Беларуская Служба

Змены ў Правілах дарожнага руху ў Польшчы — правы кіроўцы можна страціць нават на 5 гадоў

03.03.2026 16:26
Трэцяга сакавіка ўступілі ў сілу новыя Правілы дарожнага руху. З усіх змен у ПДР найбольш важныя тыя элементы, якія тычацца наступстваў перавышэння хуткасці, а таксама прынцыпаў для маладых кіроўцаў.
Аўдыё
.  .
ДТЗ. Ілюстрацыйны здымак.KPP Bartoszyce

Важнейшая змена ў Правілах дарожнага руху заключаецца ў тым, што за перавышэнне хуткасці на 50 км/г на аднапалоснай двухбаковай дарозе па-за населенымі пунктамі вадзіцель будзе аўтаматычна пазбаўлены вадзіцельскіх правоў на тры месяцы. Акрамя таго, тыя, хто зноў парушыць гэтае правіла, будуць пазбаўлены права кіраваць транспартным сродкам на пяцігадовы тэрмін. Дагэтуль кіроўцы, якія ў чарговы раз парушалі ПДР, страчвалі свае правы на наступныя тры месяцы, а цяпер другі раз пакаранне будзе значна больш жорсткім. Чаму прынята такое рашэнне, тлумачыць намеснік міністра інфраструктуры Станіслаў Букавец (Stanisław Bukowiec).

— Чаму такая санкцыя і чаму ўводзім змены ў правілах? Таму што, паводле паліцэйскай статыстыкі, найбольшая колькасць аўтамабільных аварый, якія часта прыводзяць да смяротных вынікаў, адбываецца менавіта на лакальных дарогах - муніцыпальных, раённых і ваяводскіх, дзе дзейнічае абмежаванне хуткасці. Гэта аднапалосныя двухбаковыя дарогі, дзе хуткасць з'яўляецца найбольш распаўсюджаным фактарам трагічных аварый.

Эксперты, якія прафесійна займаюцца пытаннямі бяспекі дарожнага руху, высока ацэньваюць гэтыя змены. Аднак, пры гэтым, па словах Лукаша Збаральскага (Łukasz Zboralski), галоўнага рэдактара ​​вэб-сайта BRD24.pl (Bezpieczeństwo Ruchu Drogowego – Бяспека дарожнага руху), некаторая незадаволенасць застаецца.

— У нас у Польшчы маглі б увесці зразумелае, простае правіла, якое дазваляе пазбаўляць кіроўцаў правоў за перавышэнне хуткасці больш чым на 50 км/г усюды. Аднак урад вельмі старанна выключыў з гэтага правіла аўтамагістралі і хуткасныя дарогі. Себасцьян М. ды іншыя падобныя да яго, пакуль яны не стануць прычынай аварыі, змогуць ездзіць з хуткасцю 300 км/г па хуткасных дарогах і аўтамагістралях. І не страцяць сваіх правоў, нават у выпадку затрымання. Яны атрымаюць толькі штраф. Аднак той факт, што мы аўтаматычна пазбавім вадзіцельскіх правоў тых, хто ездзіць надта хутка па-за населенымі пунктамі, гэта, безумоўна, добрае новаўвядзенне.

Себасцьян М., - кіроўца, абвінавачаны ў ДТЗ на аўтамагістралі А1, у якой загінула сямейная пара з 5-гадовым сынам. Цяпер ідзе суд над чалавекам, які стаў прычынай страшнай трагедыі, калі ехаў па дарозе з хуткасцю звыш 200 кіламетраў у гадзіну. Не выключана, што яму ўдасца пазбегнуць адказнасці.

Пазбаўленне правоў кіроўцы за значнае перавышэнне хуткасці ў ненаселенай мясцовасці - гэта не адзінае змяненне, якое ўступае ў сілу 3 сакавіка. Пачынаючы з гэтага дня, маладыя людзі ўжо з 17 гадоў змогуць падаць заяву на атрыманне правоў катэгорыі B (здаўшы, канешне, іспыты). Пры гэтым дадзенае прывіла будзе ўтрымліваць пэўныя абмежаванні, – дадае намеснік міністра інфраструктуры Станіслаў Букавец.

— Таму што гэтыя маладыя кіроўцы павінны будуць вадзіць машыну пад наглядам вопытнага кіроўцы, які мае правы не менш за пяць гадоў. Да таго часу, пакуль ім не споўніцца 18 гадоў. Ідэя заключаецца ў тым, каб лепш падрыхтаваць гэтых маладых кіроўцаў да таго, што іх чакае на дарозе.

Акрамя таго, маладыя кіроўцы будуць праходзіць выпрабавальны тэрмін. На працягу гэтага перыяду, у прыватнасці, будзе дзейнічаць прынцып абсалютнай цвярозасці - ліміт утрымання алкаголю ў крыві 0 праміле, а перавышэнне 12 штрафных балаў прывядзе да неабходнасці прайсці спецыяльную падрыхтоўку. Ёсць таксама змены для фермераў, у тым ліку павелічэнне дазволенай хуткасці трактароў з 30 да 40 км/г. Канешне, гаворка ідзе не пра рух трактароў у полі, а на дарозе агульнага карыстання.

Паліцыя абяцае жорстка ўзяцца за тых, хто перавышае хуткасць больш чым на 50 км/г па-за населенымі пунктамі на аднабаковых дарогах. Па словах намесніка інспектара дарожнага руху Роберта Опаса з Упраўлення дарожнага руху Галоўнага ўпраўлення паліцыі, дарожная паліцыя падрыхтаваная да новаўвядзення. Ён прывёў статыстыку за мінулы год. Здарылася 4278 аварый па прычыне перавышэння хуткасці. Гэта крыху менш (на 9), чым годам раней. Аднак найбольш скарацілася колькасць самых трагічных аварый. Статыстыка зафіксавала 536 смяротных ахвяр, што на 102 менш, чым у 2024 годзе.

Інспектар Роберт Опас нагадаў пра яшчэ адну змену, якая ўступіла ў сілу 3 сакавіка. Гаворка ідзе пра забарону на кіраванне дзецьмі да 13 гадоў электрычным самакатам або іншым асабістым транспартным сродкам.

Першая Праграма ПР/PAP/нг