Разам з увядзеннем карнага заканадаўства супраць адмаўлення генацыду назіраецца з’яўленне ўнікальнага феномена — судовыя працэсы супраць ужо памерлых калабарантаў, якіх абвіначваюць у здзяйсненні генацыду беларускага народу.
Гісторыкі і юрысты абмеркавалі гэтыя працэсы. Суды над мёртвымі — гэта вынік эрозіі права ў самой Беларусі, лічыць кандыдат сацыялагічных навук Аляксей Ластоўскі.
—Фактычна разбураюцца нормы, як павінны выглядаць следства і суд. Калі размываюцца крытэрыі таго, што такое гісторыя, а што такое палітыка, усё пераўтвараецца ў інструмент для развіцця прапаганды. Таму гэтыя суды, хутчэй, вынік раскладання юрыдычных працэсаў Беларусі.
Канстытуцыйны суд, ацэньваючы закон, адзначыў, што ён прымаецца адпаведна з Канвенцыяй аб прадухіленні злачынстваў генацыда, і Канвенцыяй аб непрымяненні тэрміну даўнасці да некаторых злачынстваў. Акадэмічны дырэктар Беларускага інстытута публічнай гісторыі Наталля Мацкевіч кажа, што вызначэнне паняцця генацыду не адпавядае Канвенцыі. Нельга казаць пра генацыд беларускага народа.
— Сутнасць генацыду ў міжнародным праве — гэта пакушэнне на нацыянальную, этнічную, рэлігійную групу, каб знішчыць яе як групу. У беларускім законе беларускі народ акрэслены паводле тэрыторыі пражывання былой БССР. Тут няма гаворкі пра гэтыя групы. Гэта не значыць, што ў дачыненні да беларусаў не было пакушэнняў, але гэта не злачынства генацыду. Гэта ваенныя злачынствы. Вось што не так: неграматнае трактаванне самога генацыду. Другі момант. Працэсы над мёртвымі людзьмі з пункту гледжання права — гэта нонсэнс, паколькі ніхто не адмяняў прэзумпцыю невіноўнасці.
Кандыдат гістарычных навук, сябра Беларускага інстытута публічнай гісторыі Павал Церашковіч звяртае ўвагу на вобраз, які малюе прапаганда, у прыватнасці на выказванні Вадзіма Гігіна. Ён звязвае генацыд беларускага народа з Генеральным планам «Усход».
— Гэта зводзіцца да наступнага: тое, што адбывалася на тэрыторыі Беларусі, — гэта і ёсць рэалізацыя Генеральнага плана. Калі мы вернемся да генацыду ў Канвенцыі, то там гаворыцца пра наяўнасць плана знішчэння. У Генеральным плане «Усход» змешчаны фармулёўкі, якія прадугледжваюць правядзенне сапраўднага генацыду на тэрыторыі Усходняй Еўропы. Захаваліся толькі фрагменты. Калі меркаваць толькі па ім, то гэта адзін з самых змрочных праектаў. Нагадаю, план разглядаўся як працэс пашырэння жыццёвай прасторы. Ён палягаў на тым, што тэрыторыі Усходняй Еўропы павінны быць расчышчаны дзеля каланізацыі вышэйшымі расамі. Сапраўды план прадугледжваў высылку з Украіны каля 65% украінцаў за Урал, у Беларусі лічылася, што для германізацыі прыдатныя 25% беларускага насельніцтва. План тычыўся і балтыйскіх краін. План генацыду існаваў. Пытанне: у якой ступені ён быў рэалізаваны. У балтыйскіх краінах блізка нічога не было. У Беларусі план Халакосту быў рэалізаваны. Але тое, што тычыцца беларусаў, гледзячы на практыку акупацыйнай улады, то не скажаш, што гэта была рэалізацыя плана знішчэння беларусаў, як этнічнай групы.
Павал Церашковіч кажа, што за ўсім працэсам стаіць дзяржаўная замова, калі Лукашэнка выказаўся, што яўрэі дамагліся прызнання генацыду, а беларусы не могуць? За гэтым можа стаяць ідэя рэпарацый, хоць, паводле Церашковіча, галоўны сэнс — прапаганда, а не рэальныя патрабаванні кампенсацыі. Гэта пошук знешняга ворага.
На думку Наталлі Мацкевіч, справа не ў рэпарацыях, а ва ўплыве і кантролі над грамадскай думкай.
ав
Дыскусія праводзілася Беларускім інстытутам публічнай гісторыі.