Беларуская Служба

Мікола Дзядок: Мае кнігі — гэта інструкцыя па выжыванні

02.06.2026 12:11
Якія матывацыі ім кіравалі, калі пісаў гэтыя кнігі?
Аўдыё
  • МІкола Дзядок: Мае кнігі - гэта інструкцыя па выжыванні
Мікола ДзядокБеларуская служба Польскага радыё/Яраслаў Іванюк

Двойчы асуджаны рэжымам Лукашэнкі, двойчы прайшоў праз турмы і двойчы пасля вызвалення напісаў кнігі пра свой турэмны досвед. Для адных гэта сведчанне эпохі рэпрэсій, для іншых — важны дакумент часу і своеасаблівы дапаможнік па выжыванні ва ўмовах несвабоды.

Чаму былы палітвязень вырашыў перанесці свой турэмны досвед на старонкі кніг? Ці можа літаратура стаць формай супраціву, спосабам пераадолення траўмы і захавання гістарычнай памяці?

Пра гэта размаўляем з былым палітычным вязнем, блогерам і аўтарам кніг Міколам Дзядком.

— Шчыра кажучы, што першая кніга, што другая — яны ўжо былі ў мяне ў галаве, калі я знаходзіўся ў турме. І, выйшаўшы на свабоду, мне засталося іх толькі запісаць. Якія матывацыі мною кіравалі, калі я пісаў гэтыя кнігі? Першая, канешне, — гэта задакументаваць усё тое, што са мной адбывалася. Бо толькі дзякуючы дакументацыі мы ведаем і пра нацысцкія злачынствы, і пра злачынствы сталінізму. Дзякуючы таму, што людзі, якія выйшлі, не проста жылі ўсё астатняе жыццё з гэтай сваёй бядой і траўмай, а пайшлі і знайшлі ў сабе сілы гэта ўсё зафіксаваць. Хаця нам зараз падаецца: ну вось, СМІ пішуць пра гэта, інтэрв’ю бяруцца ў людзей. Аднак, ведаеце, СМІ, інтэрнэт — гэта ўсё такое эфемернае: сёння ёсць, заўтра знікае. А кніга — яна ўжо застанецца, скажам так, у архівах інтэлектуальнай гісторыі чалавецтва назаўсёды. Яна ўжо ёсць, і праз сто гадоў той, каму трэба, яе адкапае.

Таму дакументаваць усё, што з намі адбывалася, — гэта важна, каб ніхто не сказаў, што ніколі такога не было, і каб, магчыма, гэта магло паслужыць нейкай дапамогай нашчадкам у пабудове лепшай будучыні паводле прынцыпу: каб ніколі такое не паўтарылася.

Па-другое, гэта была мая своеасаблівая тэрапія. Каб усе гэтыя траўмы і пакуты, якія я прайшоў, калі ты іх раскладаеш па палічках, сістэматызуеш, аддаеш на суд грамадскасці ці чытачу, табе робіцца крышачку прасцей жыць з усім гэтым.

Ну і трэцяе. Я шмат пішу пра рэпрэсіўныя тактыкі і практыкі лукашэнкаўскага рэжыму. Я лічу, што гэта можа служыць пэўнай дапамогай барацьбітам, тым, хто сёння змагаецца з гэтым рэжымам, тым, хто пакутуе ад яго, і тым, хто супраціўляецца яму. Бо рэпрэсіўныя практыкі — што за кратамі, што на так званай волі — яны прыблізна аднолькавыя.

То-бок, усе мае кнігі ў пэўнай меры — інструкцыя па выжыванні, інструкцыя па супраціве.

Размаўляў Яраслаў Іванюк