пратэсты, досвед турмы, паслятурэмны пераслед, досвед эміграцыі. Нават тая навуковая фантастыка, якую мы выдаём, — пра беларускую будучыню, філасофскія высновы пра тое, як зрабіць гэты свет лепшым.

Выдаўцом у Польшчы можа быць кожны — галоўнае жаданне і магчымасці

Выдавецтва, якое заклаў спадар Павел у эміграцыі, называецца RozUM Media. Паводле яго слоў, весці выдавецкую справу ў Польшчы можа практычна кожны жадаючы. У майго суразмоўцы быў досвед у выдавецкай дзейнасці, і, акрамя таго, як сам кажа, ён шмат чытае і мае пэўны літаратурны густ.

— Выявілася, што каб стаць выдаўцом у Польшчы, нічога асаблівага не трэба. Трэба папросту хацець і магчы. Ні экзаменаў, ні ліцэнзій, як гэта патрабуецца ў Беларусі. Выдаўцом можа стаць кожны, і гэта настолькі проста, што для мяне было дзіўна. Зразумела, што я рабіў усё на ўласныя сродкі, таму наклады кніг невялікія, але мы заўсёды можам іх дадрукаваць, калі будзе такі попыт з боку чытачоў. Напачатку папрацавалі з валанцёрамі, але якасць іх працы не задаволіла, таму давялося плаціць адмыслоўцам, каб выданні былі якаснымі.

Я чытаю кожны рукапіс сам

Яшчэ адной мэтай выдавецтва спадар Павел называе падтрымку аўтараў, якія выдаюць сваю першую кнігу. Паводле яго, буйныя выдавецтвы, як правіла, камерцыйныя і часта адмаўляюць пачаткоўцам, а ён намераны ім дапамагаць — пры ўмове, што ў кнізе ёсць пэўнае зерне.

— Я адношуся да тых выдаўцоў, якія чытаюць кожны рукапіс. Але, на жаль, бываюць выпадкі, калі даводзіцца некаму адмаўляць. Праўда, калі ў творы прысутнічае зерне, пэўная ідэя, то мы лепш змарнуем больш часу на працу рэдактараў і карэктараў, адточым стылістыку, але кніга выйдзе, бо ў ёй ёсць нешта выдатнае, унікальнае.

Пакуль гэта не бізнес: галоўнае — захаваць і памножыць нашу культуру

Што датычыць заробку на выданні беларускіх кніг, спадар Павел злёгку ўсміхаецца і кажа, што гэта няпросты і нялёгкі шлях. Хаця, паводле яго, буйныя беларускія выдавецтвы ў эміграцыі ўжо здольныя рабіць на гэтым бізнес.

— Эмігранцкая супольнасць, якая чытае кнігі, прынамсі на беларускай мове, не такая ўжо і вялікая. Вядома, калі яна будзе развівацца, то і маё, і іншыя выдавецтвы будуць больш запатрабаваныя і змогуць жыць і працаваць самастойна. Але ўжо цяпер вельмі прыемна назіраць, як эмігранты, якія ў Беларусі ніколі не размаўлялі па-беларуску, пачынаюць карыстацца мовай, купляюць беларускія кнігі, глядзяць фільмы на беларускай мове, удзельнічаюць у беларускіх імпрэзах. Гэта вельмі заўважна, і я думаю, што колькасць беларускіх чытачоў будзе расці. Падобнае было і ў гісторыі іншых краін: наша мэта — захаваць нашу культуру, памножыць яе, і яна калі-небудзь вернецца ў сваю краіну.

Хочацца, каб наступная кніга выдавалася за кошт папярэдніх

Гаворачы пра планы выдавецтва, спадар Павел падкрэслівае, што ён не абмежаваны ні ў якіх тэмах. У бліжэйшай перспектыве — выданне дзіцячых казак, кнігі пра беларускія мястэчкі і гарады, а таксама пра беларускую кухню.

— Планаў шмат, і я думаю, мы вытрымаем тэмпы. Як мінімум 10–12 кніг выйдзе ў гэтым годзе. На гэта сіл і сродкаў у мяне яшчэ хопіць, а далей пабачым. На самой справе я пакуль не лічу гэта бізнесам, але першая бізнес-мэта — выйсці на той узровень, калі наступная кніга будзе выдавацца за кошт папярэдніх. Тады гэта мяне задаволіць, і тады ўжо можна будзе думаць, дзе і як зарабляць грошы і на ўласнае жыццё.

Павел Залескі

слухайце аўдыёфайл

 

 

 

 

 

Больш на гэтую тэму: Беларусы ў Польшчы