Беларуская Служба

«Руіны Беларусі» — гэта кніга не пра безнадзейнасць, а пра тое, што не абавязкова быць такімі, як іншыя еўрапейскія краіны

10.06.2026 15:37
Гэта ўжо пятае выданне ў серыі архіва «VEHA».
Аўдыё
:
Фота:Беларуская служба Польскага радыё / Яраслаў Івнаюк

«Руіны Беларусі» — гэта ўнікальнае выданне, якое дакументуе матэрыяльныя і культурныя сляды беларускай спадчыны. Кнігу выдалі супольна Цэнтр беларускай культуры і Галерэя «Арсенал» у Беластоку. Яна атрымала ганаровае адзначэнне ў 66-ым Конкурсе прыгажэйшых польскіх кніг 2025 года.

Госці нашага эфіру – Леся Пчолка і Уладзімір Грамовіч — стваральнікі гэтага праекта. Яны расказваюць, як нарадзілася ідэя кнігі, як адбывалася праца па дакументаванні беларускай спадчыны, чаму архіў памяці - гэта вельмі важна, і якім быў шлях выдання ад задумы да прэстыжнай узнагароды.

Леся Пчолка: Гэта ўжо наша пятае выданне ў серыі архіва «VEHA». Мы збіраем фотаздымкі з прыватных архіваў, праводзім даследаванні і пасля прэзентуем вынікі ў выглядзе кнігі. Паколькі для архіва мы збіраем толькі лічбавыя копіі, кніга становіцца формай захавання гэтых фотаздымкаў з сямейных архіваў для будучыні. Яна таксама паказвае гісторыю Беларусі не з цэнтралізаванага і персаналізаванага пункту гледжання, а як гісторыю людзей.

Уладзімір Грамовіч: Я, як мастак, даўно працую з падобнымі тэмамі. Гэта не абавязкова выключна беларускія тэмы, але, безумоўна, менавіта беларуская сітуацыя — і ў культуры, і ў гісторыі — натхніла мяне на гэтую ідэю. Таму для мяне гэта не было складана.

Леся Пчолка: Безумоўна, гэта і метафара. Метафара пастаянных разбурэнняў беларускай культуры і спадчыны. Гэтыя разбурэнні паўтараюцца праз кожнае пакаленне, праз кожнае стагоддзе. Але, з другога боку, гэтая кніга не пра безнадзейнасць. Яна пра тое, што не абавязкова быць такімі, як іншыя еўрапейскія краіны, якія адбудоўваюць і аднаўляюць сваю архітэктурную спадчыну. Гэта кніга пра тое, што руіны таксама можна прыняць як частку сваёй адметнасці, сваёй годнасці і сваёй супольнай ідэнтычнасці, якая нас аб'ядноўвае. Таму для нас гэта хутчэй спроба прыняць тую незавершанасць, з якой мы жывём.

Слухайце ўсю размову ў далучаным гукавым файле

Яраслаў Іванюк

Фота: Фота: БСПР