Беларуская Служба

Вялікая польская эміграцыя. Адкуль у свеце ўзялася «Палонія»

02.05.2026 07:53
Паводле ацэнак экспертаў, па-за межамі Польшчы жыве каля 18–20 млн палякаў і асоб польскага паходжання. Адказваем адкуль яны там узяліся.
Аўдыё
  • Вялікая польская эміграцыя. Адкуль у свеце ўзялася «Палонія»
Этнічныя палякі ў ЗША Фота: Shutterstock/Roberto Galan

Бурлівая гісторыя прывяла да таго, што Польшча мае адну з найбуйнейшых дыяспар сярод развітых краін. З ХІХ стагоддзя масы палякаў пакідалі радзіму, баючыся рэпрэсій або шукаючы лепшага жыцця.

2 траўня адзначаецца Дзень палякаў замежжа (Dzień Polonii i Polaków za Granicą). Паводле ацэнак экспертаў, па-за межамі Польшчы жыве каля 18–20 млн палякаў і асоб польскага паходжання. Адкуль яны там узяліся?

Пачаткі польскіх дыяспар за мяжой звязаныя з палітычнымі падзеямі, якія ўзрушылі Польшчу на мяжы XVIII і XIX стагоддзяў. Сярод людзей, што былі вымушаныя пакінуць краіну з-за страху перад рэпрэсіямі, спачатку былі прыхільнікі Барскай канфедэрацыі, а пазней — Канстытуцыі 3 траўня. Наступныя хвалі эміграцыі былі выкліканыя паражэннямі нацыянальна-вызваленчых паўстанняў — Лістападаўскага і Студзеньскага. Асаблівае значэнне мела эміграцыя пасля першага з гэтых узрушэнняў, — кажа гісторык, прафесар Яраслаў Чубаты:

— Непасрэдна пасля задушэння Лістападаўскага паўстання краіну пакінулі каля 9 тыс. чалавек, якія не ўспрынялі царскую амністыю або не былі ёю ахопленыя. Акрамя членаў нацыянальнага ўрада, дэпутатаў і афіцэраў, у эміграцыю накіравалася таксама частка шараговых жаўнераў-паўстанцаў, але тры чвэрці эмігрантаў былі шляхецкага паходжання. Большасць з іх асела ў Францыі. Меншыя супольнасці ўзніклі ў Вялікабрытаніі, Швейцарыі і Бельгіі. Былі і тыя, хто вырашыў пасяліцца ў Турцыі, Італіі або за акіянам.

Спачатку ўцекачы з Польшчы сустракаліся мясцовым насельніцтвам і элітамі з энтузіязмам, асабліва на землях Саксоніі, у іх гонар нават складаліся песні. Аднак з часам сітуацыя змянілася, працягвае прафесар Яраслаў Чубаты:

— Праз пэўны час іх пачалі ўспрымаць як нязручных гасцей. Французскі ўрад ставіўся да іх з недаверам, баючыся сувязяў польскіх эмігрантаў з тайнымі канспірацыйнымі арганізацыямі ў Еўропе. За імі быў устаноўлены паліцэйскі нагляд, іх размясцілі ў так званых «установах» у правінцыі. Эмігранты атрымлівалі невялікія выплаты ў залежнасці ад вайсковага звання або пасады.

Спачатку значная частка эміграцыі захоўвала аптымізм. Пражыванне па-за краінай успрымалася як часовая нязручнасць: разлічвалі на вялікі еўрапейскі канфлікт, які разам з новым паўстаннем прынясе палякам незалежнасць і дазволіць эмігрантам трыумфальна вярнуцца на радзіму.

З цягам часу ўсё выразней станавілася зразумела, што суадносіны палітычных сіл на кантыненце не даюць надзеі на хуткае здзяйсненне гэтых мараў. Іх месца занялі вымушанае існаванне ў правінцыйных асяродках, матэрыяльныя цяжкасці і прымусовая бяздзейнасць, асабліва балючая для звыклых да актыўнага жыцця афіцэраў і палітычных дзеячаў.

Эміграцыя пасля Лістападаўскага паўстання называецца Вялікай не з-за колькасці, а з-за свайго значэння для захавання польскай ідэнтычнасці. Ва ўмовах адсутнасці магчымасці весці палітычнае жыццё на радзіме менавіта ў эміграцыі — перадусім у Францыі — фармаваліся канцэпцыі будучыні Польшчы, — адзначаў прафесар Яраслаў Чубаты:

— Сітуацыю абвастралі натуральныя пасля паражэння палітычныя спрэчкі паміж эмігрантамі адносна мінулага і пошуку прычын няўдачы паўстання. Вялікую эміграцыю падзялілі таксама дыскусіі пра будучыню, метады барацьбы за незалежнасць і лад будучай дзяржавы. Рознагалоссі аказаліся настолькі значнымі, што не ўдалося стварыць адну арганізацыю, якая б аб’яднала ўсіх эмігрантаў. Затое лёгка ўзнікалі меншыя структуры, якія часта існавалі нядоўга.

Найбольш трывалай і арганізаванай аказалася створанае ў 1832 годзе Польскае дэмакратычнае таварыства. Яго заснавалі дзеячы былога паўстанцкага патрыятычнага асяроддзя. Ва ўстаноўчым акце таварыства сцвярджалася, што прычынай паражэння паўстання стаў эгаізм шляхты, якая не дапусціла надзялення сялян зямлёй і тым самым адштурхнула іх ад удзелу ў барацьбе. Незалежнасць можна здабыць толькі праз паўстанне з удзелам народа, які можна прыцягнуць, надаўшы сялянам зямлю. Будучая незалежная Польшча павінна быць дзяржавай свабоды і роўнасці ўсіх грамадзян.

Дзеячы таварыства перадусім імкнуліся стварыць у краіне канспірацыйныя арганізацыі, якія рыхтавалі б выбух паўстання. Іншую праграму прапаноўвалі эмігранты, згуртаваныя вакол князя Адама Ежы Чартарыйскага. Яго прыхільнікі лічылі, што Польшча павінна быць адноўлена як ліберальная парламенцкая манархія з ліквідацыяй паншчыны і надзяленнем сялян зямлёй. Чартарыйскі, у адрозненні ад іншых лідараў эміграцыі, меркаваў, што незалежнасць будзе дасягнута не толькі праз нацыянальнае паўстанне, але і ў выніку вялікага канфлікту паміж еўрапейскімі дзяржавамі, у якім дзяржавы-захопнікі пацерпяць паразу.

У сувязі з гэтым ён разгарнуў актыўную дыпламатычную дзейнасць у Англіі і Францыі, пастаянна нагадваў пра існаванне польскага пытання, прапаноўваў разведвальнае супрацоўніцтва супраць Расіі. Агенты Чартарыйскага падтрымлівалі антырасійскія рухі на Балканах, у Турцыі, а таксама на Каўказе і нават у Афганістане. Значэнне Вялікай эміграцыі не абмяжоўвалася палітычнымі дыскусіямі. Ва ўмовах рэпрэсій пасля задушаных паўстанняў у Польшчы яна стала таксама цэнтрам культурнага жыцця, які аказваў велізарны ўплыў на краіну.

Значэнне Вялікай эміграцыі не абмяжоўвалася толькі палітычнай дзейнасцю. Ва ўмовах рэпрэсій, ліквідацыі польскай вышэйшай адукацыі і русіфікацыі менавіта «на парыжскім бруку» нарадзілася сучасная польская культура. Напярэдадні паўстання краіну назаўсёды пакінуў Фрыдэрык Шапэн. Адам Міцкевіч апынуўся ў эміграцыі яшчэ да яго пачатку, Юліюш Славацкі — як эмісар паўстанцкага ўрада. Маладзейшы за іх Цыпрыян Каміль Норвід пакінуў радзіму ўжо ў часы «паскевічаўскай ночы».

Эканамічная эміграцыя ў ХІХ стагоддзі

Наступную значную хвалю эміграцыі з польскіх зямель выклікалі эканамічныя змены. Прамысловая рэвалюцыя і рост гарадоў, перш за ўсё ў Злучаных Штатах, прывялі да дэфіцыту працоўнай сілы, які супаў з прапановай у выглядзе беззямельных сялян, якіх не мог паглынуць павольна развіваючыся прамысловы сектар на польскіх землях. Найбуйнейшая хваля эміграцыі прыпала на апошнія два дзесяцігоддзі ХІХ стагоддзя.

— Калі палітычная эміграцыя пачатку ХІХ стагоддзя вымяралася тысячамі, то эканамічную трэба лічыць сотнямі тысяч. Польскія землі пакідалі найперш сяляне, — адзначае прафесар Пётр Шлянта.

Галоўным кірункам эміграцыі былі Злучаныя Штаты, куды выехала каля 1,9 млн чалавек. Яны стваралі цэлыя кварталы ў прамысловых мегаполісах, засноўвалі ўласныя гарады — таму на карце ЗША можна знайсці такія мясцовасці, як Панна Марыя (першая польская калонія ў Штатах) ці Варшава. Меншая частка эмігрантаў накіравалася ў Паўднёвую Амерыку — пераважна ў Бразілію (100–150 тыс.) і Аргенціну (каля 30 тыс.). Каля 750 тыс. палякаў шукалі лепшай долі ў Германіі. Многія з іх працавалі сезонна ў сельскай гаспадарцы, іншыя папаўнялі шэрагі работнікаў шахтаў, фабрык і металургічных заводаў у прамысловым Рурскім рэгіёне.

З 1880-ых гадоў да заканчэння Першай сусветнай вайны краіну пакінулі каля 3,6 млн чалавек. У 1894 годзе быў створаны Саюз палякаў у Германіі. У 1944 годзе польскія арганізацыі ў ЗША заснавалі Кангрэс польскай дыяспары Амерыкі.

Слухайце аўдыё! 

эж

Дзяячка таварыства «Wspólnota Polska»: У Беларусі назіраем катастрофу – абсалютна ўсё польскае выкарчавана і закапана пад зямлю

06.07.2023 14:00
Старшыня варшаўскага аддзелу таварыства «Wspólnota Polska» Агнешка Богуцка стаяла ля вытокаў польскага нацыянальнага адраджэння ў Беларусі.