11 сакавіка 1990 года Вярхоўны Савет Літвы — Аднаўленчы Сейм абвясціў аб аднаўленні незалежнасці краіны, анексаванай Савецкім Саюзам у 1940 годзе. Аднак Масква не збіралася выпускаць Вільню са сваіх абдымкаў. 13 студзеня 1991 года савецкія войскі штурмавалі віленскі тэлецэнтр. Тады сярод людзей, якія выйшлі да тэлевежы абараняць свабоду, заінулі 14 чалавек. Сярод абаронцаў незалежнасці Літвы былі і палякі і беларусы.
13 студзеня ў Літве адзначаецца Дзень абаронцаў свабоды (Laisvės gynėjų diena) — у гонар тых, хто загінуў у абарону незалежнасці ў 1991 годзе. 35 год таму трагічныя падзеі каля віленскай тэлевежы сталі сігналам усяму свету, што Масква не збіраецца адпускаць захопленыя ёю краіны і народы. Тады загінулі 14 чалавек і сотні былі паранены.
Адзначаючы трагічную гадавіну ў пасольстве Літвы ў Польшчы, пра гэты ўрок гісторыі расказвалі яго сведкі — літоўцы і палякі. Яны таксама адзначалі важнасць салідарнасці паміж палякамі, літоўцамі і ўкраінцамі ў кантэксце сучаснай агрэсіі Расіі супраць Украіны.
Праз 35 гадоў пасля трагедыі студзеня 1991 года ў Вільні ў сваім выступленні на памятных мерапрыемствах у Варшаве пасол Літвы ў Польшчы Валдэмарас Сарапінас адзначыў ролю палякаў у падтрымцы літоўцаў у крытычны момант іх гісторыі і салідарнасць з украінцамі, якія ўсё яшчэ абараняюць сваю незалежнасць.
— Калі вырашаўся лёс нашай дзяржавы, мы не былі адзінокія ў драматычнай барацьбе з імперыяй зла. Мы адчувалі падтрымку дэмакратычнага свету, а таксама вялікую салідарнасць польскага народа. Словы падзякі мы адрасуем дзеячам польскай «Салідарнасці», польскім сябрам, якія 35 гадоў таму былі разам з намі ў змаганні за свабоду літоўскага народа. Мы дзякуем усім палякам — у Варшаве, Кракаве, Уроцлаве, Ольштыне: усім, хто падтрымліваў Літву, калі савецкія танкі накіроўваліся да маніфестантаў пад тэлевежай у Вільні. Успаміны тых дзён сумныя, але і прыгожыя. Мы ўсе носім іх у сэрцы. Некаторыя з нас перажылі іх асабіста, іншыя ведаюць пра іх з кніг, аповедаў сведкаў або з кінакадраў. Хаця падзеі таго студзеня мы заўсёды будзем называць трагічнымі, а ахвяры ніколі не будуць забытыя, кожны год мы сустракаемся і будзем сустракацца 13 студзеня з паднятымі галовамі, бо гэта таксама дзень нашай перамогі над савецкай агрэсіяй. Усе мы добра ведаем цану свабоды, якая ніколі не даецца раз і назаўсёды. Сёння ўкраінскі народ змагаецца за сваю свабоду і за нашу. Польшча і Літва разам з партнёрамі падтрымліваюць справядлівую барацьбу ўкраінцаў і будуць падтрымліваць іх да перамогі — да вызвалення ўсіх украінскіх зямель з-пад улады расійскіх акупантаў. Я веру, што калі б зноў узнікла патрэба абараняць нашу Бацькаўшчыну — Літву, — мы былі б такімі ж моцнымі і такімі ж салідарнымі, як тады, 35 гадоў таму.
Падзеі 13 студзеня 1991 года ў больш шырокім кантэксце — шляху Літвы да аднаўлення сваёй незалежнасці ад СССР — дагэтуль вывучаюць літоўскія гісторыкі. На гэта звярнуў увагу вядомы літоўскі даследчык Рымантас Мікніс.
Рымантас Мікніс у пасольстве Літвы ў Польшчы.
Пётр Анджаеўскі, у 1991 годзе член польскага Сената, далучыўся да ініцыятывы падтрымкі Літвы, пра што падзяліўся ў сваіх успамінах на сустрэчы ў пасольстве гэтай краіны ў Варшаве. 13 студзеня 35 гадоў таму сенатар знаходзіўся ў будынку Сейма Літвы, які абаранялі гараджане і які быў умацаваны барыкадамі.
— Я правёў усю ноч у кабінеце старшыні Сейма прафесара Вітаўтаса Ландсбергіса. Да нас даходзілі звесткі, што савецкія войскі кружацца недзе паблізу. Тое, што я ўбачыў у тую ноч, — было праявай велізарнай рашучасці. Вогнішчы перад парламентам, цяжкая тэхніка вакол, узброеныя людзі: Сейм выглядаў як ваенны лагер. Мне здаецца, што тое, што тады было прадэманстравана савецкімі ваеннымі каля літоўскага парламента, было папярэджаннем. Без сумнення, сітуацыя кантралявалася Гарбачовым. Сітуацыя магла прывесці да выбуху паўстання ў Літве, якое, як меркавалася, было б падтрымана сіламі свабоднага Захаду, а таксама Польшчай. Тая ноч была вырашальнай. Палаючыя вогнішчы і людзі, поўныя рашучасці, гатовыя рызыкаваць усім дзеля незалежнасці Літвы, — гэта было надзвычай уражальнае сведчанне таго, як трэба абараняць свабоду. Я памятаю Вітаўтаса Ландсбергіса як католіка, чалавека глыбокай веры. Як католік, з фігурай Маці Божай Фацімскай на стале, ён сядзеў у поўнай засяроджанасці. Мне здаецца, што ў той момант ён звяртаўся да ўсёй сваёй унутранай сілы і як літовец і як лідар абапіраўся на сваю вельмі моцную каталіцкую веру. Усё гэта разам стварала надзвычай моцнае ўражанне. І пра гэта неабходна памятаць.
Адным са сведкаў падзей 13 студзеня 1991 года быў журналіст Рамуальд Мячкоўскі, жыхар Вільні польскай нацыянальнасці. У той час ён працаваў у польскай рэдакцыі Літоўскага тэлебачання і рэдактарам газеты палякаў у Літве Znad Wilii. Вось што тады адбывалася.
— Я жыў побач з тэлевежай, таму калі вярнуўся з працы пасля падрыхтоўкі праграмы на наступны дзень, ужо ведаў, што адбываецца. Я чуў напружанне, адчуваў яго амаль фізічна. У мяне было «добрае» месца для назірання — добрае для таго, каб глядзець, але значна горшае для бяспекі. Гэта было ўзвышша, з якога я як на далоні бачыў, як у святле пражэктараў разгортваецца трагедыя. Тады я канчаткова пераканаўся, што мы павінны перамагчы, бо людзі не баяліся спыняць танкі нават рукамі… Калі я вярнуўся дадому, пачаў шукаць хоць нейкае рэха гэтых падзей у радыё. Доўга пераключаў станцыі, пакуль адна з іх не паведаміла, што адбываецца нешта трывожнае. Недзе пад раніцу з’явілася і інфармацыя на Польскім радыё. Хачу згадаць яшчэ пра адну рэч. Пазней мы працягвалі працу як журналісты. Я атрымліваў тэлефанаванні з пагрозамі, а таксама прапановы працы ў іншых СМІ, створаных спецыяльна савецкімі органамі. Мы пратэставалі каля тэлевежы і каля месца нашай працы — будынка радыё і тэлебачання. Мы рабілі фотаздымкі: у мяне ёсць здымкі расійскіх салдат.
Рамуальд Мячкоўскі таксама адзначыў, які падзеі 13 студзеня 1991 года змянілі стыль работы журналістаў.
— Гэта таксама была форма праверкі для журналістаў, асабліва тэлевізійных, якія да таго часу працавалі, запісваючы праграмы загадзя. Аднак у той час адбыўся пералом у падыходзе да працы — праграмы сталі транслявацца ў прамым эфіры, што застаецца і сёння.
Артур Запольскі, другі сакратар пасольства Літвы ў Польшчы, запрашае на Уяздоўскія алеі ў Варшаве, дзе знаходзіцца дыппрадстаўніцтва балтыйскай краіны, каб на плоце пасольства ўбачыць выстаўку фатаграфій Рамуалдаса Пажарскіса пра падзеі 13 студзеня ў Вільні. На кадрах адлюстраваны таксама і палякі, якія ў той час падтрымлівалі літоўцаў у іх сталіцы.
— Рамуалдас Пажарскіс асабіста назіраў і паслядоўна фіксаваў ход мірнай барацьбы за свабоду. Прадстаўленая выстаўка — гэта не толькі сведчанне гістарычнага моманту, якім стаў дзень 13 студзеня, але і паглыбленае асэнсаванне чалавечага вопыту ў гісторыі.
Віктар Корбут
Слухайце аўдыё