Беларуская Служба

Больш за 5% дзяцей у польскіх школах — замежнікі 

01.02.2026 20:52
Вучні-замежнікі складаюць ужо 5,3 % усіх навучэнцаў у Польшчы — 353 тысячы з 6,7 мільёна. 
Аўдыё
  • Пра выклікі, якія гэта стварае для сістэмы адукацыі, распавядае беларускі педагог Ягор Сурскі, кіраўнік кансультацыйнага пункта пры Акадэміі добрай адукацыі ў Варшаве.
 .
Ілюстрацыйны здымак.Shutterstock/GreenOak

Паводле апошняга дакладу Цэнтра грамадзянскай адукацыі (CEO), вучні-замежнікі складаюць ужо 5,3 % усіх навучэнцаў у Польшчы — 353 тысячы з 6,7 мільёна. Яшчэ некалькі гадоў таму іх было прыкметна менш, але сёння шматкультурная школа стала не выключэннем, а нормай.

Найбуйнейшую групу складаюць дзеці з Украіны. Далей ідуць 31 тысяча беларускіх вучняў, а таксама навучэнцы з іншых краін. Замежнікі размеркаваныя нераўнамерна: у 43% школ іх не больш за дзесяць, аднак існуюць установы, дзе яны складаюць значную частку ўсяго вучнёўскага складу. У выніку больш за чатыры мільёны польскіх дзяцей штодня вучацца ў шматкультурным асяроддзі.

Пра выклікі, якія гэта стварае для сістэмы адукацыі, распавядае беларускі педагог Ягор Сурскі, кіраўнік кансультацыйнага пункта пры Акадэміі добрай адукацыі ў Варшаве.

— Маштаб прысутнасці беларускіх дзяцей у польскай школе — беспрэцэдэнтны. Гэта адлюстраванне найбуйнейшай хвалі міграцыі ў сучаснай гісторыі Беларусі. Але важна разумець: гэта не «часовая сітуацыя», а доўгатэрміновая рэальнасць, да якой адукацыйная сістэма павінна адаптавацца, — адзначае педагог.

Паводле Сурскага, ключавой праблемай застаецца адсутнасць індывідуальнага падыходу. Дзяржаўная сістэма, якая працуе з сотнямі тысяч вучняў, часта не мае дастатковых рэсурсаў, каб улічваць канкрэтныя патрэбы кожнага дзіцяці.

— Першае, што неабходна забяспечыць, — гэта хуткае і якаснае авалоданне польскай мовай. Без гэтага інтэграцыя немагчымая. Аднак не менш важнай з’яўляецца псіхалагічная падтрымка, бо дзеці нярэдка перажываюць траўму, стрэс і страту звыклага асяроддзя, — тлумачыць Сурскі.

Асобнай праблемай застаецца булінг, у тым ліку на нацыянальнай глебе. Такія выпадкі не заўсёды трапляюць у афіцыйную статыстыку, аднак могуць мець сур’ёзныя псіхалагічныя наступствы.

— Калі школа не здольная хутка і эфектыўна адрэагаваць, сям’я часта застаецца сам-насам з праблемай. У такіх сітуацыях бацькам патрэбная дакладная інфармацыя: куды звяртацца, якія механізмы абароны існуюць і як дамагацца рэакцыі з боку школы, — падкрэслівае Сурскі.

Настаўнік таксама звяртае ўвагу на тое, што дзяржаўныя праграмы міжкультурных асістэнтаў фактычна распаўсюджваюцца толькі на ўкраінскіх вучняў. Беларускія дзеці ў большасці выпадкаў застаюцца без сістэмнай падтрымкі.

— Калі мы хочам, каб гэтыя дзеці сталі паўнавартаснай часткай грамадства, у іх трэба ўкладаць ужо сёння — у мову, бяспеку, давер і стабільнасць адносін, — падсумоўвае педагог. 

Сітуацыя патрабуе не разавых захадаў, а прадуманай стратэгіі, якая ўлічвае: шматкультурная школа — гэта ўжо новая рэальнасць.

Слухайце аўдыё!

эж


Адносіны з бацькамі – часта самая складаная частка працы настаўніка, кажа сёлетняя лаўрэатка тытулу «Настаўнік года»

14.10.2025 14:01
Вучні цэняць, калі настаўнік патрабавальны да іх, але і справядлівы, кажа Настаўніца 2025 года Агнешка Копач.

«Мы стварылі культуру нянавісці» – больш за палова падлеткаў у Польшчы сутыкаецца ў інтэрнэце з хейтам і агрэсіяй

06.01.2026 11:29
Тэарэтычна, дзяцей да 13 гадоў у сацсетках няма. Аднак насамрэч кожнае другое дзіця ў Польшчы ва ўзросце 7-12 гадоў карыстаецца сацыяльнымі сеткамі.

Дарадчык Ціханоўскай абмеркаваў з прадстаўнікамі мэрыі Вільні захаванне беларускай гімназіі ў сталіцы Літвы

27.01.2026 13:57
25 студзеня пра збор подпісаў пад зваротам да гарадской рады за права дзяцей атрымліваць адукацыю на роднай мове паведаміла Асацыяцыя беларускіх бацькоў у Літве