Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Стваральнік Беларускага ўніверсітэта залатога веку расказвае, як спрабавалі заахвоціць мужчын хадзіць на заняткі

15.05.2026 17:03
Па статыстыцы, больш за 90% — студэнткі. Так усюды. У беларусаў, украінцаў, палякаў часта гэтая прапорцыя яшчэ меншая.
Аўдыё
  • Гутарка з заснавальнікам Універсітэту залатога веку Вітаўтам Руднікам.
 .
Вітаўт Руднік.Фота: Беларуская служба Польскага радыё/Наталля Грышкевіч

Вітаўт Руднік быў адным з заснавальнікаў Універсітэта залатога веку ў Беларусі. Каля 15 гадоў таму адукацыйная ўстанова для сталых людзей пачала працаваць у Гродне, пазней ініцыятыву падхапілі іншыя гарады. На жаль, пасля падзей 2020 года Вітаў разам з жонкай былі вымушаныя з’ехаць з Беларусі. Яны доўга вагаліся, ці працягваць працу ўніверсітэта ў Польшчы, паколькі сітуацыя пажылых беларусаў тут значна адрозніваецца — многім прыходзіцца працаваць нават на пенсіі, здымаць кватэру, у людзей мала свабоднага часу. І ўсё ж такі ў гэтым сезоне Беларускі ўніверсітэт залатога веку запрацаваў у Польшчы — агулам у чатырох гарадах, у тым ліку ў Варшаве.

Мы спыталі ў Вітаўта Рудніка, якія тэмы перш за ўсё цікавяць удзельнікаў заняткаў. Ці яны самі прапануюць тэматыку?

— Тэмы вызначаюцца двума шляхамі. Мы правялі апытанне, у якім паўдзельнічала больш за 100 чалавек. Яны пісалі, якія тэмы ім цікавыя. Усе ўдзельнікі пісалі: беларуская мова, гісторыя і культура ды польская мова, гісторыя і культура. І рэчы, звязаныя з псіхалагічным і фізічным здароўем. Па-другое, мы арыентуемся на тэмы, якія прапануюць нашы выкладчыкі. Таму ў некаторых гарадах ёсць і тэатр, і курс для аматараў кнігі, і курс для аматараў скандынаўскай хадзьбы. Таму стараемся браць тэмы, якія цікавыя і студэнтам, і даюць магчымасць убачыць цікавых выкладчыкаў.

— Гледзячы на вашых удзельнікаў, нельга сказаць, што гэта людзі ў сталым узросце, прынамсі душой яны вельмі маладыя. Бачна, што ім яшчэ хочацца вучыцца. Як вам удаецца знаходзіць такіх энтузіястаў?

— Хочацца спадзявацца, што гэта рыса беларусаў. Нам пакуль што не ўдаецца знаходзіць шмат людзей. Хаця мы настройваліся на горшы вынік — думалі, што калі набяром па 20 чалавек у кожным горадзе, будзе выдатна. А запісалася больш за 160 студэнтаў, спадзяёмся, што пасля першага сезону будуць далучацца новыя. Мы адкрытыя таксама да людзей з іншых краін, хаця большасць заняткаў у нас на беларускай мове. Дарэчы, нашы польскія партнёры здзіўляюцца: “Гэта вашы пенсіянеры!?”. У польскія ўніверсітэты сталага веку ходзяць людзі ва ўзросце 60+. Мы больш маладыя на іх фоне.

— А якую дапамогу вам аказвае польскі бок?

— Мы ўдзячныя польскім партнёрам — як асобным людзям, так і арганізацыям, якія даюць фінансаванне. Наш універсітэт пачынаўся з трансфармацыі польскага досведу. У 2009 годзе я падгледзеў ідэю ў Уроцлаве, трансфармавалі яе ў беларускую мадэль. Да гэтага часу мы атрымліваем падтрымку ад тых людзей, з якімі мы пачыналі. У мінулым годзе нас падтрымаў Фонд адукацыі для дэмакратыі, які дапамог зрабіць даследаванне патрэб сталых беларусаў, правесці акадэмію лідараў, стварыць ініцыятыўныя групы. Дзякуючы падтрымцы мы маглі ў студзені гэтага года распачаць працу ў чатырох гарадах, хаця планавалі спачатку ў двух. Нас падтрымаў Грамадзянскі фонд (Fundusz Obywatelski), дзякуючы чаму мы маглі набыць канцтавары для заняткаў і нейкі сімвалічны перакус.

— Яшчэ адна задача — актывізаваць больш мужчын. Ці спрабавалі вы гэта зрабіць? На такія заняткі заўсёды ходзіць значна больш жанчын.

— Гэта трэнд ва ўсім свеце. Па статыстыцы, больш за 90% — студэнткі. Так усюды. У беларусаў, украінцаў, палякаў часта гэтая прапорцыя яшчэ меншая. Ёсць розныя прычыны. Некаторыя банальныя — горшае здароўе мужчын, яны менш жывуць. Жанчыны больш адкрытыя да новых ведаў, больш смелыя — гэта мае назіранні. Мы спрабавалі розныя спосабы яшчэ ў Беларусі — і клуб рыбакоў, і клуб аматараў брыджа стваралі. На брыдж не прыйшлі мужчыны, а прыйшлі жанчыны, у клуб шахматыстаў і шашыстаў прыходзілі і мужчыны, і жанчыны, але чэмпіёнкамі станавіліся жанчыны, магчыма, з-за гэтага мужчыны камплексавалі і сыходзілі. Мы стараемся, каб мужчын было больш, і як добры прыклад паказваем тых студэнтаў, якія прыйшлі да нас.

Размаўляла Наталля Грышкевіч