Беларуская Служба

Алесь Бяляцкі: З малых гадоў трэба вучыць дзяцей правам чалавека

15.06.2026 17:12
Алесь Бяляцкі быў узнагароджаны Медалём людзям, якія робяць дабро, імя Ірэны Сэндлер, падчас сустрэчы з дзецьмі ў адной з варшаўскіх школ. 
Аўдыё
  • Беларускі праваабаронца Алесь Бяляцкі сустрэўся з дзецьмі ў школе ў Варшаве
Беларускі праваабаронца Алесь БяляцкіAdam Warżawa/PAP

У варшаўскай грамадскай школе №38 адбылася сустрэча з беларускім Нобелеўскім лаўрэатам Алесем Бяляцкім. Беларускі праваабаронца быў узнагароджаны Медалём людзям, якія робяць дабро, імя Ірэны Сэндлер. Бяляцкі зазначыў, што ў Беларусі такія сустрэчы пад забаронай ужо больш за 30 год.

Старшыня Праваабарончага цэнтру «Вясна», лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі сустрэўся з вучнямі варшаўскай школы, якія яму пісалі паштоўкі падчас яго зняволення ў лукашэнкаўскай турме. Сустрэча прайшла ў грамадскай школе №38 імя Ірэны Сэндлер. Ідэя запрасіць беларускага праваабаронцу звязана са стаўленнем дзяцей у школе да вучняў беларускага паходжання, патлумачыла сузаснавальніца школы Агнешка Матвіс.

— Наша школа – гэта ўстанова, якая рэагуе на патрэбы дзяцей і на тое, што адбываецца ў школьнай супольнасці. Некалькі гадоў таму адбыўся выпадак, які нас глыбока ўзрушыў. Нашы дзеці, нашы вучні, сказалі хлопчыку з Беларусі, што ты сябар Пуціна, бо твая краіна сябруе з Пуціным. Тады мы зразумелі, што зло таксама вынікае з таго, што дзеці шмат чаго не ведаюць. Таму, калі Алесь Бяляцкі атрымаў Нобелеўскую прэмію міру, мы запрасілі бацьку хлопчыка, беларускага журналіста, які жыве ў Польшчы, каб ён распавёў дзецям пра парушэнні правоў чалавека ў Беларусі, пра «Вясну» і пра Алеся Бяляцкага.

Пасля гэтага здарэння дырэкцыя вырашыла арганізаваць сустрэчу, калі даведалася аб вызваленні Алеся, тлумачыць Агнешка Матвіс.

— Калі мы даведаліся, што Алесь Бяляцкі быў вызвалены з беларускай вязніцы, я нясмела запытала, ці можна арганізаваць сустрэчу з Алесем Бяляцкім. І адказ быў станоўчы. Я вельмі ўзрадавалася, і таму гэтая сустрэча адбылася.

Падчас сустрэчы Алесь Бяляцкі быў узнагароджаны Медалём людзям, якія робяць дабро, імя Ірэны Сэндлер.

— Гэтая ўзнагарода была заснаваная 16 гадоў таму дырэктарамі школ, якія носяць імя Ірэны Сэндлер. Першая капітула гэтай узнагароды вырашыла адзначаць людзей, якія робяць дабро, нягледзячы ні на што. Ірэна Сэндлер вядомая тым, што ратавала габрэйскіх дзяцей з гета, а да вайны дапамагала бедным. Гэтым медалём быў узнагароджаны спадар Ежы Оўсяк, спадарыня Яніна Ахойска і сястра Малгажата Хмялеўска – людзі, якія, нягледзячы на крытыку, нягледзячы на частыя пераследы і цкаванне, працягваюць сваю працу, каб зрабіць гэты свет лепшым.

Алесь Бяляцкі зазначыў, што гэта вельмі каштоўная ўзнагарода для яго, бо правы чалавека даюць добрыя арыенціры ў жыцці.

— Усе апошнія 30-х гадоў у Беларусі немагчыма ўявіць, каб праваабаронцаў запрашалі, у навучальныя ўстановы, школы. Гэта была вельмі цёплая, прыемная сустрэча, дзеці сапраўды пісалі мне лісты мне ў турму ў Беларусі. На жаль, гэтай лісты да мяне не дайшлі. Цяпер яны мне перадалі мне свае малюнкі, і гэты вельмі каштоўны для мяне медаль. Гэта добры прыклады таго, як з малых гадоў, з самога пачатку жыцця вучыць дзяцей правам чалавека, якія даюць ім добрыя арыенціры ў жыцці, якія, абавязкова, спрацуюць. Правы чалавека гэты такая рэч, якімі трэба займацца кожнаму пакаленню, са школы. Я мару, што калісьці так будзе і ў нас, у Беларусі.

Падчас сустрэчы прагучала, што настаўніцы думалі, што калі дзеці напішуць, тады турэмнае начальства не зможа не перадаць лісты. Вы кажаце, што карэспандэнцыю не перадавалі. У чым прычына?

— Гэта ж установы, які кіруюцца правіламі цыркулярамі. Калі быў дадзены загад не даваць ліставанне ўвогуле ад нікога, нават ад родных, а да мяне не даходзілі лісты ад родных, то, што казаць пра лісты ад іншых людзей. Ім без розніцы дзеці ці не. У нас там бяздушная машына, дзе на сённяшні дзень яшчэ ўтрымліваецца ў турмах каля тысячы палітычных зняволеных.

Той факт, што прыходзілі такія лісты, ён мае значэння для палітычных зняволеных?

— У першы тэрмін, калі я сядзеў, тады дазвалялі карэспандэнцыю, мене прыходзіла вельмі шмат лістоў, фактычна з усяго свету, у тым ліку ад дзяцей з Польшчы, з Галандыі, з Беларусі. Гэта вельмі моцна падтрымлівала, вельмі моцна маральна бараніла. Гэтыя лісты – важная рэч і для тых, хто піша, не толькі для тых, хто атрымлівае, бо вучыць, што акцыі салідарнасці пачынаюцца са школы, з дзяцінства, гэта вельмі важна для выхавання.

Юры Ліхтаровіч