Беларуская Служба

Як эмігранты прышчапляюць любоў да роднай мовы сваім дзецям

21.02.2026 16:32
Валоданне мовамі ўзбагачае чалавека, пашырае яго гарызонты, а таксама дазваляе захаваць сувязь з радзімай продкаў.
Аўдыё
  • Як эмігранты прышчапляюць любоў да роднай мовы сваім дзецям
       ,           ,     .
Сітуацыя становіцца яшчэ больш цікавай у змешаных сем’ях, калі дзіця з самага пачатку мае дачыненне не толькі да дзвюх, але і да некалькіх моваў.Фота: Беларуская служба Польскага радыё/https://www.polskieradio.pl/396

21 лютага ў свеце адзначаецца Дзень роднай мовы. Гэтае свята актуальнае не толькі для моваў, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення, але і для сем’яў мігрантаў, у якіх бацькі імкнуцца перадаць дзецям, народжаным на чужыне, мову і культуру продкаў.

Выхаванне дзяцей у беларускім духу і па-беларуску ў самой Беларусі ва ўмовах русіфікацыі грамадства і дзяржавы было вялікім выклікам для бацькоў. Дык што ўжо казаць пра такі падыход у эміграцыі. Аднак, як ні парадаксальна, у выгнанні гэтая задача часам можа быць нават прасцейшай для выканання. Пра гэта ў Дзень роднай мовы нам распавёў журналіст тэлеканала «Белсат», малады бацька Вітаўт Сіўчык.

«Тое, што мы ўсё яшчэ святкуем Дзень роднай мовы, азначае, што да нармальнасці нам яшчэ ісці і ісці», — разважае журналіст тэлеканала «Белсат» і малады бацька Вітаўт Сіўчык, які разам з жонкай выхоўвае малую дачушку ў Польшчы.  На яго думку, мова павінна быць настолькі натуральнай, каб не патрабаваць асобнага свята. «Палякі не задумваюцца, на якой мове размаўляць з дзецьмі. Яны проста жывуць у сваёй мове. І мне хочацца, каб для беларусаў калісьці было гэтаксама».

Ягоная дачка пакуль яшчэ не гаворыць. Але ў доме Сіўчыкаў беларуская гучыць штодня, бо для іх гэта натуральна. «Мы не робім з гэтага подзвігу. Мы проста жывём па-беларуску. І яна гэта чуе», — кажа ён. Бацькі чытаюць малечы беларускія кнігі, размаўляюць з ёй па-беларуску. «Калі я бачу, як яна ўсміхаецца на гукі нашай мовы, я разумею: усё недарэмна. Мова — гэта не толькі словы. У нашым рэгіёне мова дагэтуль вызнвае нацыянальную прыналежнасць, хто бы што не казаў».

Вітаўт прызнаецца: у эміграцыі парадаксальна прасцей быць паслядоўным. «Тут ты ясна разумееш, хто ты і што хочаш перадаць дзіцяці. Польскую яна вывучыць у садку. Англійскую — у школе. А вось беларускую без нас — не».

Для ўкраінкі Дар’і, якая выхоўвае трохгадовага сына разам з мужам-беларусам у Польшчы, мова — таксама пра асабісты выбар. «Я хачу, каб сын ведаў, што ягоная мама з Украіны. Каб разумеў, чаму частка сям’і была вымушаная з’ехаць. Я не ведаю, ці ён будзе адчуваць сябе беларусам, украінцам, ці палякам, але дзякуючы валоданню маёй роднай мовы і роднай мовы мужа, у сына будзе большы выбар у будучыні», — кажа яна.

Больш за тое, беларуская стала для яе асабістым адкрыццём. Украінка навучылася чытаць па-беларуску, купляе беларускія дзіцячыя кнігі, спрабуе размаўляць. «Гэта патрабавала намаганняў, але мне самой стала цікава», — прызнаецца яна.

Валоданне мовамі ўзбагачае чалавека, пашырае яго гарызонты, а таксама дазваляе захаваць сувязь з радзімай продкаў. У першую чаргу гэта важна для бацькоў, але адначасова пашырае магчымасці выбару для дзіцяці ў будучыні.

Слухайце аўдыё!

эж

 

эж


«Калі вы размаўляеце па-расійску, вас могуць прыйсці "вызваляць"». Беларускі музыкант пра творчасць і мову

21.02.2026 07:00
Ілля Фаляжынскі прымеркаваў прэзентацыю новага сінгла да 21 лютага – Сусветнага дня роднай мовы.