У выніку ўцечкі з сістэм польскіх універсітэтаў у інтэрнэце даступныя амаль 25 тысяч уліковых дадзеных карыстальнікаў, а ў саміх сістэмах абароны выяўлена 60 тысяч уразлівасцяў, пра гэта сведчаць вынікі аналізу, праведзенага экспертамі «Grant Thornton», якія публікуе «Rzeczpospolita».
Сумнавядомы рэкардсмен — адзін з буйных дзяржаўных універсітэтаў, які пацярпеў ад больш чым 1 400 выяўленых уцечак (аналітыкі наўмысна не ўказваюць, пра якую ўстанову ідзе гаворка), што можа сведчыць пра гады грэбавання бяспекай уліковых запісаў.
Паводле газеты, даследаванне выявіла больш за 70 уцечак з высокім узроўнем рызыкі. Акрамя таго, эксперты выявілі 32 уцечкі, звязаныя з рэктарамі польскіх універсітэтаў.
Асноўнай крыніцай рызыкі, паводле даследчыкаў, з'яўляюцца сеткавыя сістэмы, серверы, анлайн-сэрвісы і асяроддзі, якія выкарыстоўваюцца студэнтамі і супрацоўнікамі ўніверсітэтаў.
— Пад асаблівай пагрозай апынуліся ўніверсітэты, якія апрацоўваюць канфідэнцыйныя дадзеныя, у тым ліку медыцынскія, асабліва ўразлівыя сферы. Акрамя стандартных дадзеных студэнтаў і супрацоўнікаў, яны таксама захоўваюць інфармацыю, звязаную з клінічнай дзейнасцю, даследаваннямі і аховай здароўя, — адзначае газета.
Выданне дадае, што тэсты на пранікненне, якія выяўляюць слабыя бакі — прабелы ў сістэмах абароны ад кібератак, праводзяцца толькі 14% польскіх устаноў, у той час як менш за палову ўстаноў маюць інтэграваныя сістэмы выяўлення і рэагавання на хакерскія інцыдэнты.
PAP/аз