Значны ўнёсак у падтрымку робяць простыя палякі, якія вельмі адданыя справе дапамогі ўкраінскаму грамадству і, перш за ўсё, жаўнерам на фронце.
У Польшчы некалькі тысячаў няўрадавых арганізацыяў зьбіраюць і дастаўляюць дапамогу Украіне. Сярод іх спадарыня Тамара Радэнка (Tamara Rodenko) з Фонду «Дом палоніі на Усходзе», штаб-кватэра, якая знаходзіцца ў Харкаве, і спадарыня Аляксандра Чарнэцкая (Aleksandra Czarnecka) – прадстаўнік арганізацыі польскіх і заморскіх валанцёраў у Аполі «Pajęczyce z Opole».
Абедзве спадарыні – полькі, і абедзве вельмі актыўна дапамагаюць Украіне, якая ваюе: збіраюць дапамогу ў Польшчы, адпраўляюць, або вязуць яе асабіста ва Украіну.
Скажыце, калі ласка, пасля пяці гадоў вайны ва Украіне, як гэта выглядае: ці людзі не звыкліся з вайной, ці не стала яна для іх абыякавай, усё яшчэ хочуць дапамагаць? Якім чынам вы іх угаворваеце далучыцца?
Тамара Радэнка: Мы працуем іншым чынам: падаём праекты на гранты ў розных грантавых праграмах. Летась гэта была медыцынская праграма ад польска-амерыканскай фундацыі. Гэта была медыцынская дапамога для палякаў ва Украіне і не толькі для палякаў: яна ўключала псіхалагічную дапамогу, візіты да лекараў і амбулаторныя абследаванні для 125 чалавек, а ў 2026 годзе гэта будзе дапамога ўжо для 250 чалавек. Мы таксама супрацоўнічаем з вялікай польскай «Фундацыяй дапамогі палякам на Усходзе». Мы таксама атрымліваем дапамогу з Нарвегіі, Галандыі ад нашых калегаў, ад палякаў у замежжы – палоніі.
І гэта розныя рэчы, патрэбныя там – ва Украіне?
Тамара Радэнка: Са Швейцарыі нам далі мікраскопы для лабараторыі і абсталяванне для псіхалагічнага кабінета. А яшчэ трубы і вогнетушыцелі з Італіі для Харкава. Гэта таксама харчы, кансервы для хлопцаў на фронце, а таксама адзенне. У Люблінскім ваяводстве збіралі абсталяванне для школ пад зямлёй, бо ў Харкаве школы працуюць выключна пад зямлёй.
Спадарыня Оля, у вас няма фундацыі, у вас ёсць група «Pajęczyce z Opola» – што можна перакласці як «Павукіні з Аполя».
Аляксандра Чарнэцкая: «Pajęczyce» – гэта міжнародная група. У нас ёсць людзі з Англіі, з Германіі, але перадусім полькі і палякі з Аполя. Ужо чацвёрты год мы выплятаем маскіровачныя сеткі, робім акопныя свечкі, маем некалькі складоў, атрымліваем таксама адзенне з мясцовых пунктаў сартавання вопраткі, такую простую гуманітарную дапамогу атрымліваем ад банкаў. Супрацоўнічаем з дзвюма фундацыямі ў Аполі, якія дапамагаюць нам з вялікімі пагрузкамі. Цяпер, напрыклад, я каардыную пагрузку рыбацкіх сетак з Балтыкі.
Мы ўвогуле спецыялізуемся на дапамозе фронту. Выкарыстоўваем уласныя фінансавыя сродкі, прыватныя грошы многіх людзей з Польшчы і з-за мяжы. Апошнія два гады мы сканцэнтраваліся на куплі аўтамабіляў для жаўнераў. Асабіста дастаўляем ім кожны тыдзень па некалькі аўтамабіляў і запаўняем гэтыя машыны, бо маё галоўнае імкненне – каб гэтыя машыны не вазілі паветра. Калі ўжо мы іх запраўляем, то добра, каб яны нешта везлі: вязём ежу, сеткі. Адна жанчына ў нас пашыла сотні прыгожых дэкаратыўных падушак для жаўнераў. У нас ёсць пункт у Caritas, дзе знаходзіцца і наш склад, і рама для пляцення сетак, куды кожны дзень прыходзяць жанчыны і на пятым годзе вайны ўсё яшчэ плятуць гэтыя сеткі.
Спадарыня Оля, вы цалкам прысвяцілі сябе валанцёрскай працы?
Аляксандра Чарнецкая: Не, цяпер я настаўніца, але раней 15 гадоў кіравала кавярняй у цэнтры Аполя. Гэта было даволі вядомае месца, і гэтая кавярня мне вельмі дапамагла стварыць такую актыўную супольнасць людзей. У нейкі момант валанцёрства так разраслося, што засланіла мой бізнес, і я была вымушана пасля 15 гадоў закрыць кавярню. Але я закрыла яе менавіта для таго, каб мець больш часу для гэтых хлопцаў, якія ваююць. Я ведала, што ніхто гэтага не зробіць – не паедзе на Балтыку ад порта да порта і не будзе прасіць рыбакоў аддаваць свае старыя сеткі на фронт. Гэта была задача для мяне. (смяецца)
Сёння я магу сказаць, што наш 63-і грузавік TIR разгрузіўся ў Пшэмыслі і цяпер перагружаецца на ўкраінскі TIR. Мы плацім за паліва, шукаем кіроўцаў, нашы брыгады займаюцца лагістыкай з польскага боку. Мы добра арганізаваныя, кожны мае свой участак працы. Мы не спецыялізуемся на медыцыне, хаця ў нас у групе ёсць лекарка, якая ўсю сваю зарплату – 10 000 злотых штомесяц – перадае на закупку турнікетаў і перавязачных матэрыялаў.
У вас ёсць пастаянны склад вашых арганізацый?
Аляксандра Чарнецкая: Склад пашыраецца з кожным днём. Вось толькі што да нас далучылася дзяўчына з Гамбурга, якая вельмі дапамагла нам са зборам на пікапы. Яна кажа нам: «У мяне ёсць 10 кілаграмаў прыгожых украінскіх упрыгожанняў і розных сувеніраў з фронту – няхай яны нарэшце ўбачаць свет. Я аддам вам іх, каб дапамагчы збіраць грошы на гэты пікап». Дапамога ідзе кожны дзень. Я прыйшла ў школу выкладаць геаграфію. Настаўнік сапраўды мае шмат часу. Я магу добра рабіць і адно, і другое – у школе вучыць дзяцей, а пасля абеду займацца валанцёрствам. Вядучы бізнес, гэта было немагчыма.
Спадарыня Тамара, як выглядае дзень валанцёра? Як выглядае ваш дзень?
Тамара Родэнка: Не толькі дзень, але і вялікая частка ночы. Напрыклад, жаўнеры тэлефануюць нам і пытаюцца, калі прыйдзе Starlink. Гэта можа быць у другой ці трэцяй гадзіне ночы, калі ёсць магчымасць злучэння. Па-другое, калі нехта едзе ва Украіну, напрыклад, купіў машыну ў Германіі і едзе пусты, то нехта павінен быць на складзе, каб гэтую машыну загрузіць. І па-трэцяе, калі мы ехалі з праектам ва Украіну, то чатыры месяцы жылі ў Харкаве. Там сітуацыя сапраўды вельмі цяжкая: няма ацяплення, няма вады. Але мы павінны дапамагаць, робім усё, што можам. Возім лекі, аказваем псіхалагічную дапамогу. Людзі казалі нам, што для іх найважнейшае – гэта ўсведамленне таго, што яны не засталіся сам-насам з гэтай вайной.
Адкуль вы бераце энергію? Адкуль яе чэрпаеце, бо прайшло ўжо столькі гадоў – пяць гадоў – і ўсё яшчэ трэба працаваць на вельмі высокіх абаротах?
Тамара Радэнка: Я калісьці была выгаралая. Тэлефануе сын і пытаецца: «Што робіш?» Я кажу, што плачу, сяджу і плачу, бо я стамілася і мне сумна. А ён мне: «Але ж ты сама гэта сабе прыдумала. Ты сама сабе гэта робіш». Мне ўжо 66 гадоў, я пенсіянерка, і цяпер я гэта раблю для сябе, бо інакш у нашай сітуацыі можна страціць розум. Калі ты чымсьці займаешся, дапамагаеш іншым – тады як быццам становіцца лягчэй.
Чалавек пераключае свае думкі на нешта іншае, дзейнічае адрэналін. Оля, а ты сказала, што энергію атрымліваеш ад жаўнераў?
Аляксандра Чарнецкая: Так, але, вядома, таксама ад валанцёраў і ад украінцаў. Я страшэнная ўкраінафілка. Кожныя два тыдні туды езджу. У нас шырокія кантакты і іх усё больш. Я бачу ўсіх гэтых людзей, бачу фізічнае, часавае і фінансавае самаахвяраванне з боку ўкраінцаў. Я вельмі захапляюся ўсімі ўкраінцамі, якія дапамагаюць фронту, і менавіта гэта мяне натхняе. Я проста не ўмею быць абыякавай. Ідзе вайна, і я не магу ўявіць, што можна проста сядзець, калі ідзе вайна. Гэта наша вайна, і маё сумленне і мае веды не дазваляюць мне проста сядзець дома. Гэта не я!
Людзі, якія хочуць дапамагаць пасіўна, ахвяраваць нейкія рэчы, звычайна пытаюцца: што патрэбна? А я, апроч пытання «што патрэбна», задам яшчэ адно: «чаго НЕ трэба?» Бо часам у сацсетках з’яўляюцца паведамленні: гэтага не хочам, гэтага ў нас занадта шмат.
Аляксандра Чарнэцкая: Так, гэта так. Хлопцам на фронце патрэбныя машыны, любыя. Ім не патрэбныя кітайскія супы хуткага прыгатавання, якія туды вязуць масава. Ім патрэбны той бус, які прыехаў з гэтымі супамі. Я хачу адкрыта сказаць, што ў валанцёрстве назіраецца вельмі шмат паталогіі. Людзі вязуць рыззё і непатрэбныя рэчы за грамадскія грошы. Едуць на «ваенныя экскурсіі». Гэта неаптымальная дзейнасць. Аптымальна – прывезці дапамогу разам з аўтамабілем, бо аўтамабіль і мабільнасць – гэта перавага. Лагістыка выйграе войны! Мы ведаем гэта яшчэ з напалеонаўскіх войнаў, калі не раней.
Тамара Родэнка: Гэта праўда. Бо калі нехта прапануе пратэрмінаваныя рэчы… У нас ва Украіне ёсць прадукты, але жаўнерам часта патрэбныя лекі – ад гарачкі, ад запалення. Пасля зімы вада пайшла ў акопы: мокрая ежа, мокрыя ногі, кашаль, тэмпература. Лекі вельмі патрэбныя на фронце.
Дарагія спадарыні, я ў захапленні ад вашай адданасці, вашага вялікага сэрца. Я ведаю, што ваша дапамога будзе працягвацца да самага канца, але хачу спытаць: як вы думаеце, колькі гэта яшчэ будзе працягвацца?
Аляксандра Чарнецкая: Гэтая вайна яшчэ працягнецца, таму што цяпер у мяне просяць пра экскаватары і тэнты – гэта азначае, што будуецца новая лінія абароны. Ідуць масаваныя атакі на Украіну, кажуць, што Беларусь таксама рыхтуецца да вайны, таму не выглядае, што мы набліжаемся да канца – хутчэй, усё яшчэ больш раскручваецца.
Тамара Радэнка: Расія не лічыцца з людзьмі, у яе іх занадта многа. Яна нават не забірае целы сваіх жаўнераў з поля бою, а вагоны, у якія гэтыя целы былі загружаныя, былі разбомблены, каб яны не вярнуліся ў Расію і каб не плаціць іх сем’ям. І гэта таксама вельмі вялікая праблема.
І гэта пацверджаны факт?
Тамара Радэнка: Так, пацверджаны неаднаразова, бо ў нашай арганізацыі ёсць чалавек, які быў у камандзе, што збірала фрагменты целаў расійскіх жаўнераў у чорныя мяшкі. Гэтыя целы расіян проста ляжаць там на палях, Расія не хоча іх забіраць. А што да вайны – я не ведаю, што будзе, але мы будзем рабіць ўсё, што можна, каб яна скончылася.
Можам, напрыканцы сказаць нешта аптымістычнае?
Тамара Радэнка: Я вельмі ганаруся тым, што я полька, што магу дапамагаць, і вельмі ўдзячная ўсім, хто дапамагае, і ўсяму польскаму народу.
Аляксандра Чарнэцкая: Ад жаўнераў мы вельмі часта чуем словы ўдзячнасці: «калі б не Польшча і польскія валанцёры, невядома, якім быў бы лёс гэтай вайны». Калі вы паедзеце ў Ізюм ці пад Харкаў, то кожная другая машына там – на польскіх нумарах. І гэта таксама напаўняе гонарам, што сілай нашага народа з’яўляецца дабрачыннасць. Неверагодна, колькі людзей нават на пятым годзе вайны ўсё яшчэ ўключаныя ў дапамогу! Я раю кожнаму хоць крыху час ад часу далучацца і вы ўбачыце, што, па сутнасці, няма ў жыцці большай каштоўнасці, чым магчымасць выратаваць жыццё брату ці сястры ўсяго за 600 кіламетраў ад польскай мяжы.
Вялікі дзякуй вам за гэтыя словы – спадарыня Тамара Радэнка, Фундацыя «Дом палоніі» з Харкава, якая цяпер працуе з Польшчы і мае сядзібу ў Пулавах, і спадарыня Аляксандра Чарнэцкая, «Pajęczyce z Opola», якія плятуць сеткі для фронту, завозяць жаўнерам машыны, збіраюць дроны і займаюцца многімі іншымі справамі, каб дапамагчы ўкраінцам на вайне.
Размаўляла Яланта Смялоўская