Беларуская Служба

Польскія спецслужбы мяркуюць, што кітайская разведка спрабуе прасоўваць аўтарытарныя ідэі ў заходніх грамадствах

08.05.2026 15:58
Іх мэта — паўплываць на ўспрыманне Кітая польскай грамадскасцю.
.  .
Ілюстрацыя. Кітайскія сцягі. crystal51/Shutterstock

У рапарце Агенцтва ўнутранай бяспекі (ABW) аб дзейнасці замежных службаў у Польшчы, акрамя расійскай разведкі, падкрэсліваецца актыўнасць кітайскай разведкі. У якіх сферах яны асабліва актыўныя?

— Мэты кітайскай разведкі доўгатэрміновыя. Кітай дзейнічае цярпліва, сістэматычна і са шматгадовай перспектывай. Гэта не спрынт, а доўгі марш, — заявіў кіраўнік ABW палкоўнік Рафал Сырыска (Rafał Syrysko) газеце «Rzeczpospolita». — Кітайская дзейнасць грунтуецца на двух слупах. Першы — эканамічная экспансія. Кітай нарошчвае ўплыў і лабісцкую базу, выкарыстоўваючы таксама метады, характэрныя для разведвальных аперацый. Задача ABW — выяўляць і супрацьстаяць пагрозам, якія могуць падарваць нацыянальную бяспеку як у эканамічным, так і ў палітычным вымярэннях, — кажа кіраўнік ABW.

Другі слуп дзейнасці кітайскай разведкі — гэта так званая мяккая сіла, гэта значыць інфармацыйная і іміджавая дзейнасць.

— Іх мэта — паўплываць на ўспрыманне Кітая польскай грамадскасцю — у адпаведнасці з наратывам, які прасоўваюць улады краіны. Гэта ўключае, сярод іншага, распрацоўку новай, больш складанай і больш эфектыўнай платформы для прасоўвання інтарэсаў Кітая. Гаворка ідзе пра тое, каб прадставіць кітайскую палітычную і сацыяльную сістэму як прывабную альтэрнатыву ліберальнай дэмакратыі, — тлумачыць кіраўнік Агенцтва ўнутранай бяспекі.

Ці азначае гэта, што кітайская разведка спрабуе прасоўваць аўтарытарызм у Польшчы?

— Так, мы лічым, што мэта гэтай дзейнасці — прывучыць заходнія грамадствы, у тым ліку польскае, да аўтарытарнай мадэлі дзяржавы, — адказвае палкоўнік Сырыска. — Гэта не заўсёды робіцца наўпрост. Хутчэй яны не кажуць: «У нас лепшая сістэма», а ўказваюць на асобныя эканамічныя поспехі, адміністрацыйную эфектыўнасць або стабільнасць, ігнаруючы цану, якую плацяць людзі, губляючы свабоду, — адзначае суразмоўца выдання.

нг