Беларуская Служба

Праблема сучасных гарадоў – пазадарожнікі і пікапы. Еўропа ідзе на змаганне з імі

17.03.2026 20:03
З пачатку 21-га стагоддзя сярэдняя шырыня новых аўтамабіляў павялічылася на 11 сантыметраў.
zdjęcie ilustracyjne
zdjęcie ilustracyjne shutterstock.com/maradon 333

Папулярнасць пазадарожнікаў і пікапаў у Еўропе пастаянна расце, але павелічэнне іх памераў пачынае ствараць сур’ёзную праблему для гарадской інфраструктуры, паведамляе партал Interia.

Еўрапейскія кіроўцы ўсё часцей выбіраюць пазадарожнікі і пікапы – аўтамабілі, якія да нядаўняга часу асацыяваліся ў асноўным з амерыканскім рынкам. Такія мадэлі, як Ford Ranger і BMW X7, прыцягваюць пакупнікоў прасторнымі салонамі, высокім камфортам падарожжа і памерамі, якія даюць адчуванне бяспекі за рулём. Лондан – добры прыклад зменаў на аўтарынку, дзе лічба паркетнікаў за апошнія два дзесяцігоддзі павялічылася ў дзесяць разоў – прыкладна з 80 тыс. да больш чым 800 тыс. аўтамабіляў. Аднак эксперты па папярэджваюць, што так хуткі рост вялікіх аўтамабіляў на дарогах істотна ўплывае на штодзённае жыццё горада. Гэта прыводзіць да складанасцей з паркоўкай, большых затораў і абмежавання прасторы, даступнай для пешаходаў.

Аналіз еўрапейскага аўтамабільнага рынку таксама гэта пацвярджае. Так, згодна з ім, аўтамабілі, якія прадаюцца ў Еўропе, з кожным годам становяцца шырэйшымі. З пачатку 21-га стагоддзя сярэдняя шырыня новых аўтамабіляў павялічылася на 11 сантыметраў, прычым найбольшы рост зафіксаваны ў сегментах пазадарожнікаў і пікапаў. У выніку многія з гэтых аўтамабіляў перавышаюць стандартныя памеры парковачных месцаў, што ўскладняе іх выкарыстанне ў гарадскіх умовах.

Памер аўтамабіля таксама істотна ўплывае на бяспеку пешаходаў і іншых удзельнікаў дарожнага руху, асабліва ў шчыльна забудаваных і населеных раёнах гарадоў.

Некаторыя еўрапейскія мегаполісы ўжо ўводзяць абмежаванні на вялікія аўтамабілі. Брытанскі Кардыф стаў першым горадам, які ўвёў аплату за паркоўку ў залежнасці ад вагі транспартнага сродку. Лондан таксама разглядае падобныя рашэнні. У сваю чаргу ў Парыжы за гадзіну паркоўкі аўтамабіля, вага якога перавышае 1600 кг, трэба заплаціць 18 еўра.

Падобныя абмежаванні плануюцца і ў іншых еўрапейскіх агламерацыях. Так, Нідэрланды і Бельгія разглядаюць магчымасць увядзення дадатковых аплатаў за габарытныя транспартныя сродкі, а ў Амстэрдаме паркетнікам увогуле забаранілі ўезд у цэнтр горада.

вс