Беларуская Служба

Экатурызм з місіяй. Як даследаваць самыя дзікія куткі Польшчы, дапамагаючы навукоўцам (ВІДЭА)

24.04.2026 15:30
Назіранне за маленькай птушкай можна дасканала спалучыць з адпачынкам у месцах, якія звычайна недаступныя для людзей.
Аўдыё
  • Ахова прыроды — гэта не толькі навуковая праца, але і захапляльная прыгода, якая дазваляе пабываць там, куды не вядуць афіцыйныя турыстычныя сцежкі
    . ,   2023 ,        .
Вяртлявая чаротаўка ў Заходняй Памераніі. Птушка, выпушчаная ў 2023 годзе, якая ў наступным годзе вярнулася на месца выпуску. Фота: Адрыянна Мушыньска/ архіў Польскага таварыства аховы птушак

Ахова прыроды — гэта не толькі навуковая праца, але і захапляльная прыгода, якая дазваляе пабываць там, куды не вядуць афіцыйныя турыстычныя сцежкі. Сёння мы пагаворым пра вяртлявую чаротаўку — непрыкметную птушку, выратаванне якой стала для многіх людзей унікальным спосабам бавіць вольны час.

Як выглядае валанцёрства ў самым сэрцы дзікіх балот? Чаму адсочванне гэтай рэдкай пеўчай птушкі вучыць пакорлівасці ў адносінах да прыроды? Ці ўдзел у прыродаахоўным праекце можа быць прывабнай нагодай уцячы ад мітусні паўсядзённага жыцця і каштоўна праведзеным часам?

Маладая вяртлявая чаротаўка. Фота: Малгажата Мізгальска/архіў Польскага таварыства аховы птушак Маладая вяртлявая чаротаўка. Фота: Малгажата Мізгальска/архіў Польскага таварыства аховы птушак

Вяртлявая чаротаўка або вяртлявая чарацянка (па-лацінску: Acrocephalus paludicola) належыць сям’і пеўчых птушак атрада вераб’інападобных. Дарэчы яна нагадвае вераб'я сваім памерам, прыкладна, 12-13 сантыметраў і пясочна-карычнева-бежавай афарбоўкай. Спеў вяртлявай чаротаўкі вельмі характэрны.


Posłuchaj
03:25 Спеў вяртлявай чаротаўкі.mp3 Спеў вяртлявай чаротаўкі

 

Хоць птушка можа і мала прыкметная, то мае вельмі спецыфічныя патрабаванні, калі гаворка ідзе пра асяроддзе пражывання. «Мы не пабачым яе, як бусла ці іншых птушак недзе ля дарогі. У Польшчы яе можна ўбачыць толькі ў некалькіх месцах, кажа каардынатар праекта па ахове вяртлявай чаротаўкі з Польскага таварыства аховы птушак (поль. Ogólnopolskie Towarzystwo Ochrony Ptaków) Цэзары Нашчыньскі (Cezary Noszczyński). 

— У Польшчы найбольшая папуляцыя вяртлявай чаротаўкі сустракаецца ў раёне ракі Бебжа, у прыватнасці ў Бебжанскім нацыянальным парку і яго буфернай зоне. Меншыя папуляцыі сустракаюцца, напрыклад, у Палескім нацыянальным парку і, бліжэй да мяжы з Беларуссю, на Хелмскіх карбанатных тарфяных балотах. У рамках праекта Польскага таварыства аховы птушак мы спрабуем вярнуць вяртлявую чаротаўку ў месцы гнездавання ў Памераніі, дзе яна сустракалася ўсяго яшчэ больш за 10 гадоў таму. Ёсць таксама паасобныя месцы ў Польшчы, дзе адзінкавыя птушкі гняздуюцца часта пакаленнямі. У Польшчы фіксуецца найбольшая папуляцыя вяртлявай чаротаўкі, калі казаць глабальна. Акрамя таго, вялікая папуляцыя ёсць у Беларусі, крыху меншая ва Украіне і каля некалькіх сотняў птушак у Літве, — кажа эксперт.

Вяртлявая чаротаўка патрабуе трысняговых зараснікаў і вільготных лугоў. Такія спрыяльныя ўмовы пражывання сустракаюцца там, дзе праводзіцца экстэнсіўная сельская гаспадарка, у тым ліку дзякуючы не вельмі інтэнсіўнаму скошванню або выпасу, што прадухіляе зарастанне вільготных лугоў.

Птушаняты вяртлявай чаротаўкі. Фота: Кшыштаф Калужны/архіў Польскага таварыства аховы птушак Птушаняты вяртлявай чаротаўкі. Фота: Кшыштаф Калужны/архіў Польскага таварыства аховы птушак

Птушка патрабуе вады і тут праблемай з’яўляецца не толькі засуха, але таксама адвод вады для паліву сельскагаспадарчых культур. Гэта таксама ўплывае на памер папуляцыі вяртлявай чаротаўкі, якая рэзка скарачаецца. У выніку птушка была занесеная не толькі ў Чырвоны спіс міжнароднага Звязу аховы прыроды, але і ў нацыянальныя спісы аховы, у прыватнасці таксама ў Чырвоную кнігу Беларусі.

— На ўсёй гэтай тэрыторыі, дзе пражывае вяртлявая чаротаўка, ейная папуляцыя скарачаецца. У Польшчы ў 2024 годзе мы правялі ейны агульны падлік з удзелам дзясяткаў валанцёраў — паспрабавалі палічыць яе вельмі дакладна. У раёне ракі Бебжа было зафіксавана каля трох тысяч спяваючых самцоў. Але ў мінулым годзе з-за даволі катастрафічнай засухі на рацэ Бебжа і дадатковых замаразкаў у траўні, вельмі мала птушак пачало размнажацца, а гэта дазваляе меркаваць, што папуляцыя значна скарацілася. Цяпер мы ацэньваем яе прыкладна ў дзве тысячы спяваючых самцоў. Я кажу пра спяваючых самцоў, таму што толькі іх можна сапраўды ідэнтыфікаваць(…) Мы таксама лічым, што некаторыя з птушак, маглі міграваць з Бебжанскага нацыянальнага парка ў іншае месца, проста шукаючы лепшых умоў для жыцця і размнажэння — гэта аптымістычны сцэнар, — лічыць суразмоўца.

Вяртлявая чаротаўка — патрабавальная птушка, а змены, якія адбываюцца ў асяроддзі ейнага пражывання — як кліматычныя, так і ў выніку больш непасрэднай дзейнасці чалавека — не спрыяюць пашырэнню папуляцыі. Між тым, Польшча нясе асаблівую адказнасць па гэтым пытанні.

— Ёсць дзве асноўныя прычыны, чаму неабходна выратаваць вяртлявую чаротаўку. Па-першае, гэта ў асноўным «польская» птушка. У цяперашні час сусветная папуляцыя вяртлявай чаротаўкі налічвае каля 11 -12 тысяч спяваючых самцоў. Уключаючы самак, можна меркаваць, што гэта ўсяго каля 20 тысяч птушак, з якіх каля 40% жыве або размнажаецца ў Польшчы. Гэта адна з прычын, чаму Польшча нясе асаблівую адказнасць за гэты від(…) Другая прычына, вяртлявая чаротаўка — гэта від-парасон, то бок пры нагодзе ейнай аховы, ахоўваюцца таксама многія іншыя віды, — заяўляе Цэзары Нaшчыньскі.

Дзеянні з мэтай аховы птушкі праводзяцца ў рамках міжнароднага праекта з удзелам літоўцаў, украінцаў, немцаў і венграў. З аднаго боку яны зводзяцца да аднаўлення месцаў традыцыйнага пражывання птушкі, а з другога да транслакацыі птушанят.

— Коратка кажучы, транслакацыя зводзіцца да перамяшчэння часткі птушанят. У выпадку Польшчы з Бебжанскага нацыянальнага парку ў іншыя спрыяльныя месцы або асяроддзі пражывання, напрыклад, у Памеранію. Дарэчы дзеянні на гэтым кірунку перасякаюцца з падобнымі мерапрыемствамі, якія тычацца нямецкай папуляцыі птушкі. У выпадку Літвы, дзе фіксуецца невялікая папуляцыя, перамяшчэнне мае перш за ўсё ўнутраны характар. У рамках гэтага праекта на наступны год таксама запланаванае транспамежнае перасяленне птушанят — з Украіны ў Германію, а праз некалькі гадоў — з Украіны ў Венгрыю. Нагадаю, што вяртлявая чаротаўка ў цяперашні час гняздуецца толькі ў чатырох краінах. Мы спадзяемся, што гэты праект значна пашырыць гэтую тэрыторыю, і што птушка таксама вернецца на нямецкія балоты, у Венгрыю, — кажа эксперт.

Транслакацыі падвяргаюцца птушаняты, якім споўнілася 6-8 дзён, то бок, калі яны ўжо часткова апярэлыя, але яшчэ не цалкам. Пры транслакацыі вельмі важны ўзрост птушанят, бо вяртлявыя чаротаўкі — гэта ж пералётныя птушакі, птушаняты якіх вельмі хутка вучацца месца свайго нараджэння, то бок даведваюцца, куды ім вяртацца пасля зімоўкі ва Усходняй Афрыцы. Між тым, сутнасць транслакацыі ў тым, каб у будучым годзе яны вярнуліся не на Бебжу, але менавіта ў Памеранію.

— Гэта не так, што мы забіраем птушанят з дзікай прыроды і выпускаем іх адразу на гэтыя памеранскія лугі. Вядома, у нас ёсць кваліфікаваныя апекуны, якія даглядаць за птушкамі яшчэ некалькі дзён пасля гэтага. Птушкі растуць, паслядоўна мяняюць сваё асяроддзе пражывання, пачынаючы са скрынак, потым пераносім іх у клеткі, а потым у вальеры, якія ўжо знаходзяцца на памеранскіх лугах. Там іх паступова выпускаюць, то бок яны павольна адаптуюцца да свайго натуральнага асяроддзя, — кажа суразмоўца.

Транслакацыі можа падвяргацца 1-2% ад бебжанскай папуляцыі, гэта прыкладна 50-60 птушанят, з якіх у мінулым годзе ў Памеранію вярнулася больш за 10. Паводле эксперта, гэта добры вынік, які дае надзею на паспяховасць усяго праекту.

Вяртлявая чаротаўка ў Заходняй Памераніі. Птушка, выпушчаная ў 2023 годзе, якая ў наступным годзе вярнулася на месца выпуску. Фота: Адрыянна Мушыньска/ архіў Польскага таварыства аховы птушак Вяртлявая чаротаўка ў Заходняй Памераніі. Птушка, выпушчаная ў 2023 годзе, якая ў наступным годзе вярнулася на месца выпуску. Фота: Адрыянна Мушыньска/ архіў Польскага таварыства аховы птушак

Між тым, у працэсе транслакацыі апрача экспертаў, важную ролю адыгрываюць таксама валанцёры.

— Для гэтага праекта валанцёры патрэбныя ў першую чаргу ў якасці бацькоў, якія шукаюць ежы, то бок насякомых для вяртлявых чаротаўкаў, бо мы кормім птушак выключна іхнай натуральнай ежай — насякомымі. Мы шукаем асобаў, якія будуць гатовыя праводзіць некалькі гадзін у дзень на навакольных лугах, мужна размахваючы энтамалагічнымі сеткамі і збіраючы насякомых, якіх мы потым уводзім у стан гіпабіёза, адбіраем і кормім імі маладых птушак, — расказвае каардынатар праекта па ахове вяртлявай чаротаўкі з Польскага таварыства аховы птушак Цэзары Нашчыньскі.

Асаблівых патрабаванняў да валанцёраў няма. Добра ўзяць пад увагу, што гэта актыўны занятак на свежым паветры. Арганізатары забяспечваюць пражыванне і харчаванне, а таксама да пэўнай сумы кампенсуюць выдаткі на праезд. Час валанцёрства: мінімум адзін тыдзень.

Гэта прывабная прапанова не толькі для асобаў, якія прафесійна цікавяцца птушкамі ці наогул прыродай, але таксама тых, хто проста хоча правесці свой вольны час актыўна, арыгінальна і адначасова карысна не толькі для гэтай унікальнай птушкі, якая зараз патрабуе нашай дапамогі, але і для ўсёй прыроды. Рэкамендуем пацікавіцца гэтым праектам.

Анна Задрожна

Больш на гэтую тэму: Запрашаем у Польшчу

Сучасная археалогія – гэта значна больш, чым традыцыйная рыдлёўка і шчотка (ФОТА)

10.04.2026 15:01
Мека археолагаў – неалітычная шахта па здабычы крэменю «Кшaмёнкі». Запрашаем пазнаёміцца з сучасным абліччам археалогіі.