Адна польская народная прыказка гаворыць, што «Бусел на хвасце прыносіць ластаўку» (bocian na ogonie jaskółkę przynosi). Яна абазначае, што буслы вяртаюцца з зімоўкі раней за ластавак. Сапраўды, так і ёсць. Паводле назіранняў, белыя буслы ў вялікай колькасці зʼяўляюцца ў Польшчы ў другой палове сакавіка. Гэта таксама супадае з народнай прымаўкай: «На Дабравешчанне (25 сакавіка) бусел стане на сваё гняздо» (Na Zwiastowanie bocian na gnieździe stanie).
Усё ж першыя буслы паяўляюцца раней. У гэтым годзе ўжо 25 лютага ў інтэрнэце распаўсюдзілася навіна, што Крутэк — белы бусел з Крутыні — ужо прыляцеў у Польшчу. Падрабязная інфармацыя пра яго прылёт вядомая дзякуючы GPS-перадатчыку, які закладзены на птушцы.
Прылёт буслоў, жураўлёў і гусей лічыцца адной з першых прыкмет сапраўднай вясны. Буслы ўжо прыляцелі ў Падляскае ваяводства. Іх можна ўбачыць у Ягадніках каля Гайнаўкі і Нэтце Другой каля Аўгустова. Першы бусел таксама прыляцеў у Ракаў каля Ломжы.
— Бусел ужо ёсць. Прыляцеў у гняздо да суседа два дні таму. Прыляцеў галодны, а на лугах пуста. Ён хадзіў у мяне па агародзе, я вынес яму ежы. Сёння таксама збіраюся, пайду ажно ў поле яму занясу. Я люблю буслоў, — гаворыць мясцовы жыхар.
Гэты час для буслоў складаны, гаворыць дырэктар ландшафтнага парку каля Ломжы Марыюш Сахмаціньскі:
— У нядзелю прыляцеў першы бусел, стомлены. Увесь дзень стаяў практычна ў адным месцы. Калі яны прылятаюць, то спачатку не думаюць пра ежу. А з доступам да харчавання — праблема. Цяпер пасля такога патрабавальнага палёта яны павінны будуць прыйсці ў сябе, прайсці адаптацыйны перыяд. У сваю чаргу на лугах, асабліва ў вільготных месцах могуць паявіцца земнаводныя.
Паводле слоў арнітолага з Валчскага лясніцтва Лешака Станкевіча, у бліжэйшай будучыні мы будзем назіраць усё больш і больш буслоў, якія вяртаюцца ў Польшчу:
— Некаторыя буслы маюць стратэгію, каб першымі вылецець з месца зімоўкі. Таму яны прылятаюць першымі. Гэта вынік таго, што многія гады вясна прыходзіць раней, прыходзіць хваля цёплага паветра і буслы ляцяць з зімовак. У сваю чаргу аказваецца, што не ўсе буслы зімуюць у Афрыцы. Некаторыя нашы буслы зімуюць у Грэцыі ці басейне Міжземнага мора. То бок ім не трэба ляцець з Афрыкі, а значыць ім бліжэй да нас. Цяпер прыйшла гэтая хваля цёплага паветра, а з ёй і птушкі. Першыя буслы ўжо ў Польшчы.
Прафесар Пётр Траяноўскі з Познаньскага ўніверсітэта прыродазнаўчых навук стрымлівае энтузіязм, падкрэсліваючы, што гэта не асноўны прылёт птушак з раёнаў Афрыкі. Найбуйнейшая хваля звычайна прыпадае на мяжу сакавіка і красавіка.
Мы ўсе чакаем гэтага вясновага сігналу буслоў, але справа больш складаная, тлумачыць арнітолаг:
— Частку птушак перазімоўвалі людзі. Частка не змагла паляцець у вырай з-за праблемаў са здароўем. Яны хутчэй паяўляюцца на гнёздах. А ёсць і тыя, хто не ляціць у Афрыку, а застаюцца зімаваць у Турцыі ці ад Балгарыі да Ізраілю.
У Варміі і Мазурах зафіксавана амаль дзесяціпрацэнтнае павелічэнне папуляцыі белага бусла. Апублікаваныя вынікі апошняга агульнанацыянальнага перапісу гэтага віду, які праводзіцца кожныя дзесяць гадоў Польскім таварыствам аховы птушак.
Польская папуляцыя буслоў, разам з іспанскай, зʼяўляецца найбуйнейшай у Еўропе.
Дадзеныя паказваюць, што ў рэгіёне гняздуецца прыблізна 8000 пар буслоў, сказаў арнітолаг Кшыштаф Янкоўскі ў інтэрвʼю «Радыё Ольштын»:
— Мы праверылі каля дзевяці тысяч месцаў. Занятым гняздом мы лічым гняздо, дзе бачылі пару птушак, прынамсі на працягу чатырох тыдняў. Наша перавага вынікае з таго, што ў Іспаніі і Партугаліі, якія таксама сярод лідараў, буслы збіраюцца вакол смеццезвалак. А гэтыя звалкі ўжо ліквідуюцца, і гэты працэс будзе працягвацца.
Па ўсёй Польшчы было падлічана 45 тысяч пар буслоў. Большасць гнёздаў знаходзяцца ў паўночна-ўсходняй частцы краіны. Зніжэнне папуляцыі зафіксавана толькі ў чатырох ваяводствах, кажа арнітолаг Кшыштаф Янкоўскі:
— Толькі ў чатырох ваяводствах — Куяўска-Паморскім, Паморскім, Ніжнесілезскім і Апольскім — зафіксавана падзенне іх колькасці.
Эксперты падкрэсліваюць, што паўночна-ўсходняя Польшча застаецца адным з найважнейшых месцаў пражывання белага бусла ў Еўропе.
ав
слухайце аўдыё